Кітай даслаў у Беларусь 30 тон гуманітарнай дапамогі для барацьбы з COVID-19
17 красавіка ў Мінск прыбыў гуманітарны груз з Пекіна, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Разгрузілі самалёт на аэрадроме ў Мачулішчах. Кітай перадаў Беларусі больш за 30 тон грузу: экспрэс-тэсты, лекі, рэспіратары, маскі, акуляры, спецыяльныя касцюмы і іншыя сродкі індывідуальнай абароны.
Гэта ўжо другая партыя гуманітарнай дапамогі з Кітая, першая прыбыла ў Беларусь 1 красавіка. Тады таксама даставілі рэагенты для правядзення тэстаў на COVID-19, ахоўныя сродкі для медыкаў, інфрачырвоныя тэрмометры.
У канцы студзеня гэтага года, у разгар эпідэміі каронавіруса ў Кітаі, Беларусь адправіла туды самалёт з дапамогай. У Кітай даставілі тады лекі, маскі, халаты, пальчаткі, сродкі дэзінфекцыі і гэтак далей.
Паводле tut.by