Беларусь за два месяцы зарабіла на расійскім эмбарга $610 млн.
За жнівень і верасень гэтага года Беларусь паставіла на экспарт сельгаспрадукцыі на 610 млн. долараў. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў.
У параўнанні з вераснем 2013 года пастаўкі павялічыліся на 7%, перадае БелаПАН.
Плануецца, што ў жніўні-снежні 2014 года прадпрыемствы Мінсельгасхарча паставяць у Расію сельгаспрадукцыю на 2 млрд. долараў. Такім чынам, валютная выручка ад паставак беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання за гэты год можа наблізіцца да 6 млрд. долараў. У 2013 годзе Беларусь зарабіла на экспарце сельгаспрадукцыі і харчавання на 200 млн. долараў менш.
Дапамогай для беларускіх аграрыяў стаў жнівеньскі ўказ Уладзіміра Пуціна, які забараніў ўвоз у Расію харчавання з ЕС, ЗША, Канады, Японіі і Аўстраліі.