Ці гатовая ўлада перайсці да выбараў па партыйных спісах?
«Гавары праўду» нацэлілася на выбары па партыйных спісах, але умоў для развіцця партый у Беларусі пакуль няма.
Рашэнне стварыць
праз паўтара-два гады палітычную партыю грамадзянская кампанія «Гавары праўду»
прыняла праз нібыта інсайдэрскую інфармацыю, што ўлада нібыта рыхтуецца да
пераходу на выбары па партыйных спісах.
Ужо добры дзясятак гадоў беларускую апазіцыю хвалююць чуткі, што ўлада вось-вось пяройдзе ад цяперашніх выбараў па акругах (мажарытарная сістэма) да выбараў па партыйных спісах (прапарцыйная сістэма) альбо да змяшанай сістэмы. Пры гэтым меркаванне старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, што для такой рэформы трэба мяняць Канстытуцыю, апазіцыйныя стратэгі альбо наогул пакідаюць без увагі, альбо лічаць неістотным абмежаваннем.
На форуме «Гавары праўду», які прайшоў 12 лістапада ў Мінску, адзін з яе лідэраў Сяргей Вазняк, абгрунтоўваючы ідэю пераўтварэнні кампаніі ў партыю, спасылаўся на тое, што працэс рэарганізацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі ўжо ідзе. Прыкметы працэсу Вазняк бачыць у тым, што ў новым скліканні Палаты прадстаўнікоў павялічылася партыйнае прадстаўніцтва. Ён не выключыў, што парламенцкія выбары 2020 года могуць прайсці па мажарытарна-прапарцыйнай сістэме.
Аднак калі вывучыць дынаміку партыйнага прадстаўніцтва ў ніжняй палаце парламента (першае яе скліканне не абіралася, а было сфармавана з лаяльнай прэзідэнту часткі распушчанага Вярхоўнага Савета XIII склікання), то бачна, што павелічэнне ў 2016 годзе долі дэпутатаў з партыйнымі білетамі вельмі адносна:
- VI скліканне (2016 г.) — 14,55%,
- V скліканне (2012) — 4,55%,
- IV скліканне (2008 год) — 6,36%,
- III скліканне (2004 г.) — 10,91%,
- II скліканне (2000 год) — 14,81%.
Такім чынам, выснова пра ўзмацненне ролі партыйных дэпутатаў у Палаце прадстаўнікоў залежыць ад выбару пункту адліку, а таксама ад таго, што, уласна, лічыць роляй дэпутата — прадстаўленне інтарэсаў або паслухмянае галасаванне за прапанаваныя прэзідэнтам і ўрадам законапраекты. Пакуль можна канстатаваць: апазіцыйныя структуры натхніліся тым, што па выніках выбараў 11 верасня іншадумцы атрымалі два мандаты.
Безумоўна, у часткі прадстаўнікоў кіруючага рэжыму ёсць жаданне ператварыць прапрэзідэнцкае аб'яднанне «Белая Русь» у палітычную партыю па тыпу «Адзінай Расіі» і разам з лаяльнай кампартыяй падзяліць мандаты дэпутатаў і пасады ў органах выканаўчай улады.
Прэзідэнт ужо некалькі разоў накладаў сваё вета на такія ініцыятывы, таму зараз лідэры «Белай Русі» асцярожныя па частцы артыкуляцыі планаў. Нядаўна яе кіраўнік Аляксандр Радзькоў заявіў: «Сістэмны якасны аналіз, праведзены ў ходзе ў тым ліку і гэтай парламенцкай кампаніі, паказаў, што на сённяшні дзень у беларускім грамадстве відавочна не выяўлены запыт на палітычныя партыі».
Але пры гэтым у заканадаўстве з'явілася працэдура пераўтварэння грамадскага аб'яднання ў партыю. Гэта значыць як толькі воля кіраўніка дзяржавы памяняецца, то прыдворная палітыка адразу пераўтворыцца з беспартыйнай ў партыйную.
Вядома, пра самастойнасць меркаванай партыі ўлады ніхто не кажа, але яе інстытуцыяналізацыя ўтварае для служыцеляў кіруючага рэжыму больш зразумелую сістэму арыенціраў і сацыяльных ліфтаў, а значыць з'яўляецца выгоднай.
