Турма як лёс. Гісторыі вядомых асоб
Трапіць за краты і не зламацца, вытрымаць зняволенне, вызваліцца і дасягнуць вяршыняў. У біяграфіі і лёсы дзясяткаў зорных асоб нашай гісторыі закраўся такі штрых, як турма. Як і за што адбывалі пакаранне і чым усё скончылася для вязняў?
Трапіў у палон і прыйшоў да ўлады
Гаворка ідзе пра знакамітага, легендарнага і апутанага міфамі полацкага князя Усяслава Брачыславіча, больш вядомага як Усяслаў Чарадзей.
Галоўнымі палітычнымі канкурэнтамі князя ў рэгіёне былі кіеўскія Яраславічы — сыны ранейшага вялікага князя кіеўскага Яраслава Мудрага. Менавіта з імі Усяслаў скрыжаваў мячы ў легендарнай бітве на Нямізе ў 1067 годзе. І вось праз 4 месяцы па бітве Яраславічы запрасілі Усяслава на перамовы, парушылі абяцанне, замацаванае цалаваннем крыжа, схапілі Усяслава з сынамі, адвезлі ў Кіеў і кінулі ў «поруб». Поруб — гэта земляная турма без дзвярэй, пабудаваная вакол зняволенага. Там вязень знаходзіцца ў пастаяннай вільгаці і холадзе, у пастаяннай цемры, пры сціплым харчаванні… Пры такіх умовах, з хваробамі, вязні доўга не жылі.
Звыш 14 месяцаў праседзеў Усяслаў у кіеўскім порубу. Але ў 1068 годзе на Кіеў напалі полаўцы, якія разбілі войска Яраславічаў. У паразе кіяўляне абвінавачвалі княжацкіх ваяводаў і патрабавалі, каб вызвалілі Усяслава — дасведчанага ў вайсковай справе князя. Яраславічы, натуральна, адмовілі кіяўлянам, але наравістыя месцячы паднялі паўстанне: выпусцілі Усяслава з порубу, выгналі Яраславічаў, і, па завядзёнцы сярэднявечнай дэмакратыі, — абвясцілі былога вязня вялікім князем кіеўскім.
На велікакняжацкім троне Усяслаў прабыў 7 месяцаў. За час свайго кіеўскага княжання былы вязень разбіў полаўцаў, здзейсніў паход на Тмутаракань. З кіеўскага трона Усяслаў нібыта ўцёк сам. Каля Кіева з’явіўся выгнаны князь Ізяслаў Яраславіч, які паспеў заручыцца падтрымкай Польшчы. Усяслаў разам з кіянамі пайшоў насустрач Яраславічу, каб даць бой. Але, не жадаючы пачынаць братазабойчую вайну, ён нечакана для ўсіх уначы пакінуў войска і вярнуўся ў родны Полацк. Матыў яго ўчынку — дакладна не вядомы, але назваць Усяслава баязліўцам не выпадае. Трэба меркаваць, што для вяртання ў Полацк былі важкія прычыны.
Зняволены гуманіст і асветнік
У біяграфіі самага знакамітага айчыннага дзеяча культуры — першадрукара і асветніка Францыска Скарыны — таксама ёсць турэмныя штрыхі. Не, Скарына нікога не забіваў і не рабаваў, не быў у палоне… Справа ў яго — побытавая і класічная для XVI стагоддзя: пазыка.
Ішоў 1532 год. Скарына ўжо атрымаў навуковую ступень, пажыў у Празе і Вільне, паўтара дзесяцігоддзя займаўся выдавецкай дзейнасцю… У той год 5 лютага вялікі князь Жыгімонт выдаў указ, у якім загадваў затрымаць Скарыну і зняволіць яго.
Падставай для затрымання стала скарга варшаўскіх яўрэяў Лазара і Майсея, якая тычылася даўгоў памерлага брата асветніка Івана Скарыны, а таксама маёмасці, якую, па іх меркаванні, доктар Францыск, узяў сабе і збег з Вільні. У сярэдзіне красавіка Францыска Скарыну, які прыехаў у Познань, па гэтай справе заключылі ў турму.
На дапамогу першадрукару адразу прыехаў пляменнік Раман, сын брата-нябожчыка. Ён пайшоў у гарадскі магістрат і заявіў, што паколькі, па сведчанні самога яўрэя, доўг быў зроблены яго бацькам, то і адказваць павінен ён сам. Пры гэтым ён мае сродкі для гэтага, гатовы ўнесці залог. Раман патрабаваў, каб яго дзядзю неадкладна вызвалілі.
