Амбасадарка ЗША назвала рэпрэсіі ў Беларусі анамаліяй у сучаснай Еўропе

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр пракаментавала апошнія факты масавага пераследу грамадскіх арганізацый у Беларусі.

3f87f66c_ccc3_4c70_8c30_e9ea7341ffda_cx0_cy1_cw0_w1023_r1_s.jpg


«Колькасць затрыманняў павялічваецца з кожнай гадзінай. Бязлітасная кампанія рэжыму Лукашэнкі па крыміналізацыі незалежных галасоў, праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасці з’яўляецца анамальным выпадкам у сучаснай Еўропе і прычынай міжнароднай ізаляцыі Беларусі», — напісала Джулі Фішэр у Твітары, перадае «Радыё Свабода».

Нагадаем, што беларускія ўлады не даюць амбасадарцы ЗША Джулі Фішэр візу для ўезду ў краіну. Кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей заявіў, што няма сэнсу выдаваць візу, калі Фішэр прыедзе, каб крытыкаваць рэжым. Пасля гэтага намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас паведаміў, што Фішэр будзе пакуль што працаваць у Вільні і можа быць часова акрэдытаваная ў гэтай краіне.