Як Саюзная дзяржава спансуе вываз украінскіх дзяцей у Беларусь

Праўладныя памагатыя кшталту Аляксея Талая арганізуюць цэлыя праграмы, у межах якіх адбываецца прымусовая дэпартацыя дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый.

Ілюстрацыйнае фота: «Associated Press»

Ілюстрацыйнае фота: «Associated Press»

Фонд Талая працягвае прывозіць «дзяцей Данбаса» ў Беларусь. Цяпер — у рамках «спецыяльнай рэабілітацыйнай праграмы», пад якую выдзяляе грошы так званая Саюзная дзяржава.

Чарговая група дзяцей з самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР»  пабывала ў Беларусі ў траўні. Разам з імі прыехалі бацькі — але гэта не адзіная асаблівасць. «Салідарнасць» расказвае, як была арганізаваная паездка і што беларускія чыноўнікі падрыхтавалі для рэабілітацыі дзяцей і падлеткаў, якія пацярпелі ў зоне баявых дзеянняў.

Як звязаныя «дзеці Данбаса» з Барысавам

З 8 па 24 траўня 2024 года фонд Талая прывёз у Беларусь 6 дзяцей ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў, пацярпелых ад мінна-выбуховых раненняў. З традыцыйнай фармулёўкай — «на аздараўленне». Плюс група суправаджэння: бацькі, браты і сёстры; усяго 16 чалавек.

(Яшчэ адна група дзяцей з самаабвешчанай «ДНР» з 19 траўня па 1 чэрвеня знаходзілася ў Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі, але да новага праекту яна дачынення не мае — гэта ўжо звыклая схема супрацоўніцтва фонду Талая і грамадскага аб'яднання «Дэльфіны».

Гэта першая група з новай «рэабілітацыйнай праграмы», якая, як сцвярджаюць прадстаўнікі фонду, рэалізуецца пры садзейнічанні двух высокапастаўленых чыноўніц — кіраўніцы Савета Рэспублікі РБ Наталлі Качанавай і спікеркі Савета Федэрацыі РФ Валянціны Мацвіенка.

Па праграме запланавана будаўніцтва рэабілітацыйнага цэнтра ў Стара-Барысаве (пра яго восенню 2023 года гаварыў Аляксей Талай, якому неназваныя «ананімныя дарыльнікі» перадалі былую сядзібу князёў дома Раманавых).


Глядзіце таксама

Паводле слоў Талая, над праектам «у рамках Саюзнай дзяржавы» (варта меркаваць, за кошт саюзнага бюджэту) ужо працуюць спецыялісты і цэнтр будзе створаны менавіта для рэабілітацыі «дзяцей Данбаса», хоць і «дзеці з Беларусі таксама будуць там праходзіць лячэнне». Дарэчы, і на тытульнай старонцы сайта фонду Талая з'явілася сціплая прыпіска «фонд добрых спраў саюзнай прасторы Беларусі і Расіі».

Пакуль жа цэнтр афіцыйна не адкрыўся, прымаў дзяцей і бацькоў санаторый Магілёўскага аддзялення БЧ «Дубровенка», які ўжо адзначыўся ў схеме «аздараўлення дзяцей Данбаса» ў студзені-2024. Падтрымку ў рэабілітацыі, паведаміла гомельскае аддзяленне фонду Талая, таксама аказалі «прадпрыемствы Гомеля і паўднёва-ўсходняга рэгіёна», валанцёры БРСМ, абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа.

Яшчэ адна цікавая дэталь: з дзецьмі прыехала так званая «дарадца кіраўніка ДНР па правах дзіцяці Элеанора Федарэнка». Расказвала, што траўмы дзеці атрымалі «ад ваеннай агрэсіі ўкраінскіх уладаў», што мамам рэабілітацыя і глыток мірнага паветра неабходныя не менш, чым дзецям.

І, вядома, запэўнівала, што «аздараўленне дзяцей Данбаса ў Беларусі ажыццяўляецца на законных падставах» (асабліва прыгожая гэтая фраза ў вуснах чыноўніцы, якая прадстаўляе акупацыйную адміністрацыю РФ на захопленых украінскіх тэрыторыях, «суверэнітэт» якіх дэ-юрэ не прызнаў нават беларускі рэжым).

«Адчулі сябе віп-персонамі»

Што падрыхтавалі для гасцей у якасці культурнай праграмы? Па-першае, сустрэчу з чыноўнікамі. Без прывітанняў і пажаданняў дзецям ад мясцовай адміністрацыі ніякага адпачынку і зараду бадзёрасці, мабыць, не атрымліваецца.