Судовая справа і разбіральніцтва зацягнуліся. Карэнным чынам сітуацыя змянілася, хутчэй за ўсё, дзякуючы пратэкцыі высокіх саноўнікаў. У новым указе ад 24 траўня кароль, даведаўшыся, што Францыск Скарына з’яўляецца вельмі паважаным і маёмасным чалавекам, загадваў неадкладна яго вызваліць.
Урэшце працэс скончыўся для асветніка паспяхова, хоць яму і прыйшлося правесці некалькі месяцаў у познаньскай турме. Пасля гэтага Францыск Скарына пакінуў Вялікае Княства Літоўскае і пераехаў у Прагу.
Палон, эміграцыя, адыход ад спраў
1794 год. На землях Літвы і Польшчы палае паўстанне — апошняя адчайная спроба захаваць незалежнасць Рэчы Паспалітай абодвух народаў. У бітве пад Мацяёвіцамі 10 кастрычніка расійскімі войскамі быў паранены і ўзяты ў палон правадыр супраціву Тадэвуш Касцюшка.
Схопленага генерала, ва ўмовах канспірацыі — пад прозвішчам «шляхціц Шыманскі» і акружным шляхам праз Кіеў, Магілёў, Віцебск, Ноўгарад 10 снежня 1794 года даставілі ў Пецярбург. Там яго затачылі ў Петрапаўлаўскай крэпасці, пачалося следства. Трэба адзначыць, што рэжым утрымання Касцюшкі не быў строгім. У мурах крэпасці яго трымалі ў доме каменданта, зняволены меў магчымасць атрымліваць газеты, генерал-пракурор цікавіўся, якія кнігі хацеў бы мець вязень, пра стан яго здароўя дакладвалі асабіста імператрыцы.
Следства па справе Тадэвуша Касцюшкі скончылася ў сярэдзіне 1795 года, але прысуд, па розных прычынах, так і не быў вынесены… У хуткім часе 17 лістапада 1796 года памерла імператрыца Кацярына ІІ. Спадчыннікам расійскага прастола стаў Павел І, які, мякка кажучы, ненавідзеў сваю папярэдніцу. Гэтая непрыязь абумовіла тое, што палітычныя рашэнні новага імператара былі прадыктаваны жаданнем перайначыць усё, што зрабіла Кацярына. Гэта праяўлялася і ў яго знешняй палітыцы: стаўленне Расіі да Рэчы Паспалітай таксама змянілася, што, без сумневу, было на руку вязням імператрыцы.
Неўзабаве 26 лістапада 1796 года зняволенага Касцюшку наведаў Павел І, а ўжо 28 лістапада імператар вызваліў яго. Але справа з вызваленнем — не такая простая. Спачатку Касцюшка атрымаў прапанову аб паступленні на расійскую ваенную службу, ад якой ён адмовіўся. Але ўмовай вызвалення было падпісанне гэтак званай «клятвы вернасці» з абавязацельствам абараняць інтарэсы імператара і яго спадчынніка Аляксандра. Толькі пасля прынясення прысягі ўдзельнікі паўстання атрымалі свабоду.
Імператар даў Касцюшку 12 тысяч рублёў — эквівалент кошту 1000 прыгонных душ. Пасля вызвалення Касцюшка пакінуў Расійскую імперыі, а праз 2 гады, 4 жніўня 1798 года, Касцюшка напісаў імператару Паўлу, што не лічыць магчымым выконваць прысягу, дадзеную пад ціскам, і вярнуў падораныя для яго грошы.
У гэтай справе, вядома, шмат акалічнасцяў і палітычных тонкасцяў. З 1798 года генерал Касцюшка пасяліўся ў Еўропе. У тых падзеях, якія разгарнуліся на еўрапейскім кантыненце потым і былі звязаныя з французскім імператарам Напалеонам Банапартам, Касцюшка ўжо актыўнага ўдзелу не прымаў.
Навука ў выгнанні
Бадай, першым гучным судовым працэсам на захопленых Расійскай імперыяй землях Вялікага Княства Літоўскага была справа філаматаў і філарэтаў.
