Стагоддзе «Новай Зямлі». Разблытваем таямніцы самага вядомага твора беларускай літаратуры
У 1923 годзе выйшлі пад адной вокладкай усе главы паэмы «Новая Зямля». Гэтым Якуб Колас скончыў 12-гадовую працу. Паэма адразу атрымала тытул «першы беларускі буйны эпічны твор». Здавалася б, пра «Новую Зямлю» ведаюць усе, але вакол яе напісання і апублікавання яшчэ шмат таямніц.
«Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы…» — радкі, якія ведае ці ж не кожны беларус. Іх вывела рука класіка нашай літаратуры Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа) у камеры мінскага астрога. Зараз гэта месца больш вядомае, як «Валадарка». На 12 гадоў зацягнулася стварэнне эпічнага твора, за гэты час змянілася шмат. Парадокс: пачынаў Колас пісаць яшчэ ў Расійскай імперыі, а выйшла кніга ў Савецкай Беларусі. Стваралася паэма даўно, а кантэкст яе — актуальны: што ў імперыі, што пры Саветах пытанне зямлі аказалася не вырашаным.
Твор у Коласа атрымаўся настолькі ўдалым, што дыфірамбы ў яго адрас паліліся адразу, паток не спыняецца і сёння. «Шэдэўр айчыннай літаратуры», — казалі адны. «Цар-звон беларускай паэзіі», — гучала ад іншых… Першы беларускі раман у вершах, «Адысея» беларускай літаратуры, беларускі нацыянальны эпас, эпахальная з’ява ў гісторыі духоўнай культуры беларускага народа, паэма на ўсе стагоддзі… Працягваць можна да бясконцасці. Але што мы ведаем пра гісторыю гэтага твора, пра лёс яго выданняў, пра ўплыў на лёс аўтара? Як успрынялі твор сучаснікі: ці ж ўсе пелі толькі хвалебныя оды? Карацей, таямніц і загадак вакол «Новай Зямлі» — багата. 100-гадовы юбілей поўнага выдання — добрая нагода з імі разабрацца і разблытаць.
Шэдэўр літаратуры пачынаўся ў астрозе
Пісаць «Новую Зямлю» Якуб Колас пачаў у зняволенні. Народны настаўнік Канстанцін Міцкевіч быў асуджаны 15 верасня 1908 года. Яго абвінавачвалі ў ажыццяўленні праграмы саюза настаўнікаў, скіраванай, на думку ўладаў, на падрыў грамадскага ладу Расійскай імперыі. Адукаваныя настаўнікі — ворагі злачынных рэжымаў…
На арышт і зняволенне К. Міцкевіча адгукнулася «Наша Ніва», усё ж — ён быў плённым яе аўтарам: “«Наша Ніва» страціла аднаго супрацоўніка свайго, вельмі здольнага беларускага народнага паэта Якуба Коласа: яго пасадзілі ў турму на тры гады”. Як аказалася, гэтыя тры гады сталі для паэта вельмі плённымі.
Сам Колас згадваў, што ў час знаходжання ў астрозе перад яго вачыма паўставалі малюнкі маленства, прыроды… З’явілася жаданне іх запісаць. Так пачалася паэма. Але ж, натуральна, Колас не задумваў эпічнага твора і «энцыклапедыі жыцця беларускага сялянства». Пачыналася ўсё з гумарыстычнага вершаванага апавядання «Як дзядзька ездзіў у Вільню і што ён там бачыў». Гэта быў самастойны твор пра паездку дзядзькі Антося ў зямельны банк, яго камічныя прыгоды ў незнаёмым вялікім горадзе. Потым дадаліся іншыя раздзелы.
А вось у якіх умовах Коласу давялося згадваць маленства і выводзіць на паперы радкі пра родны кут, ён апісвае ў іншым сваім творы — рамане «На ростанях»:
«Камера была бітком набіта людзьмі. Пры цьмяным асвятленні куравай лямпы камера здавалася бруднай трушчобай. Даўно беленыя сцены брудна-рыжаватага колеру выглядалі жудасна, прыгняталі. Насельнікі камеры, якіх за доўгі час перабывала тут тысячы, забівалі ў сцены цвікі, каб павесіць свае манаткі. У дзірках каля цвікоў тоўпіліся кучы клапоў са шматлікім патомствам. Пры сцяне каля дзвярэй стаялі збітыя з грубых дошчак паліцы. На іх ляжаў хлеб, арыштанцкія «пайкі», лыжкі і розныя дазволеныя рэчы астрожнага ўжытку. У камеры сядзелі ўсе катэгорыі арыштантаў: крымінальнікі і палітычныя».
