Еўрасаюз спрабуе спыніць авіязносіны Беларусі з краінамі — крыніцамі міграцыі
Еўрасаюз спрабуе спыніць авіязносіны паміж Беларуссю і краінамі — крыніцамі міграцыі. Пра гэта на сённяшніх слуханнях Еўрапарламента, прысвечаных сітуацыі ў нашай краіне, заявіла еўракамісарка па ўнутраных справы Ілва Ёхансан.
Яна акцэнтавала ўвагу на міграцыйным крызісе. Сёлета больш за 6 тысяч чалавек паспрабавалі перайсці мяжу з боку Беларусі ў краіны Еўрасаюза — у асноўным, грамадзяне Ірака, Сірыі, краін Афрыкі, піша REFORM.by.
«Беларусь не адносіцца ні да аднаго вядомага маршрута міграцыі з гэтых краін. Беларусь не з’яўляецца краінай, якая падвяргаецца міграцыйнаму ціску. Людзі звычайна шукаюць прытулку ад Беларусі, а не ў Беларусі. Рэжым выкарыстоўвае людзей беспрэцэдэнтным чынам у якасці інструмента ціску на Еўрапейскі Саюз і заробку грошай», — сказала Ёхансан.
Яна абвінаваціла беларускія ўлады ў арганізацыі міграцыйных патокаў, згадаўшы дзяржаўныя турыстычныя кампаніі, гасцініцы, дастаўку мігрантаў на мікрааўтобусах без нумароў людзьмі ў форме без апазнавальных знакаў.
«Адчай Лукашэнкі — гэта доказ таго, што санкцыі працуюць», — сказала яна.
Ёхансан мяркуе, што ў спадзеве дэстабілізаваць Еўрасаюз беларускія ўлады пралічыліся.
«Мы прадэманстравалі адзінства, рашучасць і салідарнасць... Нашы пастаянныя намаганні па інфармаванні партнёраў па гэтай тэме працуюць. Мы назіраем у апошнія тыдні рэзкае зніжэнне колькасці нелегальных прыбыццяў у Беларусь», — дадала Ёхансан.
Яна адзначыла ключавыя намаганні Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па спыненні авіязносін Ірака і Мінска. Цяпер, паводле яе слоў, вядзецца аналагічная праца з краінамі Афрыкі.
Еўракамісарка нагадала пра прапанову Еўракамісіі прыпыніць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускіх дзяржорганаў, захаваўшы яго для простых грамадзян.
Ілва Ёхансан таксама адзначыла, што праз год пасля выбараў сітуацыя ў Беларусі застаецца складанай. Улады працягваюць сістэматычныя дзеянні па задушэнні ўсіх незалежных галасоў у краіне: СМІ, праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасці. Яна нагадала дэпутатам пра прысуды, вынесеныя Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку, павелічэнне колькасці палітвязняў, якіх ужо больш за 700.
Еўракамісарка падкрэсліла, што Еўрасаюз працягвае аказваць падтрымку беларускаму народу, працаваць над прыцягненнем да адказнасці датычных да гвалту, падрыхтаваны 3-мільярдны пакет дапамогі для дэмакратычнай Беларусі.