«Каронавірус — распіяраны шарык з рожкамі». Хімік з Акадэміі навук пра паніку, каранцін і беларускую навуку
Калі непасрэднай прычынай смерці стаў інфаркт міякарда, то ці мае значэнне, якімі вірусамі быў абцяжараны чалавек, кажа навуковец Дзмітрый Цаўлоўскі ў інтэрв’ю «Свабодзе».
Навуковы супрацоўнік Інстытуту фізіка-арганічнай хіміі адказвае тым, хто вінаваціць медыкаў у нібыта спробах схаваць праўду пра каронавірус, і тлумачыць, чаму думкі пра жорсткі каранцін трэба збіваць, як небяспечную тэмпературу.
Пазамінулая зіма па смерцях відавочна выбіваецца ў апошнім дзесяцігоддзі. Але рэакцыя ўрадаў і простых грамадзянаў была зусім іншай.
Здзіўляе
Мяне здзіўляюць тыя, хто абураецца параўнаннем COVID-19 з грыпам. Людзі несур’ёзна ставяцца да небяспечных хваробаў. І цяперашняя пандэмія мала што змяніла ва ўяўленнях нават тых, хто слупянее ад жаху перад каронавірусам. Праўда пра тое, што ў чалавечай папуляцыі паразітуе шмат смяротна небяспечных вірусаў, для некаторых настолькі жудасная, што яны гатовыя прызнаць небяспеку выключна ад распіяранага шарыка з рожкамі.
Цяпер шмат публікуюць статыстыку па смерцях. Пазамінулая зіма відавочна выбіваецца ў апошнім дзесяцігоддзі. Тады таксама не вытрымала сістэма аховы здароўя ў той самай Італіі. Але рэакцыя ўрадаў і простых грамадзянаў была зусім іншай. Наколькі горш сёлета? Відавочна, што гэта не чума. А вось ці больш небяспечная яна за першы SARS або той самы H1N1 — даведаемся пасля яе заканчэння.
Абурае
Фактычна медыкаў заклікаюць хлусіць, вінавацячы ў тым, што яны быццам бы хаваюць праўду, не пішучы ў дыягназе пра каронавірус. Як кажа мая сястра-лекар: «Нічога не замінае хвораму на сухоты захварэць яшчэ і на сіфіліс».
Трэба быць практычным лекарам, каб ставіць дыягназ. Маё абурэнне тычыцца тых, хто патрабуе ад медперсаналу і ўладаў такой дзіўнай фармулёўкі, альбо падмяняе ў статыстыцы дыягназы з медкартак на вынікі аднаго з аналізаў.
Калі хвароба хутка забіла чалавека, наўрад ці ў лекара быў час адназначна пацвердзіць, што прычына — менавіта вірусная пнеўманія выкліканая модным штамам каронавірусу. Ёсць і іншыя шляхі да смерці ад пнеўманіі. Калі б службы аховы здароўя цяпер займаліся ўдакладненнем кожнага фатальнага дыягназу замест дапамогі яшчэ жывым хворым, гэта было б сапраўднае злачынства.
Цікавіць
А коды іншых вірусных інфекцыяў ад лекараў таксама патрабуюць пісаць? Колькі з памерлых мелі герпес, гепатыт С, іншыя штамы каронавірусаў? Калі непасрэднай прычынай смерці стаў інфаркт міякарда, ці мае значэнне якімі вірусамі быў абцяжараны чалавек?
Пацыент можа трапіць у шпіталь у цяжкім стане і падчапіць інфекцыю ўжо там. І яна не паспее на нешта паўплываць. А САЗ атрымае пункцік на карысць смяротнасці моднай хваробы. Не магу ўгледзець у гэтым ані каліва карысці.
Не падабаецца
Мне вельмі не падабаецца манера Паўла Севярынца, прыкладам, абурацца дыягназу «неўдакладненая пнеўманія» ў выпадках, калі проста не было часу вызначыць яе прыроду. Вірус — гэта не захворванне, а ўзбуджальнік захворвання. Той самы вірус можа выклікаць розныя захворванні, напрыклад, вострае рэспіраторнае захворванне ці пнеўманію. З іншага боку, тое самае захворванне можа быць выклікана рознымі ўзбуджальнікамі.
