«Мы не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці»

Пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр «Вясна» не збіраецца спыняць сваю праваабарончую дзейнасць пасля масавых ператрусаў, якія праходзяць сёння ў грамадскіх арганізацыях Беларусі.

vyasna.jpg


Вядома, што 14 ліпеня ператрусы прайшлі ў офісах і сябраў БАЖ, «Вясны», БХК, «Lawtrend», Руху «За Свабоду», Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», Офісе еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, арганізацыі «Гендарныя перспектывы», «Саюзе беларускіх пісьменнікаў», фондзе імя Льва Сапегі, у «Трэцім сектары», «BEROC», Партыі БНФ, «Аб'яднанай грамадзянскай партыі», «Human Constanta», у «Імёнах». Вядома пра затрыманні чальцоў «Вясны» і іншых арганізацый, піша REFORM.by.

У сувязі з гэтым «Вясна» ў чарговы раз заявіла аб выключна легітымных мэтах, якія пераследуе, а таксама аб ажыццяўленні мірнай дзейнасці па абароне правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі, гарантаваных як Канстытуцыяй краіны, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека. Яны называюць пераслед за гэтую дзейнасць палітычна матываваным і заяўляюць, што матывам гэтага з’яўляецца барацьба за зацвярджэнне і прасоўванне правоў чалавека і дзеянні ў абарону права на жыццё, свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў.

«Мы выказваем рашучы пратэст з нагоды чарговай хвалі рэпрэсій у дачыненні да сябраў арганізацыі і супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі ў цэлым і заяўляем, што не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці», — гавораць праваабаронцы.

Праваабаронцы патрабуюць вызвалення калег, спынення рэпрэсій у краіне і вызвалення ўсіх палітвязняў.

«Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі і праваабаронцаў ўсіх краін выказаць свой рашучы пратэст супраць далейшага грубага парушэння правоў чалавека і пераследу праваабаронцаў у Беларусі», — заяўляюць яны.

Таксама у чарговы раз паўтараецца патрабаванне спыніць рэпрэсіі ў краіне і вызваліць усіх палітычных зняволеных.