Эдвард Лукас: Беларусь шпіёніць у Літве і за сябе, і за Расію
Уплывовы брытанскі журналіст Эдвард Лукас сцвярджае, што беларуская выведка асабліва цікавіцца Літвой, каб дабрацца да сакрэтнай інфармацыі Еўразвязу і NАТО.
У інтэрвію агенцтву Baltic News Service Лукас заявіў: «Беларусь дзейнічае дваіста: яна шпіёніць як Рэспубліка Беларусь і дзейнічае як упаўнаважны расейцаў. Гэта адно з найважнейшых пытанняў — ці была гэта шпіёнская дзейнасьць Беларусі на двухбаковай падставе, ці беларускі КДБ дзейнічаў ад імя сваіх братоў-расейцаў», перадае Delfi.
Нагодай для выказвання брытанскага журналіста стала інфармацыя пра тое, што 10 лістапада ў Віленскі акруговы суд перадалі крымінальную справу, у якой грамадзяніну Літвы Р. Л. выстаўленыя абвінавачанні ў шпіянажы супраць Літоўскай Рэспублікі, гаворыцца ў паведамленні для друку на сайце Пракуратуры Літоўскай Рэспублікі.
На прэсавай канферэнцыі, арганізаванай 10 лістапада ў Генеральнай пракуратуры Літвы, дырэктар Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Гядзімінас Грына паведаміў, што падчас доўгатэрміновай выведнай аперацыі Дзярждэпартамент бяспекі выявіў некалькі асобаў, якія падазраюцца ў тым, што па ўказанні Галоўнага разведнага ўпраўлення (ГРУ) Генеральнага штабу Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь збіралі і перадавалі інфармацыю, у тым ліку дзяржаўныя таямніцы, пра Літоўскую армію, яе падраздзяленьні, дзяржаўныя прадпрыемствы, якія маюць стратэгічнае значэнне для нацыянальнай бяспекі Літвы, іх дзейнасць, аб’екты і абсталяванне ў іх.