«Не прывыклі да такой увагі. Адчулі сябе віп-персонамі. Цудоўная дзяржава, моцны прэзідэнт, добрыя людзі», — паводле версіі «Магілёўскіх ведамасцяў», менавіта гэта сказалі «жыхары вызваленых тэрыторый» на чарговай такой сустрэчы з членам Савета Рэспублікі Ірынай Петрусевіч.

Акрамя афіцыйных сустрэч і медыцынскай рэабілітацыі — сеансаў масажу, інгаляцый, фізіяпрацэдур, — сем'ям правялі экскурсіі на Буйніцкае поле, паказалі магілёўскія прадпрыемствы, заасад, прыгожыя віды Дняпра, прывезлі ў госці расійскі ансамбль «Бабкіны ўнукі».

Школа коннага спорту, урокі плавання з бабруйскімі трэнерамі па інваспорце і асабіста Аляксеем Талаем, творчыя майстар-класы, паездка ў палац Румянцавых і Паскевічаў, выставы, канцэрты — усё гэта цікава і цалкам укладваецца ў праграму, як пафасна заявілі прапагандысцкія тэлеканалы, «канікул пад мірным небам».


Глядзіце таксама

Але. Акрамя гэтага, дзеці і падлеткі, нагадаем, з мінна-выбуховымі раненнямі і траўмамі, прынялі ўдзел у парадзе 9 мая, уключаючы салют. А яшчэ іх вазілі ў музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, дзе, улічваючы «зачысткі» сярод экскурсаводаў і музейных работнікаў — можна не сумнявацца, правялі ідэалагічна правільную экскурсію, расказаўшы і пра «генацыд беларускага народа», і пра «ўкраінскі крывавы рэжым».

І яшчэ адзін адметны пункт маршруту — Свята-Елісавецінскі манастыр у Мінску. Той самы, што падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне, манашкі якога адкрыта вядуць зборы на дапамогу салдатам войска РФ, праводзяць парады з чырвонымі сцягамі і георгіеўскімі стужачкамі і пры гэтым прымудраюцца гандляваць сваёй прадукцыяй у Еўропе.

У манастыр, запэўніваюць арганізатары, госці, якія ні разу раней не былі ў Беларусі, «папрасіліся самі».

А пад канец — Нацыянальная бібліятэка, дзе гендырэктар, прапагандыст Вадзім Гігін, асабіста правёў для дзяцей экскурсію.

Ці дзіўна, што на развітанне Алена Амельчанка з Луганска, якая суправаджала ў санаторый унука і сына, так прасяклася атмасферай «братэрскасці», што палка сказала на радасць прапагандыстам: «Паверце, вашу родную Беларусь у сэрцы звозім на Русь».

Як паведаміў Аляксей Талай, «спецыяльная праграма рэабілітацыі» — праект «знакавы і грандыёзны», а акрамя таго, доўгайграючы. Кожнага ўдзельніка арганізатары маюць намер рыхтаваць да выбару на доўгатэрміновую перспектыву: чым малады чалавек будзе займацца, дзе і чаму вучыцца. А Элеанора Федарэнка дадала, што ўжо падбірае «новыя сем'і і новыя гісторыі».

***

«Салідарнасць» спытала псіхалагіню, экс-дырэктарку Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольгу Вялічка, што яна думае пра культурную праграму «аздараўлення» ўкраінскіх дзяцей і якое дачыненне гэта мае да рэабілітацыі, як мінімум, душэўнай?

— Калі ў гэтых дзяцей ёсць бацькі — за іх адказваюць менавіта бацькі, і яны прымаюць рашэнне аб тым, каб адправіць дзяцей на «аздараўленне» ў Беларусь, — кажа псіхалагіня.

Пры гэтым бацькоўства бывае розным, нагадвае экспертка, і не ўсе любяць сваіх дзяцей, нягледзячы на ўсю ідэалізацыю вобразу жанчыны-маці. Таму падыход можа быць аўтарытарным: слухайся старэйшых і не спрачайся, ці ж, пры вонкава пазітыўнай карціне, вельмі фармальным.


Глядзіце таксама

— У бацькоў, хто адпраўляў сваіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі, маглі быць вельмі розныя матывы. Па-першае, яны маглі і на самой справе хацець, каб дзеці трохі пабылі не на тэрыторыі ваенных дзеянняў. Па-другое, маглі не разумець і не ўсведамляць, што адбываецца ў Беларусі пасля 2020 года — і рэальна верыць у тое, што дзеці паедуць на аздараўленне ў нейкі санаторый і атрымаюць у дадатак забаўляльную праграму, без усялякай ідэалагічнай падаплёкі.

