Вайцюшкевіч: «Прыехаў хлопец з Бярозаўкі і спрабуе сябе ў чымсьці новым»
Сакрэт кніжкі ў тым, што я абавязаны быў раз на тыдзень прыдумаць ці згадаць пяць гісторый. І для кожнага з нас такія ўспаміны — каштоўнасць.
Журналіст budzma.by распытаў Змітра Вайцюшкевіча пра кнігу «Простыя словы», літаратурных настаўнікаў, ЗША і жыццё пасля забароны канцэртаў.
Пра кнігу «Простыя словы»
Кнігі — гэта ў Марціновіча і Някляева, у мяне хутчэй кніжачка. Гэта хутчэй не пісьменніцкая амбіцыя, а амбіцыя радыёвядоўцы, хацелася паспрабаваць сябе ў новай якасці. Радыё такую магчымасць давала, я не ўяўляў нават, што такое прыдумванне нейкіх гісторый, гэта былі пэўныя мае развагі. У кніжцы бачныя і характар, і асоба, я і на сцэне чалавек досыць адкрыты. Кожны з нас можа дазволіць сабе стаць кім-небудзь яшчэ. Я там напісаў, што калі задацца мэтай, то праз 20–25 гадоў можна і ў прэзідэнты балатавацца, толькі трэба атрымаць завочную юрыдычную адукацыю, стварыць рух. Так і з пісьменніцкай справай.
Пра літаратурных настаўнікаў
Перш за ўсё ўплываюць на цябе тыя, з кім працуеш. Гэта і Някляеў, і Камоцкі, і Барадулін, і Бураўкін, і Анемпадыстаў, і Вольскі, і Ваячак, і Маякоўскі — аўтараў вельмі шмат. Калі працуеш з чужым вершам, высвятляеш, што метафары адкрываюцца не з першага разу. Таго самага Барадуліна разумееш з кожным годам па-іншаму. І адукацыйны момант, бо калі спасылацца на настаўнікаў, то гэта мае суаўтары, на вершы якіх я пісаў песні. А ўжо пра асабісты літаратурны талент. Каб я меў настолькі падрыхтаваную літаратурную назапашанасць, то, можа, за гэта і не ўзяўся б. А так прыехаў хлопец з Бярозаўкі, пачаў пісаць, спрабуючы адкрыць у сабе новую якасць. Можа, у кагосьці гэта неяк адгукнулася.
Пра адчуванні ад першай кнігі
Дзеля адчування, калі трымаеш кнігу ў руках, дзеля гэтага варта было ўсім гэтым займацца, перажываць. Бо доўга рыхтавалі, рэдагавалі, выдавалі. Пасля таго як з’явіўся Горват, я падумаў: мо і не трэба яно, мо людзі скажуць: «Хай бы лепш спяваў». Але гэта такі жыццёвы ўніверсітэт. Гэта як купіць свой першы дом ці першую машыну. Будуць і наступныя, але так цешыць яны ўжо не будуць.
Як я напісаў: гэтую кніжку можна чытаць ці не чытаць, падараваць, распаліць вогнішча ці падкласці пад дупу. Гэта рэч, пра якую можна сказаць: «Я б лепш згуляў у футбол ці стаў кіраўніком беларускага тэлебачання». Але так я спрычыніўся да свету беларускай літаратуры, чым ганаруся.
Пра працяг пісьменніцкай дзейнасці
Мне б вельмі хацелася, каб гэта была не апошняя кніга, але для таго павінныя быць умовы, каб гэта быў такі пачэсны абавязак пісання, каб было патрэбна. Напрыклад, радыё, бо мне было зручна. Я быў бы абавязаны пісаць. Сакрэт кніжкі ў тым, што я абавязаны быў раз на тыдзень прыдумаць ці згадаць пяць гісторый. І для кожнага з нас такія ўспаміны — каштоўнасць. Мы пражываем вялікае жыццё, не звяртаючы ўвагі на свае сустрэчы з чымсьці, кімсьці, з самім сабой, урэшце. А гэта ўсё варта фіксаваць. Шмат для каго такой фіксацыяй сталі сацыяльныя сеткі, але гэта не зусім тое.
А раптам з’явіцца такі рэдактар на радыё, якому будзе не хапаць чалавечага погляду, простага. Я вельмі паважаю тых, хто ўмее пісаць складана, але ў мяне ж словы «простыя». Я вельмі шкадую, што не зафіксаваў некаторыя свае вандроўкі і перажыванні. Той, хто ў сталым узросце пайшоў, так сказаць, на «кантакт з паперай», ведае, што гэта адчуванне магічнае.
Я зайздрошчу драматургам і сцэнарыстам і мару пра такую кар’еру. Не ведаю, што яны кураць ці п’юць, але нараджаць героя ці антыгероя вельмі цікава. Можа, і паспрабую сябе ў гэтым кірунку.
Пасля працы над «шведскім» альбомам я зразумеў, што гісторыі з маёй кнігі маглі б быць вершамі, але напісанне вершаў — няпростая справа. Атрымаліся такія сабе вершы ў прозе.
Пра Паўночную Амерыку
Трэба казаць «Амэрыка», мяне выправіла Ала Орса-Рамана, бо так пісьменна гучыць. Я ўжо трэці раз там за апошнія дзевяць гадоў. Мне падабаецца гэтая краіна, але не ўпэўнены, што хацеў бы там жыць. Я прывожу туды сваю Беларусь, у іх, нашых суайчыннікаў былых, яна свая, Беларусь там існуе, жыве, развіваецца. Яна досыць моцная, гэтая амерыканская Беларусь. Для людзей, якія там жывуць, важна адчуваць сябе Беларусамі.