У такой «цудоўнай» абстаноўцы пачынаўся шэдэўр айчыннай літаратуры. Як жа гэта сімвалічна…
Першыя публікацыі — у «Нашай Ніве»
Тэрмін цягнуўся, Колас пераносіў на паперу, рыфмуючы, свае ўспаміны і ўражанні з дзяцінства, апісваў усё, што толькі можна! Твор вымалёўваўся. У мурах мінскага турэмнага замку нарадзіліся такія сюжэты як «Леснікова пасада», «Раніца ў нядзельку», «За сталом», «На першай гаспадарцы», «Пярэбары», «Каля зямлянкі», «Дзядзька-кухар», «Смерць ляснічага».
Калі аўтар ужо цалкам адбыў свой тэрмін, першыя главы «Новай Зямлі» з’явіліся ў друку. Канечне ж, апублікавала іх «Наша Ніва». 1 ліпеня 1912 года на першай паласе газеты з малюнкамі пабачылі свет друкаваныя словы, якія ўвойдуць у вечнасць: «Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы…». Пад загалоўкам «Лесьнікова пасада», аўтар — Якуб Колас, напісаная ў мінскім астрогу. Даецца і тлумачэнне, што гэта ўрывак з расказу «Новая Зямля». Калі ўрывак, то павінен быць працяг! Але публікуецца ён толькі ў верасні, і ўжо не на першай паласе. Наступная частка выйшла толькі ў студзені 1913-га.
А потым публікацыя «Новай Зямлі» нечакана спынілася. З чаго б гэта? Можа, Колас ужо тады рыхтаваў іх для кнігі? Шкада чытачоў, якія пазнаёміліся з першымі главамі ў 1912-м, а працяг быў толькі ў 1918-м.
Працяг паэмы выйшаў у БНР
Менавіта на старонках газеты «Вольная Беларусь» выходзіць пасля доўгага маўчання ў друку працяг паэмы «Новая Зямля». «Вольная Беларусь» выдавалася ў Мінску з 10 чэрвеня 1917 года да лістапада 1918 года. Якраз ахоплівала часы, калі была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, а яе Рада знаходзілася ў Мінску. Адметны тут і выдавец газеты — Язэп Лёсік, які даводзіўся Коласу сваяком па лініі маці.
Якраз на старонках «Вольнай Беларусі» друкаваліся раздзелы, якія далі пачатак паэме — «Па дарозе ў Вільню», «Дзядзька ў Вільні» і «На замкавай гары». Цікава, як яны трапілі ў Мінск да Лёсіка? Аўтар быў спярша на франтах Першай сусветнай, а потым у расійскай глыбінцы, сувязь у ваеннай неразбярысе была так сабе, мякка кажучы, асабліва паміж тэрыторыямі, падзеленымі франтамі.
Пакуль чытачы з БНР знаёміліся з новымі главамі паэмы, сам Колас у гэты час заставаўся з сям’ёю ў Абаяні на Куршчыне, дзе працаваў настаўнікам і школьным інструктарам. І спадарожна Дзядзька Якуб бярэцца за пяро, каб напісаць яшчэ колькі раздзелаў «Новай Зямлі». Праца дае плён, і ў 1921 і 1922 годзе на старонках часопіса «Вольны Сцяг» выходзіць яшчэ некалькі раздзелаў паэмы. Усё ідзе да складання і выдання асобнай кнігі. І Колас бярэцца за гэта, хутка дапісвае яшчэ некалькі раздзелаў, рэдагуе і — кніга чакае на свайго чытача.
Калі пабачыла свет кніга?
Пытанне падаецца дзіўным, усё ж зразумела: год выдання 1923-ці… Сто год адзначаем! На афіцыйным узроўні юбілей выхаду паэмы ў Беларусі адзначаўся 23–24 ліпеня, нават было зробленае факсімільнае выданне той першай «Новай Зямлі». З адпаведнымі шрыфтамі і граматыкай паводле Браніслава Тарашкевіча. І гэта выдатна! Але ж калі дакладна выйшла кніга ў 1923-м? Усё ж, у годзе 365 дзён, і для інфармацыйна насычанага ХХ стагоддзя можна вызначыць больш дакладны час.
