Славянскае «братэрства» і ўкраінскія дзеці. Як пад маскай дабрачыннасці здзяйсняюцца ваенныя злачынствы

Рэжым не адмаўляе свайго ўдзелу ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый — наадварот, хваліцца сваёй неабыякавасцю да чужога гора, цынічна прыкрываючы прыгожымі словамі генацыд.

Лукашэнка і яго памагатыя ўдзельнічаюць у прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Ілюстрацыйнае фота: zmina.ua

Лукашэнка і яго памагатыя ўдзельнічаюць у прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Ілюстрацыйнае фота: zmina.ua

За 1,5 года паралімпіец і праўладны грамадскі дзеяч Аляксей Талай вывез з Украіны ў Беларусь на «аздараўленне» больш за 1000 дзяцей. Еўрапарламент тым часам заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі — прызнаўшы яго вінаватым у злачынствах супраць чалавечнасці і асудзіўшы вываз украінскіх дзяцей. «Медыязона» расказвае, што вядома пра беларускі «адпачынак» украінскіх дзяцей.

1000 «аздараўлёных» дзяцей у Беларусі

Паводле слоў прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Анатоля Глаза, Беларусь прымае дзяцей з Украіны з 2016 года, у тым ліку з Данбаса і, у прыватнасці, Данецка.

Выданне «Салідарнасць» пісала, што прывозіць дзяцей з Данбаса пачалі яшчэ раней: у ліпені 2015 года па запрашэнні Навагрудскай і Лідскай епархіі ў Беларусь прыехалі на адпачынак дзеці з акупаваных Данецка і Горлаўкі. Пазней да перавозак падключыўся паралімпіец Аляксей Талай і яго аднайменны фонд. У 2021 годзе фонд пры падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі пачаў падрыхтоўку да праекта «Адпачынак дзяцей Данбаса ў Беларусі».

«Хоць мы і грамадскія дзеячы, дабрачынцы, але ў гэты няпросты час я павінен быў параіцца з кіраўніком дзяржавы. Гэта вельмі важна, бо мы можам эмацыйна ўспрымаць нейкія рэчы. Атрымаўшы згоду і падтрымку кіраўніка дзяржавы, мы сталі прапрацоўваць магчымасць адпачынку дзяцей Данбаса ў Беларусі», — сказаў Талай у інтэрв'ю «БелТА».

Вываз дзяцей з Украіны пацвердзіў і Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння пагонаў вышэйшаму афіцэрскаму складу ў 2023 годзе, парыруючы абвінавачанням у «крадзяжы» дзяцей.


Глядзіце таксама

«Ён туды-сюды ездзіць, гэтых дзетак цягне. Да мяне дзесяць разоў звяртаўся. Я выйшаў на Пуціна, кажу: давай мы частку саюзнага бюджэту выдаткуем на гэтых дзетак. Вось так і пачалі іх прывозіць. Аздаравілі — яны з'ехалі. З'язджаць не хочуць», —  сказаў Лукашэнка.

«Усё пачыналася з маленькай групы з васьмі чалавек дзяцей-інвалідаў з Данецка. А пазней гэта ўжо была больш вялікая група ў 150 чалавек. Упершыню з 2014 года адчулі сябе дзецьмі пад мірным небам у нашай сінявокай Беларусі», — тлумачыў Талай у праграме «Палітstandup».

Праект доўжыцца пры падтрымцы Камітэта Саюзнай дзяржавы, «Беларуськалія», іншых спонсараў і асабістых узносаў беларусаў. Паводле слоў Талая, у 2022 і 2023 гадах аздараўленне ў Беларусі прайшлі 1000 дзяцей, «якія не ведалі, што такое мірнае неба».

У інтэрв'ю газеце «Беларусь сёння» Талай расказваў, што маці ў Данбасе «малілі хоць бы на некаторы час прывезці іх дзяцей на мірную зямлю, на якой яны змогуць адпачыць, а галоўнае — атрымаць спакой, які для іх з'яўляецца псіхалагічнай рэабілітацыяй».

«Мы зрабілі ўсё магчымае, каб прыехала як мага больш дзяцей. Каб гэта ўсё было паважна, высакародна, спакойна, акуратна. Кожнае дзіця пасля паездкі сюды вярнулася да сябе на радзіму, да сваіх мам і татаў, дзядуляў і бабуль з падарункамі, пазітыўнымі эмоцыямі, унутраным зарадам і верай у тое, што ўсё будзе добра», — расказваў паралімпіец.

На пачатку кастрычніка Аляксей Талай прыязджаў у Наваполацк: сустрэцца з дзецьмі з акупаваных Расіяй Лісічанска і Севераданецка. На сустрэчу паклікалі дыпламатаў: прадстаўнікі з Палесціны, Кітая, Сірыі прыехалі, а еўрапейскія прадстаўнікі не далучыліся. Напярэдадні сустрэчы ўкраінскі МЗС прасіў іх «устрымацца ад удзелу ў прапагандысцкай паездцы беларускага рэжыму»:

«Каб пазбегнуць адказнасці, службовыя асобы ў Беларусі спрабуюць прыкрыцца міжнароднымі прадстаўнікамі», — пракаментавалі ў МЗС Украіны гэтую паездку.