Пачалося ўсё ўвосень 1817 года, калі некалькі студэнтаў Віленскага ўніверсітэта вырашалі заснаваць таемнае студэнцкае таварыства, каб аб’яднаць найбольш блізкіх сяброў. У аб’яднання была амбіцыйная і па-юнацку летуценная мэта — узаемадапамога ў паглыбленні адукацыі, творчае ўдасканальванне і грамадская праца дзеля роднага краю. З часам таварыства павялічвалася. Супольнасць студэнтаў была таемнай, але ўладам, выпадкова, удалося яе выкрыць. У аб’яднанні студэнтаў убачылі пагрозу дзейнай уладзе…
У 1823 годзе самыя актыўныя сябры таварыства філаматаў і філарэтаў былі арыштаваныя і знаходзіліся ў зняволенні ў былых віленскіх кляштарах, пакуль цягнулася шматмесячнае следства, распачатае сенатарам Мікалаем Навасільцавым. Частка філаматаў падчас следства ўтрымлівалася ў былым кляштары місіянераў, частка — у былым базыльянскімі кляштары Святой Троіцы. Менавіта ў гэтых мурах з 23 кастрычніка 1823 года па 21 красавіка 1824 года быў заключаны Адам Міцкевіч разам з іншымі філаматамі, там жа разгортваюцца падзеі 3-й часткі яго паэмы «Дзяды».
Пад суд пайшлі звыш сотні ўдзельнікаў студэнцкіх арганізацый, і гэта — найбуйнейшы студэнцкі палітычны працэс у Еўропе таго часу. Згодна з прысудам, 10 філарэтаў і 10 філаматаў назаўсёды высылаліся ў аддаленыя губерні Расіі. Самы суровы прысуд атрымалі Тамаш Зан, Ян Чачот і Адам Сузін — высылка і заключэнне ў крэпасці.
Для былых студэнтаў Віленскага ўніверсітэта высылка не стала крыжам на жыцці і навуцы. Многія з іх сталі выкладаць у іншых універсітэтах, дасягнулі вяршынь у навуках — гуманітарных і натуральных. Што праўда, у выгнанні.
Філаматы, як перліны, рассыпаліся па Расійскай імперыі і яе замежжы. Адам Міцкевіч стаў вядомым на ўвесь свет паэтам, Францішак Малеўскі дасягнуў поспехаў у дзяржаўнай службе ў галіне права, нягледзячы на арышт і пастаяннае падазрэнне. Юзаф Яжоўскі выкладаў у Маскоўскім універсітэце грэчаскую мову, займаўся навуковай працай, выдаў кнігі «Шэсць песень “Адысеі” Гамера». Ануфры Петрашкевіч займаўся перакладам з нямецкай мовы падручніка хіміі. Высланы ў Казань Юзаф Кавалеўскі выкладаў ва ўніверсітэце, вывучаў усходнія мовы, даследаваў Манголію і Кітай. Пасля вяртання з высылкі Ян Чачот сабраў каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень і выдаў іх у шасці фальклорных зборніках…
«Неблагонадежный» мастак і кампазітар
У жыццёвым досведзе кампазітара і выдатнага мастака, які пакінуў у спадчыну мноства акварэлей з замалёўкамі помнікаў архітэктуры, Напалеона Орды ёсць і досвед зняволення, прычым атрыманы ім двойчы.
Свой першы турэмны тэрмін Орда атрымаў, калі яму было 20 гадоў, у 1827 годзе. За ўдзел у таемным таварыстве «Заране» студэнт фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта быў арыштаваны і выключаны. Пасля 15-месячнага турэмнага зняволення вярнуўся ў родавы маёнтак Варацэвічы, дзе знаходзіўся пад наглядам паліцыі.
А потым было паўстанне 1830 года, у якім Напалеон Орда браў актыўны ўдзел. За гэта ён быў узнагароджаны крыжам ордэна «Virtuti Militari» і атрымаў званне капітана. Пасля паўстання — эміграцыя, дзе ён прабыў да 1856 года, пакуль цар Аляксандр ІІ не абвясціў аб амністыі для ўдзельнікаў паўстання.
Ужо паважаным чалавекам з высокім статусам — вядомы кампазітар, мастак, дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы — Орда вярнуўся на Радзіму. Але тут яго чакала новае зняволенне. У 1863 годзе пачалося чарговае паўстанне. Пасля яго падаўлення ў 1866 годзе Напалеон Орда быў арыштаваны па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні і пасаджаны ў Кобрынскі турэмны замак. У наступным годзе ваенна-палявы суд прыгаварыў мастака да высылкі ў аддаленыя губерні Расіі, але дзякуючы старанням жонкі і дапамогі пасла Францыі прыгавор пасля адмянілі.
Орду не дазволілі жыць і браць у арэнду свой родавы маёнтак, ён пасяліўся ў сваякоў. І выправіўся з фарбамі і пэндзлям у вандроўку. Наведаў шмат мясцін былога Вялікага Княства Літоўскага, дзе замалёўваў пейзажы і будынкі, звязаныя з жыццём вядомых людзей свайго часу.