Вядома, што працу над паэмай Колас скончыў 5 студзеня 1923-га, аб чым пісаў у лісце да жонкі. І дабавіў, што, скончыўшы сваю шматгадовую працу, адчуваў пустэчу і сум.
На самой кнізе выходных даных з датай друку няма, але ёсць іншыя крыніцы. Напрыклад, літаратурныя часопісы, якія на хвалі палітыкі беларусізацыі актыўна выдаваліся ў Савецкай Беларусі. Загадку «Новай Зямлі» дапаможа разгадаць — «Полымя»! Літаратурна-мастацкi i грамадска-палiтычны часопіс, які пачаў выдавацца са снежня 1922 года ў Мінску штомесяц на беларускай мове. У стварэнні часопіса непасрэдны ўдзел прымалі мэтры беларускай літаратуры — Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны.
Сапраўды, звесткі з «Полымя» дапамагаюць удакладніць час выхаду кнігі. Так, у намары за люты–сакавік 1923-га пазначаецца: «У хуткім часе Беларускім кааператыўным выдавецтвам «Савецкая Беларусь» выпускаецца паэма Я. Коласа «Новая Зямля»». У тым жа нумары напісана, што кніга Коласа рыхтуецца да друку. А вось у наступным нумары за красавік–май 1923-га пазначаецца: кніга выйшла і яе можна ўжо набыць! У гэты час кніга класіка і пабачыла свет — недзе ў красавіку ці маі 1923-га.
А ўжо ў чэрвені Колас шчодра дорыць кнігі і раздае аўтографы чытачам. Адным з першых, хто 6 чэрвеня 1923-га атрымаў ад аўтара кнігу з подпісам на добрую памяць, быў навуковец Адам Багдановіч, бацька паэта Максіма Багдановіча.
Крытыкі навастрылі пер’і: шмат русізмаў, аўтар паспяшаўся, у яго яшчэ ўсё наперадзе…
У тым жа майскім нумары «Полымя» выходзіць і грунтоўны артыкул на 16 старонак літаратуразнаўца Мікалая Байкова. Гэты артыкул адметны, бо там утрымліваецца не толькі аналіз літаратурных і мастацкіх вартасцей паэмы, але падаюцца і звесткі да гісторыі яе напісання.
Канечне, у цэлым артыкул крытыка — пазітыўны. Байкоў піша, што паэму Я. Коласа па ўнутраных асаблівасцях мастацкай творчасці аўтара можна з поўным правам прызнаць класічным творам беларускага прыгожага пісьменства. Паэма сведчыць аб поўным развіцці паэтычнага таленту аўтара, у каторым, як у фокусе, адбіваецца росквіт здольнасцей беларускай нацыі. Вельмі сур’ёзная выснова!
Але аўтару і дасталася ад крытыка. Так, і класікі — не дасканалыя. Былі часы, калі помнік Коласу не стаяў на аднайменнай плошчы і яго творчасць крытыкавалі, вышуквалі хібы пільныя і вострыя на язык крытыкі. Але заўвагі — аб’ектыўныя!
Байкоў піша, што не хапае вершу «багатых рыфмаў», заўважаецца несуразмернасць раздзелаў, часта вершаваны націск не адпавядае граматычнаму, мова Коласа стракоча русізмамі… А яшчэ крытык дае заўвагу Коласу, што вельмі шмат разважае на адну і тую ж тэму ў розных раздзелах: «Ледзь не ў кожным раздзеле спатыкаем разважанне аб уласнай зямлі і сваім куце». Напэўна, паэт кіраваўся думкай, што, каб чытачы нешта важнае запомнілі, трэба гэта паўтарыць шматкроць.
Байкоў дае параду Коласу: «Калі б аўтар затрымаўся на сваёй працы, калі б перапрацаваў ужо надрукаваныя часткі, а перапрацаваныя і зноў апрацаваныя паглядзеў некалькі разоў, дык паэма выйшла б з друку ў больш дасканалым выглядзе». Карацей, паспяшаўся Колас, крыху недапрацаваў.