Што ж тычыцца астатніх партый — тых, што не з’яўляюцца шрубкамі ў сістэме кіруючага рэжыму, — то яны могуць прэтэндаваць толькі на рэшткі ад дзяльбы пірага. Пры гэтым сістэма такая, што атрыманне і такіх кавалкаў не звязанае з практычнай партыйнай дзейнасцю, а з'яўляецца нейкай асабістай здзелкай канкрэтнага чалавека з тымі, хто размяркоўвае дэпутацкія мандаты, альбо следствам знешнепалітычнай кан'юнктуры.
У свой час стала вымушаным крокам стварэнне Партыі БНФ у якасці юрыдычнага парасоніка для руху БНФ «Адраджэнне». Тады прычынай паслужыла змяненне выбарчага заканадаўства, у выніку чаго партыі набылі магчымасць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты.
Для БНФ стварэнне партыі было няпростым рашэннем, так як рух аб'ядноўваў людзей з рознымі палітычнымі поглядамі, у ім былі і сябры іншых партый. Не выключана, што наступны раскол БНФ на дзве партыі быў выкліканы не толькі амбіцыямі Зянона Пазьняка, Юрыя Хадыка, Вінцука Вячоркі, Віктара Івашкевіча, Юрася Беленькага, але і самой логікай партыйнага будаўніцтва, неабходнасцю факусоўкі на пэўнай партыйнай ідэалогіі.
У «Гавары праўду» цяпер ідэалогіі няма. Грамадзянская кампанія аб'ядноўвае шэраг былых і дзеючых сяброў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», але большасць актывістаў «Гавары праўду» — беспартыйныя з вельмі рознымі поглядамі.
Некаторыя ўдзельнікі форуму 12 лістапада ўздымалі пытанне адсутнасці ідэалогіі. Сустаршыня «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў на гэта адказаў: «Гэта будзе цэнтрысцкая партыя, партыя для чалавека, які плаціць падаткі, але [зараз] не можа даведацца, на што яны ідуць. Мне здаецца, мы пабудуем унікальную партыю, партыю інтарэсаў мільёнаў, партыю, якая выбірае не канфлікты, а якая адкрыта для супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння».
Большасці дэлегатаў адказ Дзмітрыева здаўся пераканаўчым, але па сутнасці гэта больш падобна на сыход ад адказу. Стваральнікам новай партыі трэба будзе вызначыць больш канкрэтныя каардынаты на права-левай палітычнай шкале. Акрамя таго, у беларускім выпадку геапалітычны выбар на сістэме каардынатаў паміж Расіяй і Еўропай таксама мае важнае значэнне.
Нарэшце, невядома, колькі з цяперашніх актывістаў «Гавары праўду» будуць гатовыя падпісацца пад праграмай стваранай цэнтрысцкай партыі. Верагодна, нездарма Вазняк выступіў за абавязковае захаванне кампаніі «Гавары праўду» і пасля стварэння аднайменнай партыі.
Для стварэння партыі па беларускім заканадаўстве трэба мець тысячу «штыкоў». Цяпер «Гавары праўду», па словах кіраўніцтва, аб'ядноўвае каля 700 чалавек. Пад выбарчую кампанію можна знайсці і пяць тысяч валанцёраў, але гэта разавая праца. А стварэнне партыі мае на ўвазе пастаяннае сяброўства, прычым сяброўства ў адной партыі. Гэта значыць, што некаторым актывістам «Гавары праўду» трэба будзе адмовіцца ад старых багоў.
І апошняе. Мінюст гадамі не рэгіструе новыя палітычныя партыі — іх стваральнікі, па версіі чыноўнікаў, якія не могуць сабраць у адным месцы патрэбную колькасць заснавальнікаў, а калі могуць сабраць, то не могуць правільна аформіць дакументы. «Гавары праўду» ужо чатыры разы спрабавала зарэгістравацца ў якасці грамадскага аб'яднання, але пакуль безвынікова.
Такім чынам, высокая верагоднасць, што «Гавары праўду» у сваім новым абліччы папоўніць спіс вечна чакаючых рэгістрацыі аргкамітэтаў па стварэнні «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі», Партыі справядлівасці і прагрэсу, Беларускай партыі працоўных, Беларускай партыі жанчын «Надзея».
Паводле naviny.by