Мне здаецца, цяпер фармулёўка прычыны смерці залежыць у большай ступені ад шпітальных адміністрацыяў (якія ў рознай ступені залежаць ад чынавенства ў розных дзяржавах), чым ад саміх дактароў.
Палохае
Я не ўпэўнены, што нехта цяпер валодае адзіна правільным адказам на пытанне, як эфектыўней змагацца з наступствамі пашырэння вірусу, але думка пра татальны каранцін ва ўмовах сучаснай Беларусі мяне палохае.
Хоць улада ў Беларусі выглядае ледзь не манархіяй з неабмежаванымі паўнамоцтвамі прэзідэнта, яна таксама вымушаная дзейнічаць у межах рэальных магчымасцяў. Эканоміка нашай краіны знаходзіцца не ў лепшым стане. Грошай на падтрымку грамадзянаў, якія спатрэбяцца ў выпадку жорсткага каранціну, папросту няма дзе ўзяць. У нашых рэаліях можа дайсці да харчразвёрсткі.
Старэйшая з дачок у сувязі з пандэміяй прыгадала пра страшэнныя эпідэміі чумы. Спыталася, чаму цяпер яны не паўтараюцца, калі ўзбуджальнік існуе.
І я прыдумаю такую аналогію. З часам чалавецтва сфармавала сацыяльную імунную сістэму — санітарна-эпідэмічныя службы. Яны ўвесь час сочаць, каб не ствараліся ўмовы, якімі можа скарыстацца смертаносная інфекцыя. А цяпер мы назіраем, як гэтая сістэма з’ехала з глузду і ў барацьбе з хваробай нішчыць само грамадства. Калі такое здараецца з чалавекам, яму тэрмінова патрэбныя лекі, бо з тэмпературай за сорак сэрца рана ці позна не дасць рады. Суворы каранцін — гэта і ёсць тая небяспечная тэмпература, якую трэба збіць.
Выклікае дысананс
Дзяржаўная прэса піша, што «ўсё добра, нічога большага за лякалізацыю выпадкаў рабіць не трэба». Апазіцыйная абураецца бяздзейнасцю ўладаў. А я штодня атрымліваю на пошту рэкамендацыі, інструкцыі, загады, накіраваныя на супрацьстаянне пандэміі. Бачу зачыненыя забаўляльныя цэнтры і тэатры. Сам меўся на мінулым тыдні пайсці ў Купалаўскі, але не лёс.
Барысаўскі гідролізны завод, які ўваходзіць у структуру Акадэміі навук, цалкам перайшоў на выпуск санітайзераў і тэрмінова набыў новую лінію разліву.
Трэба памятаць
Ніякія паводзіны не прымусяць вірус сысці з папуляцыі. Патрэбны групавы імунітэт. А як яго набыць, гэта пытанне да спецыялістаў.
А тыя парады, якія, магчыма, вельмі карысныя ў іншых краінах, мала што мяняюць тут. Мяне з маленства вучылі мыць рукі з мылам адразу, як вярнуўся дахаты. А выйшаўшы з медычнай установы — памятаць, што на руках можа быць зараза. Трымаць дыстанцыю з незнаёмымі і г. д. Здаецца, у нас гэта агульны падыход да выхавання, а не вынаходніцтва маіх бацькоў. Астатнія перасцярогі, кшталту ўстрымання ад наведання забаўляльных мерапрыемстваў, агучваюцца штогод падчас піку сезонных захворванняў. Таму беларусам асабліва нічога мяняць і не даводзіцца.
Ва ўсе часы, у любых абставінах трэба заставацца людзьмі. І памятаць пра тое, што свае ідэальныя ўяўленні не абавязкова ўкладаюцца ў светапогляд іншых. Чалавек можа быць значна небяспечнейшым за хваробу.
Хвалюе
Жорсткія захады супраць эпідэміі абарочваюцца жорсткімі захадамі супраць людзей. Я міжволі трапіў у шэрагі тых, чыя прафесійная дзейнасць запатрабаваная ў спробах зменшыць шкоду ад вірусу. Каб быць карысным, я павінен штодня прыязджаць у лабараторыю. Перад працай я вяду сваю трохгадовую дачку ў дзіцячы садок.