Не думаю, што хтосьці загадзя паведамляў, што дзяцей павязуць, умоўна, на «лінію Сталіна» або ў Свята-Елісавецінскі манастыр.

— У дадзеным канкрэтным выпадку дзеці якраз былі з бацькамі.

— Мяркую, што і дарослыя не ўсведамляюць да канца ці не ўсведамляюць зусім, як змянілася наша краіна за апошнія 4 гады. Бо многія ўкраінцы да падзей лютага 2022 года не разумелі, што беларусаў не задавальняе, «у вас жа бацька, які не даў краіну раскрасці» і да таго падобнае. Стаўленне рэзка змянілася толькі пасля поўнамаштабнага ўварвання.

У дадзеным выпадку нават дарослыя сваякі, якія суправаджаюць дзяцей, наўрад ці разумелі, якім чынам іх прыезд будзе трактавацца і выкарыстоўвацца беларускай прапагандай. У прапагандысцкіх СМІ, як мы бачым, заяўляюць: з дзецьмі «працуюць тыя, хто ўмее лячыць душы».

— Але павезці падлеткаў, якія пацярпелі ад ваенных дзеянняў, у музей ВАВ або ў Свята-Елісавецінскі манастыр, што адкрыта падтрымлівае расійскую агрэсію, — гэта жорстка…

— Таму што тыя, хто працуе ў сферы ідэалогіі, дзейнічаюць, наколькі ім хапае розуму і кемлівасці. Для іх гісторыя Беларусі — гэта савецкі перыяд, музей ВАВ, «лініі Сталіна», «мы народ-пераможца».

І ёсць іншая опцыя: выкарыстанне рэлігіі і рэлігійных інстытуцый, каб узмацніць «духоўны кампанент». А сённяшнія рэлігійныя структуры ў Беларусі ўзаемадзейнічаюць з рэжымам, хоць, думаю, у іх і розныя матывы, але ў цэлым рэжымная ідэалогія і праваслаўная царква стаяць у адным шэрагу і падтрымліваюць інтарэсы адно аднаго.

— Тое, што беларускія чыноўнікі падрыхтавалі для «рэабілітацыі» менавіта такую культурную праграму — на ваш погляд, па недадумстве ці наадварот — з намерам?

— Думаю, яны разумеюць, што робяць. Але іх развіццё не выйшла далей за савецкі перыяд, і яны не разумеюць, што гісторыя Беларусі — не толькі пра вайну і не толькі пра савецкі перыяд. Таму ў іх і вайна — песні-скокі, салдацкая каша і да таго падобнае, і нічога лепш не прыдумляецца, таму што проста не могуць.

Вядома, для дзяцей, якія былі сведкамі бамбёжак і іншых ваенных дзеянняў, у якіх была гэтая траўма, што перайшла ў посттраўматычны стрэс — для іх экскурсіі на «лінію Сталіна», або ў музей ВАВ, або ў іншыя месцы, звязаныя з вайной, могуць стаць трыгерам.

Асабліва гэта небяспечна для траўмаваных дзяцей і падлеткаў, калі родных, блізкіх дарослых людзей няма побач і няма базавага пачуцця бяспекі — фізічнай або псіхалагічнай. Тут магчымыя розныя варыянты развіцця падзей, але, на жаль, ні аднаго добрага.

Ды і паездкі па цэрквах і манастырах, нават калі прыбраць ідэалагічны кампанент, не такія бяскрыўдныя. Ці ўлічвае хто-небудзь з арганізатараў, што, магчыма, людзі, якія прыехалі, не рэлігійныя ці іншай веры? Такія «касякі» здараюцца, калі распрацоўшчыкам праграмы знаходжання не хапае адукацыі і кампетэнцый.


Глядзіце таксама

Я разумею так, што чыноўнікі разгубленыя, таму проста капіююць, робяць кальку з нейкіх постсавецкіх метадычак. А сёння гэта так не працуе: умовы змяніліся, свет змяніўся, і камунікацыі, сацыяльныя тэхналогіі ў ім таксама.

***

Згодна з 49 артыкулам Жэнеўскай канвенцыі аб абароне грамадзянскага насельніцтва падчас вайны, індывідуальнае або масавае гвалтоўнае перамяшчэнне з акупаванай тэрыторыі на тэрыторыю іншай краіны забаронена незалежна ад матываў.

Калі з меркаванняў бяспекі неабходная эвакуацыя, то яна павінна адбывацца ў межах акупаванай тэрыторыі (выключэнне — калі правесці эвакуацыю ў межах акупаванай тэрыторыі не дазваляе ваенная абстаноўка).