Беларусь патрапіла на сусветную мапу пераследу хрысціянаў
Беларусь разам з Расіяй адзначаныя як краіны, дзе існуе «сярэдні» пераслед хрысціянаў — праз ціск, які аказваюць звязаныя з РПЦ (Маскоўскі патрыярхат) дзяржавы на іншыя хрысціянскія супольнасці.
Пра гэта вядзецца ў дакладзе праекту «Пад мячом Цэзара», які прэзентавалі ў Вашынгтоне.
Даклад засяроджваецца на больш жорсткім прыгнёце ці нават генацыдзе хрысціянаў у ісламскіх ці камуністычных краінах, аднак згадвае таксама і Расію.
«Пры Уладзіміры Пуціне адносіны паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і расійскай дзяржавай самыя блізкія з часоў царызму. У выніку адчуваюць дыскрымінацыю іншыя хрысціяне, якія складаюць менш за 5 адсоткаў насельніцтва Расіі і складаюцца з пратэстантаў розных дэнамінацыяў, каталікоў… Хоць пераслед не такі адкрыты, як у Кітаі ці Саудаўскай Аравіі, федэральныя, рэгіянальныя і мясцовыя ўлады ў Расіі тым ня менш рэзка абмяжоўваюць рэлігійную свабоду», — адзначаецца ў дакладзе.
Гледзячы па тым, што Беларусь адзначаная на мапе такім жа, як і РФ колерам, які адпавядае «краіне з сярэднім узроўнем пераследу», аўтары лічаць, што падобная ж ацэнка датычыцца і дзеянняў нашай дзяржавы. У тэксце даклада Беларусь не згадваецца.
Асноўную ўвагу даклад скіроўвае на пакуты хрысціянаў у Афрыцы і Азіі.
«Згодна з паведамленнямі, каля 200 мільёнаў хрысціянаў жывуць пад пагрозай фізічнага гвалту, зняволення, катаванняў ці нават смерці з-за таго, што яны маюць веру, якая непрымальная для валадароў у той ці іншай часткі свету», — адзначыў каталіцкі арцыбіскуп Вашынгтона кардынал Дональд Вёрл падчас прэзентацыі даклада ў Нацыянальным клубе прэсы ў сталіцы ЗША.
Амаль кожную гадзіну дзесьці на Зямлі забіваюць хрысціяніна, сказаў кардынал, перадае сайт, які першы сярод амерыканскіх СМІ паведаміў пра падзею.
Гэта адпавядае лічбе, якую называў у аналізе Цэнтр вывучэння новых рэлігіяў у Турыне, па ацэнках якога ў 2016 годзе загінула ад рук рэлігійна матываваных забойцаў каля 9.000 хрысціянаў. Гэта прыкладна на 20 адсоткаў болей, чымся ў 2015 годзе.
Даклад аналізуе стратэгіі выжывання і барацьбы, якія выкарыстоўваюць хрысціяне ў розных краінах, каб захаваць магчымасць практыкаваць сваю веру. Пераважна гэта негвалтоўныя метады ўхілення ад пераследу, стварэння міжрэлігійных групаў за свабоду веравызнання, адаптацыі да існуючых афіцыйных ці негалосных абмежаванняў.
Аднак часам хрысціяне бяруць для самаабароны зброю, як гэта адбылося ў Сірыі. Там дзейнічае як мінімум некалькі хрысціянскіх апалчэнняў, якія змагаюцца супраць ісламістаў. Напрыклад, хрысціянскае апалчэнне «Сірыйская вайсковая рада» ўваходзіць у склад «Сірыйскіх дэмакратычных сіл», вайскова-палітычнага абʼяднання, якое атрымлівае ваенную дапамогу ЗША і адначасова ваюе з ісламістамі і мясцовым прэзідэнтам Башарам Асадам.
Найбольш
жорстка, адзначаецца ў дакладзе, хрысціянаў пераследуюць камуністычныя рэжымы,
такія як Паўночная Карэя (КНДР), ці ісламісцкія калядзяржаўныя ці недзяржаўныя
структуры, такія як тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».
Аднак
і ў дэмакратычных краінах адбываецца дыскрымінацыя хрысціянаў. «Індыя, самая буйная дэмакратыя ў свеце,
хоць мае рэпутацыю месца рэлігійнага міру і здаровага плюралізму, абрала ўрад
індуісцкіх шавіністаў, які мае шчыльныя сувязі з экстрэмісцкімі групоўкамі,
якія распальваюць гвалт у дачыненні да хрысціянскай і мусульманскай меншасці.
Існуе традыцыя рэлігійнай талерантнасці ў Інданезіі, самай вялікай
мусульманскай дэмакратыі, аднак механізмы дэмакратыі і бюракратыі даюць
магчымасць ісламістам дыскрымінаваць хрысціянскую меншасць», — адзначаюць
аналітыкі.
У апошняй частцы даклада прапанаваныя рэкамендацыі для дзяржаўных органаў, міжнародных і недзяржаўных арганізацыяў, журналістаў, рэдакцый СМІ і навукоўцаў для зніжэння гвалту і дыскрымінацыі ў дачыненні да хрысціянаў і іншых рэлігійных меншасцяў.
«Гэта не проста крызіс для хрысціянаў, які мае турбаваць толькі хрысціянаў. Гэта крызіс чалавечнасці», — адзначыў арцыбіскуп Вашынгтону.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu