Блогер у мяху. Ці чакае нас рымейк 2015 года?

Тое, што ў Беларусі абвесцяць выбарчую кампанію, было зразумела яшчэ да рашэння Палаты прадстаўнікоў.

youtube.com.jpg


Па ўсёй краіне пачаліся затрыманні актывістаў. Пад раздачу трапілі тыя, хто «карміў галубоў» у Брэсце ды іншых гарадах, імкнуўся правесці «антыпарад» у Бабруйску. У Магілёве быў затрыманы блогер Ціханоўскі і адпраўлены «даседжваць» суткі, якія прысудзілі яму яшчэ ў студзені, а таксама людзі, якія прыйшлі падтрымаць яго пад мясцовае «Акрэсціна». Па даных праваабаронцаў, агулам з 6 па 9 траўня па ўсёй краіне былі затрыманы ці выкліканы ў міліцыю для складання пратаколаў прыкладна 120 чалавек.
Не ўстрымаліся ўлады і ад затрымання недзяржаўных журналістаў. Як мінімум пяць чалавек, маючых журналісцкае пасведчанне, абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мітынгах у падтрымку блогера, якія яны асвятлялі.
Па даных праваабаронцаў, з затрыманымі абыходзіліся даволі жорстка, і прысуджалі да адміністрацыйных арыштаў на тэрміны ад 2 да 15 сутак. Ціск на актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў — гэта ў Беларусі яскравая прыкмета пачатку палітычнай кампаніі.
Выбары, абвешчаныя на 9 жніўня, ужо дастаткова цікавыя. Не толькі таму, што яны будуць праходзіць ва ўмовах каронавіруса і самаізаляцыі. Найперш, у іх адмовілася ўдзельнічаць «тытульная апазіцыя». Пасля правалу «праймерыз» яго ўдзельнікі заклікалі да пераносу выбараў на лістапад 2020 года (як мінімум) і абвясцілі кампанію «Беларусь без дыктатуры». Партыя БНФ адмовілася ад удзелу ў выбарах пад любым выглядам, яшчэ раней ад вылучэння свайго кандыдата адмовіліся «Зялёныя». Нават апазіцыйныя камуністы запатрабавалі адкласці выбары да заканчэння эпідэміі.
Канешне, без звыклых асобаў не абыйдзецца. Мікалай Статкевіч, напрыклад, працягвае сваю тактыку па рэгістрацыі «кандыдатаў пратэсту» — заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп падалі тры чалавекі. Не адмовіліся ад удзелу Алег Гайдукевіч, лідар ЛДП і Андрэй Дзмітрыеў, сустаршыня «Гавары праўду». Пра прэзідэнцкія планы заявіла Ганна Канапацкая.
Сярод «навічкоў» — ужо згаданы блогер Сяргей Ціханоўскі, экс-пасол Беларусі ў ЗША і экс-кіраўнік ПВТ Валер Цапкала, які раптоўна «стаў відушчым» і заявіў, што «Звыш чвэрці стагоддзя… у краіне зацвярджаліся сямейныя, неафеадальныя адносіны з магчымасцю праявы розных формаў капрызнасці, бесцырымоннасці і грубасці ў адносінах да тых, хто стаіць ніжэй у сацыяльнай лесвіцы». Пра свае амбіцыі заняць вышэйшую дзяржаўную пасаду заявіў і новы лідар БСДГ Сяргей Чэрачань.
І зусім ужо невядомыя асобы ідуць у кампанію ці то дзеля піяру, ці то дзеля падвышэння пачуцця ўласнай вагі: Наталля Кісель, намесніца старшыні асацыяцыі грузаперавозчыкаў «Рэгіён 8»; Юрый Ганцавічаў, фермер з Гомельскай вобласці (памятны тым, што ўвосень 2019 года хацеў стаць дэпутатам парламента па Гомельскай-Юбілейнай акрузе і прыводзіў на агітацыйныя пікеты кароў і коз); і Уладзімір Правальскі, прадпрымальнік (на выбарах-2010 у яго былі прызнаныя сапраўднымі толькі 118 з 109338 пададзеных подпісаў).
Зразумела, што сто тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, збяруць далёка не ўсе. Як ні дзіўна, найбольшыя шанцы ў гэтым плане былі ў Ціханоўскага, у якога 130 тысяч падпісчыкаў толькі на YouTube.
«Былі шанцы», таму што прэтэндэнт у кандыдаты павінен асабіста і не пазней за 15 траўня падаць у ЦВК дакументы, неабходныя для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Ціханоўскі, які 6 траўня быў затрыманы на 15 сутак, гэта зрабіць, зразумела, не можа. І калі Лукашэнку асабістую адсутнасць пры здачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў 2015 годзе прабачылі, то Ціханоўскаму прабачаць наўрад ці.
То-бок, улады адразу ж заняліся «селекцыяй і адборам» зручных для Аляксандра Рыгоравіча будучых супернікаў. Таму і пачалі ціснуць у першую чаргу менавіта на прыхільнікаў блогера — прычым тых, якія здолелі выйсці з-за манітораў кампутараў (менавіта гэта вялікая праблема інтэрнэтных структураў — перавесці сваіх прыхільнікаў з анлайну ў афлайн) і пачаць сустракацца ўжывую.
З Ціханоўскім выбары былі б больш яскравыя. Ва ўмовах адмовы ад удзелу ў іх «тытульнай апазіцыі» на першы план выходзіць апазіцыя сацыяльная — блогеры, грамадскія актывісты, ініцыятары лакальнага пратэсту. Збольшага гэтыя людзі не маюць звыклай агульнай вядомасці ў краіне, аднак кожны з іх з’яўляецца аўтарытэтам «на месцах». І нарэшце, яны даспелі да таго, што іх праблемы без палітыкі не вырашаюцца. Як да гэтага ў мінулым годзе даспелі праціўнікі запуску завода АКБ у Брэсце, пачаўшы свае кампаніі па вылучэнні дэпутатамі парламента.
Мажліва, Ціханоўскі далучыцца да іншага кандыдата ў прэзідэнты. Калі не — нас чакае рымейк «кампаніі-2015», — даволі сумнай, не вельмі цікавай і з загадзя вызначаным вынікам.