Дасталася Коласу порцыя крытыкі і ад Максіма Гарэцкага. На старонках сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры» ён піша, што, хоць і Колас мае ўжо зараз вялікае значэнне для літаратуры і ў прозе яму няма роўных, але як ідэйны правадыр ён саступае Купалу і па тэхніцы верша стаіць таксама не вельмі высока. Гарэцкі адчувае патэнцыял Коласа і чакае, што ён яшчэ створыць паважны эпічны твор, такі ж даўгі, як «Сымон-Музыка», густа-сакавіты, як «Новая Зямля»… Гарэцкі лічыў, што ў Коласа ўсё яшчэ наперадзе.
Наступныя выданні «Новай Зямлі»
А «Новая Зямля» набывала папулярнасць у Савецкай Беларусі. Ужо праз некалькі год у 1927-м годзе ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі пабачыла свет другое выданне знакамітай паэмы. Яе ўпрыгожвае досыць каларытная вокладка.
Але потым з выданнем паэмы была цішыня… Савецкая дзяржава прызнавала заслугі Коласа — у 1926 годзе ён атрымаў званне Народнага паэта Беларусі і пажыццёвую пенсію, але разам з тым пісьменнік трапіў пад хвалю палітычных рэпрэсій. З сярэдзіны 1920-х у доме Якуба Коласа не раз праводзілі вобшукі, самога пісьменніка выклікалі на допыты. Савецкія органы дзяржаўнай бяспекі спрабавалі прыцягнуць Якуба Коласа да шэрагу палітычных спраў, яго абвінавачвалі ў «нацдэмаўшчыне», а таксама разнастайных «шкодных ухілах» у творчасці.
Але ў 1934 годзе знакавая паэма зноў выходзіць у свет. Рыхтавала кнігу зноў Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, а вось друкавалася паэма ў гомельскай друкарні «Палесдрук». Для гэтага праекта супервокладку і вокладку падрыхтаваў В. Шульц. Было яшчэ некалькі выданняў «Новай Зямлі» пры жыцці Коласа, пасля смерці паэма таксама выдавалася шмат разоў, стаўшы канонам класічнай беларускай літаратуры.
Паэму друкуюць у Вільні
Цікавасць да «Новай Зямлі» была і за межамі БССР. У той час, як вядома, Беларусь была падзеленая і нацыянальнае жыццё віравала не толькі пад наглядам камуністычнай партыі, але і ў Заходняй Беларусі. Канечне ж, Колас і там лічыўся класікам, а выхад раздзелаў паэмы пад адной вокладкай — культурніцкай падзеяй.
Першая публікацыя паэмы ў Заходняй Беларусі была зробленая ў 1928 годзе. Пры гэтым выходзіла «Новая Зямля» часткамі. Першая частка выдавалася Беларускай Сялянскай Партыяй праз друкарню Бекера, другая і трэцяя — той жа партыяй, але ўжо ў друкарні «Пакс». Цалкам паэма пад адной вокладкай у Вільне выйшла толькі ў 1931 годзе. Кніга выходзіла пры падтрымцы Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (звязаны з БХД) у друкарні «Скарына», а рэдактарам выдання быў ксёндз Адам Станкевіч.
Што праўда, наклад заходняй «Новай Зямлі» быў зусім невялікім. Справа ў тым, што ў адрозненне ад дзяржаўных выдавецтваў БССР, якія маглі разгуляцца з тыражом, выданне кніг у Заходняй Беларусі было справай камерцыйнай і вымагала грошай, якіх беларускаму руху пастаянна не хапала. Наогул у Заходняй Беларусі выданні мастацкай літаратуры рэдка перасягалі наклад у 1000 асобнікаў. Гэта датычылася і твораў класікаў. Першая частка паэмы «Новая Зямля» 1928 года налічвала 2000 асобнікаў. Аднак у выніку ніжэйшага, чым чакалася, попыту чытачоў наклад выдадзенай у наступным годзе трэцяй часткі гэтай паэмы быў зменшаны да 1000 асобнікаў. Столькі ж было надрукавана кніг і ў 1931-м.
Яшчэ адно замежнае выданне, якое вартае ўвагі — выданне «Новай Зямлі» ў колах беларускай паваеннай эміграцыі. Колас яшчэ быў жывы, калі ў 1952 годзе ў Мюнхене ў выдавецтве «Бацькаўшчына» пабачыла свет чарговае выданне «Новай Зямлі». Яе адметнасць — яна друкавалася ўсё яшчэ з выкарыстаннем граматыкі Браніслава Тарашкевіча.
