Хадэкі развітаюцца з зімою ўстаноўчым з’ездам

28 лютага ў Мінску адбудзецца ўстаноўчы з’езд партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Шматпартыйная сістэма краіны, магчыма, папоўніцца яшчэ адной палітычнай структурай.

(На фота: Прэс-канферэнцыя актывістаў ствараемай БХД. У цэнтры – Аляксей Шэін, Павел          Севярынец, Віталь Рымашэўскі. Фота Ю. Дзядзінкіна)
 



a4f23670e1833f3fdb077ca70bbd5d66.jpg

28 лютага ў Мінску адбудзецца ўстаноўчы з’езд партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Шматпартыйная сістэма краіны, магчыма, папоўніцца яшчэ адной палітычнай структурай.
(На фота: Прэс-канферэнцыя актывістаў ствараемай БХД. У цэнтры – Аляксей Шэін, Павел          Севярынец, Віталь Рымашэўскі. Фота Ю. Дзядзінкіна)

Заснавальнікамі партыі з’яўляюцца 1057 чалавек, гэты спіс і будзе падавацца ў Міністэрства юстыцыі на рэгістрацыю. Агулам у базе прыхільнікаў партыі — каля дзвюх тысяч асобаў. У працы з’езда будуць удзельнічаць 211 чалавек. На дадзены момант сустаршынямі арганізацыйнага камітэту партыі БХД з’яўляюцца Мікалай Арцюхоў, Георгій Дзмітрук, Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец, Аляксей Шэін. Статутныя дакументы прадугледжваюць не толькі сустаршынства ў кіраўніцтве партыі, але і аднаасобнае старшынства. Магчыма, у далейшым будзе абраны апошні варыянт, праўда, з абмежаваннем па кадэнцыі на два тэрміны.
На ўстаноўчы з’езд партыі былі запрошаныя кіраўнікі хрысціянска-дэмакратычных партый Галандыі, Фінляндыі, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Літвы, Украіны. З хадэкамі трох апошніх краінаў Беларуская хрысціянская дэмакратыя мае падпісаныя пагадненні пра супрацоўніцтва. Таксама на з’езд запрошаныя кіраўнікі пасольстваў еўрапейскіх краінаў, беларускія палітыкі — Аляксандр Мілінкевіч, Аляксандр Казулін, Мікола Статкевіч, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька, Зміцер Дашкевіч, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.
Акрамя вырашэння арганізацыйных пытанняў, на з’ездзе будзе вызначаны кандыдат у прэзідэнты ад БХД. Цяпер вядома, што ёсць тры кандыдатуры. Адзін з іх — сустаршыня аргкамітэту па стварэнню партыі Віталь Рымашэўскі. 1 сакавіка адбудзецца міжнародная канферэнцыя БХД, у якой прымуць удзел госці з замежжа, што прыехалі на ўстаноўчы з’езд.
У незалежнасці ад таго, ці будзе зарэгістравана партыя, актывісты БХД працягнуць працаваць над кампаніямі «За сямейныя каштоўнасці», «Люблю Беларусь», пакаяння за злачынствы камунізму, супраць магіі і акультызму, кампаніяй аб свабодзе сумлення. Акрамя таго, хрысціянскія дэмакраты плануюць распрацаваць свой антыкрызісны план для эканомікі краіны.
Сустаршыня арганізацыйнага камітэту партыі БХД Павел Севярынец заявіў, што партыя ставіць на мэце мабілізаваць правацэнтрысцкія палітычныя сілы краіны. Супраца будзе весціся найперш з партыямі БНФ, АГП, рухам «За свабоду», моладзевай арганізацыяй «Малады Фронт». «Мы ствараем партыю, якая мусіць стаць мацнейшай палітычнай сілай краіны», — падкрэсліў Севярынец.
Арганізацыйная праца па стварэнню партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» пачалася ў 2005 годзе. За гэты час аргкамітэт не толькі назбіраў неабходную колькасць прыхільнікаў, але і правёў шэраг грамадскіх і палітычных кампаній. На дадзены момант хрысціянскія дэмакраты надзвычай актыўныя, безумоўным плюсам з’яўляецца тое, што ў палітыку за адносна кароткі тэрмін атрымалася прыцягнуць многа новых людзей.
Разам з тым, паводле сацыялагічнага апытання, якое правялі даследчыкі інстытуту Gallup, Беларусь — адна з адзінаццаці найменш рэлігійных краінаў свету. Толькі 27 працэнтаў жыхароў краіны адказалі, што рэлігія ў іх штодзённым жыцці займае важнае месца. Даследаванне праводзілася ў 143 краінах. Найбольш рэлігійнымі выявіліся Егіпет, Бангладэш, Шры Ланка і Інданезія. Вялікую ролю рэлігія займае ў жыцці жыхароў Італіі, Партугаліі, Польшчы, Румыніі, Грэцыі, а таксама ЗША. Сярод найменш рэлігійных — Эстонія, Азербайджан, Ганконг, Японія, Манголія і Беларусь.
Сустаршыня аргкамітэта Віталь Рымашэўскі лічыць, што БХД — гэта партыя для веруючых і няверуючых, але найперш для людзей, якія паважаюць агульначалавечыя каштоўнасці. Павел Севярынец увогуле перакананы, што праграму БХД могуць падтрымаць каля 80 працэнтаў жыхароў Беларусі. Натуральна, усе палітычныя апазіцыйныя плыні цяпер знаходзяцца ў кепскіх умовах: камунікацыя з насельніцтвам зведзеная да тыпу тэт-а-тэт, доступ да дзяржаўных СМІ забаронены. Але, калі каманда заснавальнікаў партыі будзе працягваць працаваць у такім жа тэмпе, то можа скласці канкурэнцыю старажылам палітычнага поля. Між іншым, сярэдні ўзрост сябраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі — 35,6 года, што вызначае яе як найперш партыю маладых палітыкаў. «Але будзем імкнуцца, каб было 36,6», — жартам паабяцаў Павел Севярынец.