Эксперт: «Масква будзе вырашаць праблемы не беларускага народа. І нават не праблемы Лукашэнкі»
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі — пра пастку, у якую ўлады загналі і сябе, і ўсю краіну.
— «Расія Беларусь ў бядзе не пакіне», — паабяцаў пасол РФ
Лук'янаў 10 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Так, на ўзроўні рыторыкі
Масква гарой за беларускага саюзніка (хоць і на гэтым узроўні ёсць нюансы), — піша Аляксандр Класкоўскі ў сваім тэлеграм-канале. — Але вось моцна ўкладвацца ў матэрыяльную падтрымку
расійскі бок відавочна не спяшаецца.
Скупасцю такой падтрымкі Крэмль стымулюе партнёра быць
згаворлівым, напрыклад, у пытанні ўзгаднення саюзных праграм (былых дарожных
карт інтэграцыі).
Па словах Лук'янава, з 28 саюзных праграм застаецца
няўзгодненай толькі адна — звязаная з энерганосьбітамі. Праграма ж, якая тычыцца
падатковай сферы, у цэлым прынятая.
Увогуле, падобна на тое, што па падатковай частцы Крэмль
беларускі бок даціснуў.
Гэты бок, мяркуючы па сюжэце доўгіх перамоваў, быў гатовы пайсці на ахвяру такога роду ў абмен на больш танны газ і кампенсацыю за
падатковы манеўр у расійскай нафтанцы.
Але, як бачым, праграма, якая тычыцца энергарэсурсаў, яшчэ
дыскутуецца, гэта значыць ніякіх гарантый для Мінска няма, у той час як па
частцы падатковай сістэмы нейкія саступкі ён ужо, трэба разумець, зрабіў.
Інакш кажучы, Масква тут, падобна, перагульвае беларускі
бок. І ў пытанні энергарэсурсаў козыры таксама ў яе руках.
Прычым у плане паглыблення інтэграцыі колькасць непазбежна
пераходзіць у якасць. Па асобных напрамках, здаецца, ідзе гаворка толькі
пра эканоміку, але ў суме атрымліваецца вялікая палітыка — палітыка інстытуцыйнай
прывязкі Беларусі да РФ.
Заякарыўшы суседку праз саюзныя праграмы, Крамлю будзе прасцей
ставіць пытанне і аб адзінай валюце, і аб наднацыянальных органах. Пры гэтым
Маскве на руку паглыбленне ізаляцыі беларускага рэжыму.
Між тым прыціснутыя з двух бакоў беларускія ўлады, мяркуючы
па шэрагу сімптомаў, зноў рыхтуюцца гандляваць палітычнымі вязнямі. Такі ход
дапамагаў разблакаваць адносіны падчас ранейшых цыклаў сварак і замірэнняў з
Захадам.
Але цяпер бакі зайшлі ў супрацьстаянні як ніколі далёка. У
свежай рэзалюцыі Еўрапарламент падкрэсліў, што не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам
Беларусі.
У сваю чаргу, яе ўлады відавочна баяцца спыніць рэпрэсіі,
каб не акрыялі духам праціўнікі рэжыму, і ўжо тым больш не гатовыя да
дэмакратызацыі, празрыстым канкурэнтным выбарам.
Увогуле, перспектывы, што завяжацца гандаль з Захадам,
пакуль нікчэмныя. У дадатак Мінск не злазіць з пагроз: будзем ціснуць
грамадзянскую супольнасць, выганім вашы кампаніі з краіны і т. п.
Масква ж гатовая і надалей паляпваць саюзніка па плячы: не бойся, не кінем. Але пры гэтым яна будзе вырашаць не праблемы беларускага
народа і нават не праблемы Лукашэнкі (прозвішча прэзідэнта Беларусі для Крамля
справа другая), а свае ўласныя вялікадзяржаўныя задачы.