Глядзіце таксама

Вываз дзяцей з акупаваных тэрыторый у Беларусь аплачваецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Толькі ў верасні 2022 года з саюзнага бюджэту на «аказанне гуманітарнай дапамогі» на акупаваных тэрыторыях выдзелілі 29 млн. расійскіх рублёў. Гэтыя грошы выдзяляліся ў тым ліку на аздараўленне ўкраінскіх дзяцей у Беларусі.

Таксама фонд Талая атрымлівае падтрымку ад расійскіх чыноўнікаў і прыватнага спонсара з Расіі, які перадаў арганізацыі сядзібу Раманавых пад Барысавам. Там Талай плануе стварыць новы рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей.

«Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру» ўдалося ідэнтыфікаваць спонсара. Ім аказаўся Мікалай Уладзіміравіч Гінц — расійскі бізнесмен з Камчаткі.

Лукашэнка — саўдзельнік генацыду

27 красавіка 2023 года ПАРЕ прызнала дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расію генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку — саўдзельнікам. У красавіку гэтага ж года НАУ заявілі, што рыхтуюць дакументы на Лукашэнку ў Гаагскі суд праз вываз дзяцей з Украіны.

Кіраўнік НАУ Павел Латушка заявіў, што ў вывазе ўкраінскіх дзяцей удзельнічаў паралімпіец Аляксей Талай — ён некалькі разоў выязджаў на акупаваныя Расіяй тэрыторыі для гэтага. Таксама Латушка згадваў пра публікацыю пастановы Саюзнай дзяржавы аб арганізацыі прыезду ў Мінскую вобласць 1050 дзяцей з Украіны ў выкананне даручэння Пуціна і Лукашэнкі.

Глядзіце таксама

Палітык акцэнтаваў увагу, што гаворка ідзе пра «асобнае злачынства ў выглядзе незаконнага перамяшчэння ў Беларусь дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў, сірот, якія не маюць апекуноў, з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны без згоды ўладаў апошняй». У НАУ «Медыязоне» расказалі, што ўдалося даведацца імёны 16 дзяцей-сірот.

Аляксей Талай у адказ на абвінавачанні Латушкі заявіў, што паедзе на Данбас і будзе «ратаваць дзяцей, жанчын і параненых», таму што «гэта — мой народ, гэта мае дзеці, гэта будучыня маёй краіны».

А што там ЮНІСЕФ і Чырвоны Крыж?

У МЗС Беларусі запэўніваюць, што вываз дзяцей на аздараўленне адбываецца з захаваннем адпаведных прававых працэдур.

«Усе дзеці заязджаюць і выязджаюць з Беларусі легальна ў суправаджэнні дарослых, маючы на руках усе неабходныя дакументы. Мы робім гэта адкрыта і транспарэнтна, у тым ліку ў супрацоўніцтве з міжнароднымі арганізацыямі і фондамі, уключаючы ЮНІСЕФ», — заявіў Анатоль Глаз.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Людміла Макарына-Кібак у інтэрв'ю «АНТ» расказвала, што дзеці з акупаваных тэрыторый прыбываюць у Беларусь «у адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі пры садзейнічанні міжнародных арганізацый і фондаў ААН, Чырвонага Крыжа і ЮНЕСКА».

Глядзіце таксама

Да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый у Беларусь сапраўды датычны Чырвоны Крыж.

Паводле інфармацыі сайта ЮНІСЕФ, «напрыканцы лета каля 90 хлопчыкаў і дзяўчынак з Украіны ад 6 да 17 гадоў адпачывалі ў аздараўленчых лагерах у розных рэгіёнах Беларусі і атрымалі псіхалагічную дапамогу ад спецыялістаў. ЮНІСЕФ у Беларусі і Беларускі Чырвоны Крыж арганізавалі летні адпачынак для дзяцей з Украіны».

Кіраўнік НАУ Павел Латушка лічыць, што вываз дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны — парушэнне Жэнеўскай канвенцыі 1949 года і Рымскага статута. Згодна з артыкулам 49 Жэнеўскай канвенцыі, забараняецца дэпартацыя людзей «з акупаванай тэрыторыі на тэрыторыю акупацыйнай дзяржавы або на тэрыторыю любой іншай дзяржавы незалежна ад таго, акупаваныя яны ці не».

Акупацыйная дзяржава таксама можа зрабіць эвакуацыю, калі гэтага патрабуе бяспека насельніцтва. Пры такіх эвакуацыях людзі могуць быць перамешчаныя толькі ўглыб акупаванай тэрыторыі, за выключэннем выпадкаў, калі гэта практычна немагчыма.