Выхавальнікі, кухары і гаспадарча-адміністрацыйны персанал не павінны сядзець дома. Ужо не атрымліваецца абысціся толькі супрацоўнікамі гандлю і медычным персаналам. Грамадскі транспарт таксама не функцыянуе без людзей, а ў мяне няма ўласнай машыны.
І я заўважыў, што эфектыўнасць маёй працы залежыць ад таго, як функцыянуе атачэнне. Нават зусім лёгкая, амаль не заўважная версія каранціну, якая назіраецца цяпер у Мінску, ужо стварае нязручнасць. Адправілі ў адпачынак гутніцу — невядома калі можна будзе адрамантаваць посуд. Суседнюю лабараторыю перавялі на скарочаны працоўны тыдзень — на пару дзён застаюся без дыстыляванай вады. Калі ж дазволяць працаваць толькі «абраным», чыя праца звязаная з супрацьдзеяннем пандэміі, гэтых дробязяў набярэцца дастаткова каб спаралізаваць маю працу.
Жорсткі каранцін — гэта інфантыльнае хаванне пад коўдру замест актыўнага вырашэння праблемы. Сядзенне на канапе не спрыяе будаўніцтву шпіталяў, падрыхтоўцы лекараў, вытворчасці медычнага абсталявання і лекаў. Гэта шлях у багну.
Адчуваю гонар
Беларусы распрацавалі ўласныя тэсты на модны вірус. Аналізы робяць метадам real-time PCR. Гэта надзвычай дакладны інструмент, што б ні казалі канапныя аналітыкі.
Набор для аналізу ўтрымлівае некалькі рэагентаў і сумесяў. Сярод іх ёсць унікальныя, адказныя за «пазнаванне» генетычнага коду менавіта таго, што мы шукаем. Гэта алігануклеатыды з флюарэсцэнтнымі, у нашым выпадку, меткамі. Іншыя — стандартныя, аднолькавыя для вялікай колькасці тэст-сістэмаў.
Айчынныя наборы ўтрымліваюць тыя самыя, ухваленыя Сусветнай арганізацыяй здароўя, алігануклеатыдныя паслядоўнасці, што і тэст-сістэмы замежных вытворцаў. Наколькі мне вядома, прынамсі адно прадпрыемства цалкам камплектуе набор уласна зробленымі кампанентамі. Ёсць яшчэ калектыў, які не робіць уласна тэст-сістэму, а гандлюе высокатэхналагічнымі кампанентамі. Сярод іх кліентаў, напрыклад, Інстытут эпідэміялогіі, дзе праводзіцца большасць тутэйшых аналізаў. Але нямала замежных пакупнікоў. І гэта не толькі краіны-суседкі. Напэўна, немцы ці амерыканцы не заказвалі б беларускія рэагенты, каб мелі сумнеў наконт іх якасці.
Засмучае
З падачы журналістаў сфармаваны недавер да айчыннай навукі і навукаёмістай прамысловасці. Заганны стэрэатып «дзяржаўнае — значыць дрэннае» моцна адбіваецца на нашым іміджы. СМІ зацята тыражуюць любую недарэчнасць, сказаную чыноўнікам Акадэміі навук, лёгка абагульняючы з усёй галіной. А вось добрыя словы на адрас канкрэтных вучоных ці паведамленні пра дасягненні падносяцца пад соўсам «нягледзячы на агульную заганнасць».
Часам здаецца, што супраць беларускай фармакалагічнай індустрыі ўвогуле вядзецца ўнутраная інфармацыйная вайна. Некалькі дзён таму, прыкладам, я прачытаў у фэйсбуку чарговае «беларускі парацэтамол нікому не дапамагае» ў выкананні журналісткі. Магчыма, нейкая лабараторыя ў Беларусі ўжо і працуе ў накірунку вакцыны супраць каронавірусу. Вакцына — гэта штучна створаны фрагмент абалонкі вірусу. Першая частка — даследаванне структуры гэтага каронавірусу — ужо зробленае. Спецыялісты па штучных бялках у нас ёсць. Ёсць інфраструктура для біявыпрабаванняў. Можна сцвярджаць, што тэхнічных перашкодаў няма.
Шмат нашых навукоўцаў раз’ехалася па свеце. Таму я б моцна здзівіўся, калі б у перадавых групах у ЗША і Еўропе не знайшлося дзясятка нашых суайчыннікаў.