Канечне ж, што да вайны, што пасля, публікацыйная замежная актыўнасць самаго Коласа, напэўна, турбавала. Гэта магло стаць падставай для ўвагі да яго збоку карных савецкіх органаў. Хоць ён і не быў ёю абдзелены, выхад кніг за межамі краіны — лішні повад для заклапочанасці, маўляў, чаму гэта цябе, паэце, выдаюць у варожых дзяржавах?
Колас выбачаецца за героя, ідэолагі «рэжуць» паэму
Усё ж «Новая Зямля» Коласу выйшла бокам. У краіне саветаў ідзе калектывізацыя, а тут — паэма, якая пра ўласную зямлю! Якая ўласнасць магла быць на хвалях калектывізацыі?! Абсурд унутранай палітычнай абстаноўкі дакаціўся да таго, што аўтарам публічна прыходзілася каяцца за памылковасць сваіх поглядаў у творчасці, нават дарэвалюцыйнай. Маўляў, не разумеў, пра што пісаў.
Каб захаваць «Новую Зямлю» з усімі аўтарскімі праўкамі, не перапісваць нібыта «антысавецкія» ідэалагічна спрэчныя моманты, Колас у 1930-я гады піша адкрыты ліст. У ім пясняр адракаўся ад ідэалагічных памылак гэтага твора, адракаўся ад таго, што ён няправільна паказаў зямлю, што ён паказваў уласнасць. І сам жа там крытыкуе галоўнага героя. То-бок — уласнага бацьку.
У 1930-я паэма ўсё ж выходзіла без правак, а вось пазней — пачынаецца праца цэнзараў і карэктараў. Што праўда, у беларускую версію пільныя ідэолагі не лезлі, а вось з перакладам на рускую мову дайшло да істэрычнага камізму.
Беларускі даследчык жыцця і творчай спадчыны Коласа М. Мушынскі апублікаваў цікавы дакумент. Падзеі разгортваліся ў Маскве да 70-годдзя Якуба Коласа, калі рыхтаваўся да друку яго чатырохтомным Збор твораў. Туды ўваходзіла і «Новая Зямля».
Ананімны аўтар у рэцэнзіі на рукапіс перакладу «Новай зямлі» запатрабаваў ад рэдактараў першага тома ўмяшацца ў тэкст паэмы:
«В начале поэмы, описывая хозяйство лесника Михаила, автор говорит о том, что у него было три или четыре коровы, две годовалые телушки, бык, кони, свиньи, куры и пр. Все это никак не вяжется с тем, что Михаил в поэме бедняк, не имеет своего угла, земли, вынужден скитаться в поисках лучшей доли. Сторговав землю, он вносит три тысячи задатка, покупает целую хуторскую усадьбу… Редактору стоит подумать над тем, как привести все это в порядок. Может быть, нужно несколько поубавить описание хозяйства Михаила, упомянув об одной корове, одной лошади. То же нужно сделать и с деньгами, которые Михаил вносит как задаток, покупая землю. Три тысячи — сумма немалая. Лучше уж не упоминать о том, сколько дал Михаил, чем выставлять его каким-то тысячником».
І гэтак далей, і да таго падобнае… Канечне, на фоне савецкіх гаротных жабракоў-калгаснікаў селянін часоў цара выглядаў сапраўдным панам, багацеям. Такога партыйныя ідэолагі не маглі прапусціць!
След вайны
Адкрытым застаецца пытанне: дзе ж рукапісы паэмы? У музеі класіка кажуць, што рукапісы «Новай Зямлі» не захаваліся, яны згарэлі падчас Другой сусветнай вайны, як і бібліятэка народнага паэта. На ваенныя страты прынята шмат што спісваць, але падобнае пакідае спадзеў, што артэфакт можа дзе і захоўваецца… Проста чакае свайго часу.
Наогул, з Другой сусветнай «Новая Зямля» мае асаблівыя адносіны. У 1941-м годзе рыхтавалася 4-е перавыданне паэмы, аднак свет пабачыў толькі сігнальны том, які выйшаў у маі 1941-га. Набраны том у тыпаграфіі быў знішчаны з пачаткам вайны, натуральна, паэма ў друк не пайшла. Што цікава, той сігнальны экзэмпляр Колас дорыць сваёй былой студэнтцы Аляксандры Жукоўскай, а ў канцы 1980-х кнігу прыносяць у музей.
