Дзіўны саміт у Астане

Фармат гэтай сустрэчы трох прэзідэнтаў у Астане ад самага пачатку быў не зусім зразумелы. На старце стварэння цяперашняга інтэграцыйнага саюзу Аляксандр Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Уладзімер Пуцін дамовіліся, што будуць сустракацца раз на паўгода.



8419cab8_7ebb_4697_a2e8_138d8c348b2e_w640_r1_s.jpg

 Апошні саміт прайшоў у снежні ў Маскве. То бок атрымліваецца, што цяперашняя сустрэча — пазатэрміновая. Чаго раптам? Калі гэта саміт Еўразійскага эканамічнага саюзу (ЕАЭС), то чаму не запрасілі прэзідэнтаў Арменіі і Кіргізстану, якія далучаюцца да гэтага аб’яднання?

І абвешчаны парадак дня выглядае трохі нечаканым. Напрыклад, абмеркаванне сітуацыі ва Украіне. Ці настойлівыя ўзгадкі Пуціна пра валютны саюз, фармаванне якога, паводле дакументаў аб стварэнні ЕАЭС, аднесена да 2025 году.

Падаецца, матывы і задачы, якія ставілі перад сабой прэзідэнты, былі розныя. Мяркуючы па ўсім, Пуцін імкнецца прыспешыць працэс інтэграцыі. Пра гэта сведчыць ягоная настойлівасць у пытанні валютнага саюзу. Ідэя збірання зямель былога Савецкага Саюзу вакол Масквы цяпер у Расіі вельмі актуальная. Да таго ж Пуціну, на тле вострых унутраных і вонкавых праблемаў, вельмі патрэбен нейкі міжнародны поспех.

У Лукашэнкі і Назарбаева матывы і трывогі зусім іншыя. Цяпер высвятляецца, што тыя надзеі, мары і спадзяванні, якія існавалі на самым пачатку гэтага інтэграцыйнага працэсу, не спраўдзіліся. Узгадаем, што ў 2010 годзе, калі быў створаны Мытны саюз, прэзідэнты, іншыя афіцыйныя асобы, дзяржаўныя медыі пераконвалі насельніцтва трох краін, што сяброўства ў гэтым аб’яднанні раскрые перад імі шырокія гарызонты, велізарны рынак, дасць рэзкі рост таваразвароту, падштурхне развіццё эканомікі ўвогуле.

Але рэальнасць аказалася зусім не такою. Гандаль паміж краінамі-сябрамі ЕАЭС не расце, а падае. Назарбаеў пасля перамоваў у Астане заявіў, што таваразварот паміж Расіяй і Казахстанам знізіўся на 20%. Такая ж сітуацыя і ў беларуска-расійскім гандлі. У студзені ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014 году экспарт у Расію зменшыўся на 39,6%, на гэтулькі ж упаў імпарт з гэтай краіны.

Прычым, нягледзячы на тое, што з 1 студзеня 2015 году пачаў функцыянаваць Еўразійскі эканамічны саюз, так і не ўдалося стварыць адзіную эканамічную прастору, зону вольнага гандлю паміж краінамі-чальцамі. Толькі 2/3 тавараў і 1/3 паслуг у межах ЕАЭС прадаюцца вольна, астатнія падлягаюць рэгуляванню. Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, выступаючы 6 лютага на паседжанні Міжурадавага савету ЕАЭС, згадаў гэтую праблему: «Цяпер спіс выключэнняў ня толькі не змяншаецца, а наадварот, пачынае зноў павялічвацца».

Усе краіны-ўдзельніцы, не зважаючы на дамовы і рэгламенты ЕАЭС, узводзяць штучныя бар’еры на шляху гандлю. Расія ў лістападзе-снежні мінулага году ўчыніла гандлёвую вайну супраць Беларусі, на беларуска-расійскай мяжы нават часова ўзніклі мытныя пасты. Нядаўна Казахстан заявіў пра намер забараніць пастаўкі шэрагу тавараў з Расіі, бо з прычыны вялізнай дэвальвацыі ў РФ казахстанскія тавары не вытрымліваюць канкурэнцыі з расійскай прадукцыяй.

Калі стваралі ЕАЭС, разлічвалі, што Расія будзе лакаматывам эканамічнага прагрэсу ў саюзе. А выявілася, што, наадварот, РФ стала крыніцай праблемаў для саюзнікаў. Таму і галоўныя прэтэнзіі — да яе.

Лукашэнка падчас сустрэчы з Назарбаевым заявіў: «Тэмпы негатыўныя назапашваюцца, і многае залежыць тут ад Расійскай Федэрацыі». У перакладзе з дыпламатычнай на звычайную мову гэтую тэзу можна расшыфраваць так: Расія павінна кампенсаваць саюзнікам іхнія страты. Магчыма, якраз гэтую тэму абмяркоўвалі кіраўнікі Беларусі і Казахстану на двухбаковай сустрэчы. Калі аб’яднаць высілкі, то ўдвох лягчэй выбіць з Пуціна нейкія льготы ці субсідыі.

Але зусім не факт, што нешта ўдалося. Бо пра нейкія змястоўныя рашэнні нічога не паведамляецца.

www.svaboda.org