Зямля і неба Якуба Коласа
Гісторыяй ім, аднагодкам — Янку Купалу і Якубу Коласу, — было наканавана стаць спарышамі-блізнятамі. Стаць «анфасам» і «профілем» беларускай літаратурнай выявы, «арлом» і «рэшкай» медаля нацыянальнага творства. Дзесяцігоддзямі літаратуразнаўства замацоўвала іх у гэтай ролі. Хоць паміж Купалам і Коласам — як паміж агнём і вадой — прамежак не ў адну стыхію-постаць. Паміж Народнымі Купалам і Коласам мог бы ўзнікнуць народны Цішка Гартны, маглі б стаяць Нацыянальныя Максімы: Багдановіч і Гарэцкі.
Але ў медаля — толькі два бакі. І калі летуценны «арол» Купала прыходзіў і прыходзіць да нас у некалькіх іпастасях («нашаніўскім», «бэнээраўскім», «бэсэсэраўскім»), Колас выглядае арганічным і «аднатварым» маналітам. Ён — найдасканалае і найтыповае выяўленне нашай нацыянальнай ментальнасці, нашых дасягненняў і хібаў, нашага і першага, і другога Я.
Якуб Колас у сусветнай літаратуры займае месца «беларускага Гамера» — стваральніка паэтычнага эпасу, найлепшымі ўзорамі якога сталі паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музы́ка». Да іх творцу вялі няпростыя, пакручастыя шляхі-дарогі.
Нарадзіўся Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч — будучы Якуб Колас — у сям’і малазямельных сялянаў. Лес і кнігі былі першымі настаўнікамі, затым — Нясвіжская настаўніцкая семінарыя «на казённы кошт». Пасля расійскамоўных вершаваных спробаў пачаў упарта пісаць па-беларуску — з адчуваннем горкай наканаванасці. «Я перажываў цяжкія горкія хвіліны горкага ўсведамлення, — прызнаваўся ён пазней, — што мае творы не будуць мець ходу і беларуская мова не будзе мець прызнання». Затым — настаўніцтва на Піншчыне, смерць бацькі. І першы «грамадскі» званок: па просьбе сялянаў склаў петыцыю да пана Скірмунта, пасля чаго губернатар загадаў арыштаваць настаўніка. Абышлося пераводам у іншае месца. А вось настаўніцкай сходкі яму не даравалі. Коласа звольнілі з працы. У ягоным жыцці пачаўся шчымлівы перыяд, які ў будучым праграмаваў паводзіны і ўчынкі песняра. Жыццё на паўлегальным становішчы адукаванага інтэлігента ў братавай леснічоўцы, спробы «заваяваць» Вільню, праца ў «Нашай Ніве» і выгнанне, крыўда на жыццёвыя парадкі, на тое, што «Бог няроўна дзеліць», — усё гэта выльецца на старонкі хрэстаматыйнай Коласавай трылогіі «На ростанях». Не лепшага твора пісьменніка, у якім — асабліва ў апошняй кнізе — не толькі ў негатыве паўстае Віленскае адраджэнне, але і ягоныя апосталы: браты Луцкевічы, Ластоўскі (праўда, у прататыпах)…
Тры наступныя гады зняволення ў Мінскім астрозе сталі для маладога Коласа гадамі сталення і «старэння». Там узнікла задума ягоных лепшых твораў: паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка». Дагэтуль у сваіх вершах Колас паэтызаваў беларуса-селяніна, рыфмаваў матывы тугі, суму, жаху перад таямніцамі быцця, звяртаўся да палітычнай сатыры («Мікалаю ІІ», «Канстытуцыя»), абуджаўся гімнамі:
Я — мужык, а гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»
Сваё адрозненне ад Купалы Колас-паэт выявіць у вершы «Водгулле», дзе праманіфестуе думку аб тым, што паэт павінен быць рэхам падзей. Паэт жа, паводле Купалы, — звон, які тыя падзеі прадчувае і прадвяшчае…
Колас-празаік таго часу задавольваўся бытавымі замалёўкамі, адмаўляў прыўзнятае, рамантызаванае, перадаваў хараство прастаты і псіхалагічную праўду. І — спяліў сябе для большага, асноўнага: сваіх «песняй песняў».
А свет раздзіралі войны і рэвалюцыі. Колас «ужываецца» з імі. Жэніцца, у званні прапаршчыка камандуе ротай, працуе…
Вяртанне на радзіму ў 1921 годзе супала ў яго з выхадам кнігі «Казкі жыцця» — кнігі, якую ён дапісваў усё жыццё. Колас знаходзіць такія суадносіны паміж рэальным і казачным, што алегорыі захоўваюць жыццёвую праўдападобнасць.