Вязень «Валадаркі»
Якуб Колас. Народны паэт Беларусі, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы, лаўрэат шматлікіх прэмій і дэлегат разнастайных сходаў…
Гэта ўсё потым, а 15 верасня 1908 года Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе і нелегальную работу быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі. Судзілі будучага класіка ў Мінску, тут жа ён і адбываў сваё пакаранне. У Пішчалаўскім замку — турме, якая сёння больш вядомая як «Валадарка» (Следчы ізалятар №1). Яшчэ да зняволення Канстанцін Міхайлавіч патрапіў пад пераслед уладаў — быў звольнены са школы, на загад паліцыі мусіў пакінуць Вільню…
У турме Колас, адарваны ад настаўніцкай працы, не губляў часу і актыўна займаўся літаратурай: пачаў ствараць свае знакамітыя паэмы «Сымон-музыка» і «Новая зямля». У той жа час выходзіць яго першы зборнік вершаў «Песні жальбы». Пасля вызвалення Колас вярнуўся да настаўніцкай працы ў 3-й прыходскай школы ў Пінску.
Цень турмы вярнуўся да паэта праз некалькі дзесяцігоддзяў. Пры савецкай уладзе Коласа закранула хваля рэпрэсій 1930-х гадоў. У яго доме праводзілі ператрусы, самога класіка выклікалі на допыты. Савецкія органы дзяржбяспекі абвінавачвалі яго ў «нацдэмаўшчыне».
Ад сталінскага вязня да доктара гістарычных навук
Жыццё беларускага даследчыка Мікалая Улашчыка — прыклад таго, што, калі табе наканавана быць навукоўцам, то нішто гэтаму не перашкодзіць, нават вір і молах жудасных рэпрэсій.
Выпускнік педагагічнага факультэта БДУ Мікалай Улашчык першы раз быў арыштаваны 16 чэрвеня 1930 года па абвінавачванні ў тым, што нібыта кіраваў моладзевым цэнтрам выдуманага чэкістамі «Саюза вызвалення Беларусі». Прысуд па першай справе: 5 гадоў высылкі ў горад Налінск. У высылцы ў 1932 годзе даследчыка зноў арыштавалі і судзілі: статус ссыльнага змяніўся на статус зняволенага строгага рэжыму, яго этапавалі ў Марыінскі лагер, а потым у пасёлак Суслава Кемераўскай вобласці.
Умоўная свабода надышла ў 1935 годзе. Каб пазбегнуць паўторнага арышту на піку рэпрэсій 1930-х ва ўмовах татальнага сачэння і даносаў, Улашчык вымушаны быў часта мяняць месца працы і жыхарства. У 1939 годзе ён пераехаў у Ленінград, пачаў займацца па аспіранцкай праграме… Але зноў на творчых планах паставілі крыж: на другі дзень вайны навукоўца трэці раз арыштавалі і выслалі ў Чалябінскую вобласць. Пры заступніцтве акадэміка Леана Арбелі 28 лістапада 1942 года Улашчык быў вызвалены. Адышоўшы ад турмы, ён вярнуўся ў Маскву, паступіў у аспірантуру і ў 1947 годзе паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. Адбылося яго вяртанне ў навуку, нядоўгае.
У 1948 годзе «малады» навуковец (хоць меў 42 гады) выкладаў у Маскоўскім універсітэце, а ў 1949 годзе быў беспадстаўна звольнены з працы. Арыштаваны чацвёрты раз па даносе 23 снежня 1950 года, маўляў, крытыкаваў калгасны лад у БССР. Этапаваны ў лагер пры пасёлку Суслава ў Сібіры, дзе навуковец ужо адбываў пакаранне.
Канчатковае вызваленне надышло ў сімвалічны дзень — 25 сакавіка 1955 года. Гэту дату, названую ім Днём вызвалення, даследчык будзе адзначаць штогод у сямейным коле, разам з бліжэйшымі сябрамі, калегамі. Галоўнае ў жыцці Улашчыка было наперадзе. Праз шэсць гадоў перапынку ён вярнуўся ў гістарычную навуку, а ў 1964 годзе стаў доктарам гістарычных навук.
Галоўныя кірункі даследаванняў — праблемы аграрнай гісторыі, крыніцазнаўства, археаграфіі Беларусі, айчыннага летапісання. Ён упершыню пераклаў і падрыхтаваў да выдання «Хроніку Быхаўца», адшукаў і апісаў два спісы «Хронікі літоўскай і жамойцкай». На працягу яшчэ 20 гадоў Мікалай Улашчык займаўся гістарычнымі пошукамі і даследаваннямі. Свой унёсак, нягледзячы на арышты і турмы, у нашу гістарычную навуку ён зрабіў без перабольшвання каласальны.
Упершыню апублікавана ў "Новым Часе" 17 жніўня 2021 года.