Канада, дарэчы, больш падобная да Беларусі, але гэта таксама не маё адкрыццё. У апошні свой прыезд я зразумеў, што беларусы там заяўляюць пра сябе, і іх заўважаюць. Дзякуючы той самай Радзе БНР пра беларусаў і Беларусь чулі ў найвышэйшых колах і ведаюць, што гэта не нейкая фантастычная краіна.
Пра амерыканскую культуру і альбом у стылі кантры
Каб па-сапраўднаму пагрузіцца ў гэтую тэму, трэба некалькі гадоў, прайсці пэўны «ўніверсітэт». Што да музыкі кантры, то можна паспрабаваць зрабіць нешта ў такім стылі, але гэта не будзе да канца гісторыя, патрэбная мне. Гэтая музыка нясе нейкі свет, нешта пазітыўнае, хоць і не люблю я гэтае слова. Вось беларуская роспач альбо туга можа даць цікавае спалучэнне з гэтым. Але цяпер у мяне ў прыярытэце іншыя рэчы.
Пра беларускіх музыкаў шмат кажуць нават украінцы: што ім, маўляў, трэба слава глабальная, а мы, беларусы, у сябе праславіліся і нам дастаткова. Мне хацелася б, каб у Расіі, напрыклад, беларускія песні ўспрымаліся ці ва Украіне, але тут ёсць маркетынгавыя нюансы. Пакуль гэта не так, мне цікава разбірацца з тым, што маю сёння і тут.
Пра новыя праекты
Будзе нешта «фінальнае» супольнае з Уладзімірам Някляевым, хаця ў гэтым выпадку казаць пра фінальнае заўжды цяжка. Варшаўскі скрыпічны квартэт, піяніст і гітарыст увосень прэзентуюць дыск песняў на вершы Някляева і музыку Вайцюшкевіча.
Мне б хацелася новага гучання, новага гуку, інструментальнага самавыяўлення. Цяпер хачу стварыць уласную міні-студыю, каб працаваць можна было проста дома.
Будзе праект «Расстраляная паэзія», дзе я выконваю адну песню.
Таксама запісваюцца казкі Вольгі Гапеевай з яе кнігі «Сумны суп», аўдыяверсіі казак з музычным аздабленнем. Нават Стэфан Эрыксан запісаў адзін трэк — казку Норквіста «Блінны торт». Хочам запусціць гэты праект у інтэрнэт, каб было што ўвечары паставіць дзецям і каб гэта гучала па-сучаснаму.
Вельмі цікавая тэма — эмігранцкая паэзія, з некаторымі аўтарамі я нават сустракаўся асабіста, мы шмат сядзелі з імі і разважалі, беларуская літаратура за мяжой хоць па-свойму, але жыве.
Пра дазволеныя канцэрты
Калі ты за шэсць гадоў забароны не адышоў ад музыкі, то ўсё ў парадку. Бо ведаю прыклады, калі людзі змянялі прафесію з музычнай на іншую, а пасля спрабавалі вярнуцца і разумелі, што ў адну раку нельга ўвайсці двойчы.
Што сказаць? Я ўсцешаны, бо дзе мне выступаць, як не ў Беларусі? Мая аўдыторыя — тут. Хацелася б уразіць і палякаў, і немцаў, і гэтак далей, але галоўны мой слухач тут.
Я казаў, што беларусы маюць і глабальныя запатрабаванні (ад Шастаковіча да Лэдзі Гагі), але душа ж патрабуе і свайго ў тым ліку: Вольскага, Саладухі, Вайцюшкевіча. Мне гэта важна, я спадзяюся, што працэс будзе развівацца.
Я б хацеў будаваць праграму ўнутранага развіцця, супольнага з аўдыторыяй, каб разам пашыраць гарызонты. Бо мастацтва ратуе нас ад безнадзейнасці: прыйшоў на канцэрт — забыўся пра ўсе свае праблемы. Хацелася б, каб афіцыйныя артысты павярнуліся калі не ў бок Беларусі, дык хаця б у свой уласны.
Я за час забароны пераключаўся на літаратуру, на працу на радыё. Пераключаўся на агратурыстыку. Трэба зразумець, што 70 гадоў забароненым паэтам і артыстам было нашмат складаней, нашы сённяшнія забароны — класа «люкс». Калі не тысячы канцэртаў, дык сотні мы далі, у тым ліку дзякуючы падтрымцы кампаніі «Будзьма буларусамі!».
Хацелася б, каб на канцэрты прыходзіў міністр культуры ці ад мэра Мінска прыходзілі кветкі, але не гэта галоўнае.
Пра канцэрт-прысвячэнне Бураўкіну
Адбудзецца ён 26 мая. Я выбудоўваў канцэпцыю гэтага канцэрта, будзе паэзія Бураўкіна, ягоныя песні. Будзе праекцыя ягоных песняў, каб усім было зручна спяваць. Будзе гучаць ягоны голас.
Будзе супольнае спяванне «Калыханкі» і «Завірухі», калі Ханок дазволіць.
Мне важна, каб людзі праспявалі «Калыханку». З майго досведу, пытанне «Дзе буслы схавалі свае доўгія насы?» не закрытае. І дзеці, і дарослыя думаюць доўга, а адказ — у гняздо. Трэба ведаць свае песні. Тое самае з «Бывайце здаровы…». Ведаюць звычайна першыя чатыры радкі, а далей толькі слова «чарка». І праблема не ў адміністрацыйных справах, а ў сэрцах.
Гутарыў Юрась Ускоў, budzma.by
Фота: Аляксандр Ждановіч