У 10 кавярнях Мінска з’явіліся паліцы для буккросінгу MOVABOX з беларускай літаратурай
З 16 лістапада ў межах MOVABOX — сацыяльна-культурнага праекта кампаніі velcom у падтрымку беларускай літаратуры — пачынае дзейнічаць беларускамоўны буккросінг.
Буккросінг — гэта грамадскі рух, які ўяўляе сабою абмен кнігамі паміж незнаёмымі людзьмі. Кожны яго ўдзельнік можа пакінуць кнігу, якой хоча падзяліцца, у спецыяльна абазначаным месцы і замест яе ўзяць любую іншую. Па ініцыятыве кампаніі velcom кніжныя паліцы для буккросінгу, на якіх змесцяцца кнігі з творамі сучасных беларускіх аутараў, будуць усталяваныя ў кавярнях Мінска і абласных гарадоў Беларусі.
Першымі сваё месца на паліцах для буккросінгу занялi кнігі Людмілы Рублеўскай з цыкла аб прыгодах Пранціша Вырвіча — «Авантуры студыёзуса Вырвіча» і «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча». Менавіта творам гэтай пісьменніцы прысвечаны першы MOVABOX — унікальны набор, у які ўваходзяць кніга і звязаныя з ёй артэфакты. Атрымаць яго змогуць 20 шчасліўчыкаў, якiя пройдуць адпаведны тэст на сайце праекта movabox.by.
Праект MOVABOX робіць акцэнт на творчасцi прадстаўнікоў сучаснай беларускай літаратуры. Таму на паліцах буккросінга таксама прадстаўлены такія кнігі, як раман Юрыя Станкевіча «Паўночны вецер для спелых пладоў», зборнік літаратурных эсэ Андрэя Федарэнкі «Сечка», калекцыя літаратурных замалёвак ад Адама Глобуса пад назвай «Партрэты».
Праект MOVABOX вынікае з яшчэ адной ініцыятывы кампаніі — «Чытаем па-беларуску з velcom», мэта якой — пазнаёміць вучняў малодшых класаў з беларускімі пісьменнікамі, паэтамі і іх творамі, зацікавіць дзяцей родным словам. Настаўнікамі на такіх уроках для вучняў 2-3 класаў выступаюць вядомыя дзіцячыя пісьменнікі і паэты: Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Алёна Масла, Наталля Бучынская. Да канца бягучага года праект «Чытаем па-беларуску з velcom» ахопіць усю Беларусь і ў агульнай колькасці каля 20 000 вучняў малодшых класаў.
«Творы сучасных беларускіх аўтараў сапраўды вартыя таго, каб іх чыталі і дзеці, і дарослыя – як вартая таго і беларуская літаратура ўвогуле. Стартам беларускамоўнага буккросінгу у праекце MOVABOХ мы імкнемся дапамагчы кнігам прыйсці да свайго чытача. Яшчэ адна наша мэта — паказаць усю разнастайнасць і шматграннасць беларускага літаратурнага працэсу. У гэтым можна пераканацца нават на прыкладзе ўжо прадстаўленых у праекце твораў: ад трапных назіранняў і разваг у фармаце мініяцюры да выразных літаратурных партрэтаў, ад захапляльнага гістарычнага фэнтэзі да сучаснага рэалізму. Спадзяёмся, што праз некаторы час гэтая калекцыя папоўніцца не менш цікавымі экземплярамі — магчымасць зрабіць свой унёсак у развіццё праекта мае кожны», — адзначыў Вячаслаў Смiрноў, кiраўнiк аддзела карпаратыўных камунiкацый кампаніі velcom.
Згодна правілам буккросінгу, узяць адну з прапанаваных арганізатарамі кніг, каб прачытаць і скласці сваё ўласнае меркаванне аб сучасных творах беларускай літаратуры, можа кожны, хто мае адпаведнае жаданне. Прачытаныя кнігі будуць вяртацца ў MOVABOX, каб з імі маглі пазнаёміцца і іншыя чытачы. Таксама ўсе жадаючыя запрашаюцца далучыцца да букроссінгу і пакідаць на спецыяльных паліцах кнігі беларускіх пісьменнікаў на свой уласны густ.
На паліцах для беларускамоўнага буккросінгу можна знайсці не толькі творы мастацкай літаратуры. Для тых, хто хоча палепшыць свой узровень валодання беларускай мовай ці ўзяцца за яе вывучэнне з самага пачатку, арганізатары дадалі у спіс кніг падручнік «Мова Нанова: 20 крокаў да беларускай мовы».
Увогуле да ініцыятывы кампаніі velcom далучыліся 10 кавярняў у Мінску. Праз некаторы час буккросінг ад MOVABOX прыйдзе ў іншыя гарады Беларусі.