Зміцер Вайцюшкевіч прэзентаваў канцэрт памяці Генадзя Бураўкіна (фота, відэа)

Музычная праграма ад Змітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra «Дачакайся, матуля» на вершы паэта Генадзя Бураўкіна прадстаўлена 26 траўня ў Мінску ў Палацы культуры імя Шарко.

18720951_10213042750604903_699206231_o_logo.jpg


Падчас сольнага канцэрта гучалі лепшыя песні на cловы паэта Генадзя Бураўкіна — аднаго з выбітных лірыкаў беларускай паэзіі, які пайшоў з жыцця амаль тры гады таму — 30 траўня 2014 года. Зміцер Вайцюшкевіч таксама раз-пораз чытаў прыгожыя лірычныя вершы Генадзя Бураўкіна.
Першае супрацоўніцтва Вайцюшкевіча з Бураўкіным адбылося дзесяць год таму — тады выйшаў альбом «Лірыка», цалкам напісаны на вершы паэта. Пазней Зміцер ствараў з Генадзем Мікалаевічам кампазіцыі для альбомаў «Тое, што трэба» (2008), «Варанок» (2013), «Наша песня» (2015). Былі і неальбомныя творы — напрыклад, песня «Дакачайся, матуля», якая і дала назву праграме.
Гледачы вельмі цёпла сустрэлі Змітра Вайцюшкевіча. Поўная заля ахвотна падхоплівала знаёмыя і любімыя песні і пасля заканчэння канцэрту тройчы выклікала музыку на біс. Напрыканцы канцэрта Зміцер Вайцюшкевіч выканаў песню "Нібыта музыка не тая" на словы Уладзіміра Някляева адмыслова для свайго сябра паэта, а таксама знакамітую "Калыханку" Генадзя Бураўкіна.

Нагадаем, гэта ўжо другі ў гэтым годзе сольны канцэрт колішняга апальнага музыкі, які ладзіцца на вялікай сцэне ў Беларусі. 8 красавіка Зміцер Вайцюшкевіч разам з WZ-Orkiestra бліскуча выступілі у Мінску з праграмай «Бывайце здаровы, жывіце багата» прысвечанай 80-годдзю знакамітай песні на словы беларускага паэта і музыкі Адама Русака.