Дзяржава для народа і заморскі вірус

Заўважыць няўзброены вокам каронавірус, які паставіў з ног на галаву сучасную цывілізацыю, маюць талент адзінкі. У Беларусі на гэта не здольны нават той, хто ў стане разгледзець факты карупцыі і галавацяпства з акна Палаца Незалежнасці. Але перад каронавірусам нават ён спасаваў.

hakeisty_1_logo.gif


У штатных ідэолагаў не паўстала цяжкасцяў патлумачыць грамадству праблемы, з якімі сутыкнулася Еўропа: еўрапейская дэмакратыя аказалася гнілаватай; інтэграцыйны праект не вытрымаў першага выспятка і разваліўся, нібы картачны домік. Шмат яшчэ такой жа арыгінальнай інфармацыі паведамілі нам дзяржаўныя СМІ. Чытай — не хачу.

Але жыццё, нібы прапаршчык на пляцы, дзейнічае па прынцыпе «не можаш — навучым, не хочаш — прымусім». Колькі беларусаў былі здольныя адрозніць лінейны рост ад экспанентнага? Апошні, калі хто яшчэ не паспеў разабрацца, адрозніваецца тым, што велічыня расце тым хутчэй, чым большае значэнне яна прымае.

Такі рост, у прыватнасці, характэрны для павелічэння колькасці хворых падчас эпідэмій. Г. зн. чым больш людзей заражаюцца каронавірусам, тым хутчэй ён ахоплівае астатняе насельніцтва краіны. І з першых дзён красавіка беларусы маюць магчымасць адсочваць, як гэта адбываецца на практыцы.

На думку адзінага палітыка (АП), выказаную ім 7 красавіка, «катастрофы абсалютна няма. Так, прырост у нас назіраецца. Дзякуй Богу, што не лавінападобны». А цяпер звернемся да хітрай, але афіцыйнай статыстыкі: па стане на 6.04 колькасць інфікаваных склала 700 чалавек (+138), на 7.04 — 861 (+161), на 8.04 — 1066 (+205), на 9.04 — 1486 (+420), на 10.04 — 1981 (+499) і гэтак далей.

За тры дні колькасць інфікаваных у Беларусі больш чым падвоілася! Ці лічыць такую дынаміку лавінападобнай — справа густу. Для параўнання, у Германіі «колькасць хворых падвойваецца раз на пяць дзён» (канцлер Ангела Меркель).

 

Пра ролю вірусаў у гісторыі

 

Эпідэміі прыходзяць і сыходзяць, а жыццё працягваецца. У краінах, якія здолелі пераламаць экспанентны рост колькасці інфікаваных, усё больш актыўна пачынаюць абмяркоўваць посткаронавірусную будучыню. Большасць экспертаў сыходзіцца ў меркаванні, што яна стане істотна адрознівацца ад звыклай нам сучаснасці.

Тут будзе дарэчы прыгадаць пра эпідэмію чумы, якая знішчыла каля паловы насельніцтва Еўропы ў 1346–1353 гадах. Яе галоўнымі вынікамі сталі рост кошту рабочай сілы і крызіс каталіцызму.

Праз імклівае скарачэнне колькасці працоўных рук прымусілі нагадаць пра сябе законы попыту і прапановы. І няхай сярэднявечныя працадаўцы (зямельныя арыстакраты) і не падазравалі пра іх існаванне, але не лічыцца з гэтымі законамі на практыцы яны не маглі. Таму, насуперак векавым традыцыям, былі вымушаныя рэгулярна «ісці насустрач пажаданням працоўных» у пытаннях заработнай платы.

Што тычыцца каталіцкай царквы, то пасля дэманстрацыі сваёй няздольнасці спыніць распаўсюд «чорнай смерці», ёй было складана зноў прэтэндаваць на палітычнае і маральнае панаванне. Праз дзвесце гадоў, на думку многіх сур’ёзных даследчыкаў, частковая страта легітымнасці адгукнулася тэзісамі Лютэра, якія паклалі пачатак размежавання заходніх хрысціян на каталікоў і пратэстантаў.

Безумоўна, гэта быў не адзіны выпадак, калі вірусы і бактэрыі паўплывалі на ход гісторыі. Не выключана, што да ліку лёсавызначальных будзе прылічана і эпідэмія, выкліканая каронавірусам SARS-CoV-2.

 

Моцныя гэтага свету рыхтуюцца да перадзелу свету

 

Пра тое, што ўсё цячэ і ўсё змяняецца, было вядома яшчэ старажытнагрэчаскім мудрацам. Зразумела, цяперашняя хуткасць зменаў зусім іншая. Таму часам увечары няма сэнсу абмяркоўваць інфармацыю, атрыманую раніцай.

