Беларусь наведаў прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Эрык Рубін
Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Эрык Рубін знаходзіўся ў Мінску 2–4 чэрвеня.
Як паведаміла прэс-служба пасольства ЗША ў Беларусі, падчас візіту Рубін правёў "шырокае кола сустрэч", у тым ліку з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, прадстаўнікамі
дыпламатычнага корпусу і грамадзянскай супольнасці, а таксама са сваякамі палітзняволеных.
"Падчас сустрэч Рубін вывучыў магчымасць далейшага ўмацавання супрацоўніцтва з Беларуссю па пытаннях, што ўяўляюць узаемную цікавасць, — такіх, як барацьба з гандлем людзьмі,
пашырэнне дзелавых кантактаў. Разам з тым ён звярнуўся да даўніх пытанняў, якія выклікаюць заклапочанасць ЗША і тычацца неабходнасці паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратызацыі",
— гаворыцца ў паведамленні.
У сваю чаргу прэс-служба МЗС Беларусі паведаміла, што на сустрэчы Макея і Рубіна абмяркоўваліся "наяўныя пытанні двухбаковага парадку дня". "Адбыўся абмен меркаваннямі наконт
перспектыў далейшага развіцця беларуска-амерыканскага супрацоўніцтва, — заўважаецца ў паведамленні. — Асабліва адзначана неабходнасць адмены санкцый, якія перашкаджаюць развіццю
нармальных адносінаў паміж Беларуссю і ЗША".
Як паведаміла БелаПАН жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, на сустрэчы са сваякамі палітзняволеных 4 чэрвеня Эрык Рубін заявіў: пазіцыя ЗША па пытанні
беларускіх палітзняволеных застаецца нязменнай.
Як стала вядома БелаПАН, запланаваная сустрэча Рубіна з лідарамі апазіцыі не адбылася — яны знаходзяцца ў Вільнюсе, дзе гэтымі днямі праходзіць канферэнцыя па абмеркаванні планаў апазіцыі ў
святле выбараў прэзідэнта Беларусі, якія адбудуцца ў 2015 годзе.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН