Чаму ўлады зноў апалчыліся на апазіцыю?

У апошнія дні сілавікі пачалі затрымліваць актывістаў апазіцыі, а суды прыгаворваць іх да адміністрацыйных арыштаў.

pressure.jpg

На 10 сутак арыштаваныя рэжысёра Вольга Нікалайчык і сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, затрыманыя старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і рэжысёр Аляксей Туровіч, каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі і іншыя апазіцыянеры.
Чым патлумачыць актывізацыю дзеянні ўладаў супраць сваіх апанентаў?

Праваабаронца: Гэта можа сведчыць аб палітычным рашэнні пытання з Курапатамі

На думку намесніка старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянціна Стэфановіча, адной з версій з’яўлялася імкненне ўладаў не дапусціць любымі шляхамі правядзення альтэрнатыўных мерапрыемстваў 3 ліпеня.
— Улады не хацелі псаваць святочную ідылічную карціну несанкцыянаванымі масавымі мерапрыемствамі. У гэтым ключы можна разглядаць затрыманні актывістаў, якія тэарэтычна маглі прыняць удзел у такіх мерапрыемствах, у тым ліку Севярынца і Нікалайчык. Мы бачылі, што 3 ліпеня акцыя была хутка падаўлена практычна не пачаўшыся, адбыліся даволі масавыя для апошняга часу затрыманні: каля 30 чалавек, у тым ліку нашых назіральнікаў. Потым многія былі вызваленыя, логіка ўлады была ў ізаляцыі лідэраў і актывістаў, — адзначае юрыст.
У той жа час, лічыць ён, гэта звязана і з актыўнымі дзеяннямі па абароне Курапатаў, і з пратэстамі супраць рэстарана, які адкрыты каля народнага мемарыяла.
— Хоць перад гэтым улады займалі пазіцыю нейтралітэту, работнікі ДАІ выносілі штрафы, але ўдзельнікаў пратэсту не затрымлівалі і тым больш не падвяргалі арыштам, — падкрэслівае эксперт.
З агульнага кантэксту выбіваецца сітуацыя з Рыгорам Кастусёвым, паколькі ён не меў дачынення да арганізацыі мерапрыемстваў 3 ліпеня і ўвогуле збіраўся ехаць у Польшчу для ўдзелу ў міжнародных сустрэчах.
Па словах Валянціна Стэфановіча, пакуль складана сказаць, ці было гэта сітуацыйнымі паводзінамі ўладаў альбо гэта пачатак новай стадыі ўзмацнення рэпрэсій у дачыненні да актывістаў. Але гэта можа сведчыць аб палітычным рашэнні пытання з Курапатамі.
— Пакуль мы не чулі асобную думку, выказаную дзяржорганамі з нагоды таго, што там адбываецца, але я асцерагаюся, што ўлады вырашылі такім чынам пакласці канец усім гэтым выступам, — кажа праваабаронца.
Палітолаг Уладзімір Мацкевіч запэўнівае, што нічога прынцыпова новага не адбылося, проста з’явіліся новыя падставы для затрыманняў апанентаў улады.
— Ніякага прынцыповага паслаблення не было. Тое, што робяць нашы сілавікі, брыдка і можа асуджацца, але лічыць гэта нейкім адмысловым абвастрэннем не варта, — мяркуе эксперт.
На яго думку, цяжка сказаць, чым кіруюцца беларускія суды, калі даюць апазіцыянерам тыя ці іншыя тэрміны адміністрацыйнага арышту.
— Паколькі ў нас няма незалежнага суда, то гэта вызначаецца тым, якое ўяўленне судзейскіх, калі яны штампуюць свае прысуды, пра тое, што на сённяшні дзень трэба начальству. Рацыянальнае зерне шукаць тут не варта, у краіне ўсё як звычайна, нічога не памяняліся. Хоць Курапаты вельмі моцна раздражняюць сілавікоў, ідэолагаў. Асабліва калі гэта супадае з запрашэннем кіраўнікоў некаторых дзяржаў у Трасцянцы, так што фактар ​​раздражнення ўладаў мае месца, — канстатуе Уладзімір Мацкевіч.
Паводле Заўтра тваёй краіны