«Казкі жыцця» — гэта Коласаўскія мастацкія пропаведзі, якія пасля яго ў беларускім пісьменстве будзе ствараць Васіль Быкаў і называць «Байкамі жыцця».
У Беларусі, прайшоўшы выпрабавальныя лёсавыя кругі, Колас завершыць «Новую зямлю» і «Сымона-музы́ку». Дзве сістэмы касмічных каардынатаў укрыжаваліся ў гэтых творах: экзістэнцыйныя гарызанталь і вертыкаль, вектар быцця (цела, зямля) і вектар духу (душа, неба).
Колас-рэаліст і Колас-рамантык арганічна паядналіся ў гэтых паэмах. Уся Беларусь — са сваімі бедамі, радасцямі, песнямі, настроямі, думкамі, марамі, пахамі — увекавечана ў «Новай зямлі», — «старым запавеце» нацыянальнага літаратурнага летапісу. Якраз біблейскасці Коласа ў «Новай зямлі» аніяк не хацела заўважаць савецкае літаратуразнаўства. Не магло яно зразумець і Коласавага «новага запавету» — «Сымона-музы́ку».
Зямны Колас дасягнуў свайго неба.
Як і «Новая зямля», «Сымон музы́ка» надзіва аўтабіяграфічная рэч. Але тая аўтабіяграфічнасць — рамантычная, сімвалічная. Аўтабіяграфічнасць, якая і па сёння даспеўваецца нашымі паэтамі (згадайма паэму Уладзіміра Някляева «Прошча»).
Праблемы таленту і ўлады, асобы і сацыяльнага асяроддзя, нацыянальнай самасці і палітычнай явы на генетычным узроўні закадаваныя ў беларускай паэзіі — на стагоддзі ўперад:
Гудам-звонам срэбна-медным
Звоняць звоны на званіцы.
Звоняць звоны ў час дзянніцы,
Надвячэр’ем ясна-бледным
Звоняць звоны галасныя…
Брацце мае, беларусы!
Ў страшнай кнізе людскіх спраў
Мусіць, сам Бог для спакусы
Гэты край наш адзначаў…
Тут на нашых станавішчах
Польшча білася й Літва,
Каб на гэтых пажарышчах
Узмацнялася Масква…
Родны край, ты разарваны,
Паабапал ад мяжы
Лях ліхі, Маскаль паганы
Моцна сцягваюць гужы…
Дык хіба ж мы праў не маем,
Сілы — шлях свой адзначаць,
І сваім уласным краем
Край свой родны называць?
А пасля «Новай зямлі» і «Сымона-музы́кі» (з якой — папярэдняя цытата, адно некаторыя радкі цэнзурай пераробленыя нават у сённяшніх школьных выданнях) Коласу ўжо заставалася адно: проста быць.
Быць літаратурным патрыярхам, быць у адной асобе і Коласам, і Купалам (пасля смерці апошняга), гадаваць дзяцей і ўнукаў, прадстаўляць краіну-Беларусь, заступацца і асцерагацца.
На ягоных вачах бальшавіцкай уладай знішчаліся цэлыя літаратурныя пакаленні, няволіліся і расстрэльваліся ягоныя сябры. Ён дапамагаў, чым мог, а не мог, — шчыра ў тым прызнаваўся (да прыкладу, так у адным з лістоў і паведаміў вязню-драматургу Францішку Аляхновічу: «Не пішы мне болей»).
Ён закрываўся ў сваім менскім доме і ў бязбожнае ліхалецце іграў на скрыпцы ды прачула спяваў… біблейскія псалмы. А пасля гэтага мог паставіць подпіс пад нейкім падрыхтаваным для яго тэкстам — банальнай агіткай ці паклонам партыі.
І праз 140 гадоў ад свайго нараджэння Ён бачыцца зернейкам са снапа, пялёсткам з букета, іскрынай з вогнішча беларускасці, крывёю з крыві, косткай з косці тысячагадовага беларуса. І поўная разгадка, поўнае спасціжэнне Якуба Коласа — наперадзе.
«Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?» — такія словы кніжнага Хрыста ўвекавечыў наш Максім Кніжнік — Максім Багдановіч. У беларускай мастацкай спрэчцы паміж «каласамі» і «васількамі» Якуб Колас, нібыта, цалкам за першых. Аднак жа колас — гэта цэлае суквецце…
Упершыню апублікавана ў "Літаратурнай Беларусі" № 11 (195), лістапад 2022 года