Пакінула вайна след і на адной з першых даследчых прац, прысвечаных «Новай Зямлі». Вядома, што аб’ёмнае літаратуразнаўчае даследаванне паэмы зрабіў Кузьма Чорны. Для Чорнага гэта была асаблівая праца. Арыштаваны ў 1938 годзе пісьменнік 8 месяцаў сядзеў у Мінскай турме, з іх 6 — у камеры-адзіночцы. Пры гэтым следчыя рэгулярна катавалі вязня. Змардаваны душой і целам Кузьма Чорны быў вызвалены 8 чэрвеня 1939 года. І адразу ўзяўся за працу. Ён піша новыя раманы і грунтоўнае даследаванне паэмы Якуба Коласа «Новая Зямля». Што праўда, гэтыя творы згарэлі ў першыя дні вайны…
Айчына драбнее да кута
Хоць Максім Гарэцкі і казаў, што лепшае ў творчасці Коласа яшчэ наперадзе, лёс распарадзіўся інакш. Таталітарная сістэма не спрыяла таму, каб можна было напісаць нешта лепшае і больш маштабнае за «Новую Зямлю».
У сучаснай беларускай літаратуры лічыцца, што мы маем тры вялікія эпічныя паэмы, якія дасканала адлюстроўваюць нашу краіну і наш народ. Першая — «Песня пра зубра» аўтарства Міколы Гусоўскага, другая — «Пан Тадэвуш» пяра Адама Міцкевіча, а замыкае тройку — «Новая Зямля».
Калі паміж Коласам і Гусоўскім гістарычная прорва ў чатыры сотні гадоў, то вось з Адамам Міцкевічам у — дарэчы! — Канстанціна Міцкевіча паралелі больш блізкія. І да таго ж, абодва яны з Нёманскага краю. Пра тое, што творчасць Міцкевіча і Коласа перагукваецца, пісалі яшчэ ў 1920-я. Той жа Мікалай Байкоў казаў, што з’яўленне «Новай Зямлі» — з’ява роднасная з’яўленню «Пана Тадэвуша» ці «Дзядоў». І працягваць развагі на гэты конт можна да бясконцасці… Пакінем гэта літаратуразнаўцам.
У гэтым кантэксце хацелася б звярнуць увагу на сапраўды відавочныя паралелі. І паэма Адама Міцкевіча, і паэма Міцкевіча Канстанціна пачынаецца з гімну да Бацькаўшчыны:
«Літва! Ты, як здароўе ў нас, мая Айчына!..
Што варта ты, ацэніць той належным чынам,
Хто цябе ўтраціў. Вось красу тваю жывую
Зноў бачу і апісваю, бо скрозь сумую»
— пісаў Міцкевіч у 1830-я.
«Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю»,
— адгукаўся Колас у 1910-я.
А вось тут цікавае назіранне! Паміж напісаннем паэм усяго нейкіх восем дзясяткаў год, жыццё двух-трох пакаленняў. Але ж можна пабачыць, што айчына, да якой звяртаецца Адам Міцкевіч, драбнее да роднага кута, якому піша Колас… 80 год, а якія змены! За гэты час імперыя зрабіла ўсё, каб так сталася. І сама паэма «Новая Зямля» таксама сведчыць аб тым, якія змены адбыліся за той час у нашым краі.
***
Ад выхаду паэмы мінула стагоддзе, ад пачатку яе напісання — яшчэ больш. Ці засталася яна актуальнай? Вобраз мінулага, успаміны Коласа, энцыклапедычнасць радкоў… Гэта назаўжды застанецца. А як наконт таго, ці адгукаецца ідэя Коласа зараз? Галоўная мэта аўтара — паказаць адносіны «чалавек-зямля». Вакол гэтага ўсё пабудавана ў паэме. Наконт актуальнасці хай кожны вызначыцца сам: калі радкі «Купіць зямлю, прыдбаць свой кут… Свая зямля — вось што аснова!» адгукаюцца ў сэрцы, калі ёсць разуменне, што свая справа — гарант годнасці чалавека, доказ яго самастойнасці, свабоды, упэўненасці ў будучыні, то радкі, напісаныя стагоддзе таму, усё яшчэ маюць вагу.