Бліжэйшая будучыня посткаронавіруснага свету ў першую чаргу хвалюе тых, каму ёсць што губляць. Праілюструю сказанае фрагментам інтэрв’ю АП тэлерадыёкампаніі «Мір»: «А ці не здаецца, што моцныя гэтага свету без вайны (Макрон гэта ўжо вайной назваў) праз гэты так званы каронавірусны псіхоз хочуць перадзяліць свет?»

Думка не новая. Нездарма ж Беларусь прэтэндуе на статус «донара еўрапейскай стабільнасці». Каму гэта спадабаецца? Зайздроснікаў у нас хапае. Яны плодзяцца, нібы хваробатворныя бактэрыі ў кубку Петры.

Успомнім «абасраную карову» з аграхолдынгу «Купалаўскі», што на Магілёўшчыне. Нездарма тая гаротная жывёла трапілася на вочы галоўнаму спецыялісту краіны па надоях і прыбаўках. Ох, нездарма! Лепшага спосабу дыскрэдытаваць наш курс на развіццё калгасна-саўгаснай вытворчасці ў сельскай гаспадарцы і не прыдумаць. Тут адчуваецца вопытная рука заходняга лялькавода. Не самі ж работнікі фермы давялі карову да такога стану!

Адна «абасраная карова», другая «абасранная карова»... Аднак жа справа не ў стане канкрэтнай каровы. На коне стаіць харчовая бяспека краіны. А без яе — бывай, суверэнітэт! Бывай, незалежнасць!

 

А кароль жа голы!

 

За чвэрць стагоддзя мы прызвычаіліся, што манаполіяй на ісціну ў нас валодае адзін чалавек. Па якіх канкрэтна пытаннях ён выказваў сваё меркаванне — значэння не мае. Роля ж астатніх зводзіцца толькі да рэтрансляцыі канчатковых ісцін, што не выпадае абмяркоўваць.

Як тут ні прыгадаць анекдот пра прапаршчыка і здольных лётаць кракадзілаў «але толькі нізенька-нізенька». Чым гэты анекдот адрозніваецца ад рэальнай гісторыі пра вірусы, якія АП і журналістка не здолелі разглядзець на лядовай арэне?

Эпідэмія, што развіваецца па экспаненце, адкрыла адну з галоўных таямніц беларускай мадэлі — таямніцу голага караля. Як аказалася, ніякімі ведамі, акрамя бытавых, ні па адным са значных пытанняў ён не валодае. Для пастаноўкі ж падначаленым задач у агульным выглядзе — вялікага розуму не трэба. Кіраўнік — не той, хто кажа, што трэба рабіць, а той, хто кажа, як трэба рабіць. Гэтая ісціна была сярод азбукавых яшчэ ў гады сталінскіх пяцігодак.

Да эпідэміі ацэнкі экспертаў мала каго цікавілі. Але імпартная зараза паставіла перад кожным гамлетаўскае пытанне: «Быць ці не быць?». І тут адразу паўстаў масавы попыт на меркаванне прафесійных медыкаў. Высветлілася, што інтэрнэт — гэта не памыйніца, а крыніца жыццёва важнай інфармацыі.

Ці абмяжуецца гэта адкрыццё каронавіруснай тэматыкай, ці падштурхне да думкі, што кіраванне дзяржавай немагчымае без апоры на экспертнае меркаванне, — пакажа час, але першы крок у гэтым кірунку зроблены.

 

Дзяржава як абсалют

 

«На фоне барацьбы з каронавірусам роля ўрада прыкметна ўзрасла ў вачах амерыканцаў», — лічыць прафесар Вашынгтонскага ўніверсітэта Маргарэт О’мара. А ў вачах «рускіх са знакам якасці»?

Як трывога, дык да Бога. Аднак у грамадствах, у якіх рэлігійнасць зводзіцца да куплі кулічоў на Вялікдзень, пры першых сігналах трывогі прынята звяртацца па дапамогу не да Бога, а да дзяржавы. Традыцыя гэта канчаткова склалася ў Еўропе пасля Першай сусветнай вайны. Не ў апошнюю чаргу яна нясе адказнасць за нараджэнне такіх масавых палітычных рухаў, як фашызм, нацызм і камунізм.

«Аснова фашызму, — вучыў Мусаліні, — дзяржава як абсалют, у параўнанні з якім усе асобы і групы адносныя — і павінны разглядацца ў сваім дачыненні да дзяржавы».

Пра перавагі дзяржаўнай аховы здароўя над прыватнай нам сёння пастаянна нагадваюць штатныя прапагандысты. Але эпідэмія рана ці позна скончыцца, а свае заваёвы дзяржава назад не аддасць. І гэтыя заваёвы не абмяжуюцца аховай здароўя. У першую чаргу, варта чакаць узмацнення ролі дзяржавы ў пытаннях прававога рэгулявання. Мала нікому не падасца.