«Выступаюць толькі артысты з акрэсленай праўладнай пазіцыяй». Эксперт — пра «выбачэнні» Сашы Нэма
Сёння стала вядома, што спявак Саша Нэма запісаў у ГУБАЗіКу «пакаяльнае» відэа, у якім выбачыўся за «памылкі 2020 года». Адзначалася, што ён прыйшоў да сілавікоў. Але навошта? Каб лукашэнкаўскі рэжым дазволіў яму выступаць і зарабляць грошы?
Музычны крытык Аляксандр Чарнуха распавёў «Салідарнасці» пра затрыманні супрацоўнікаў забаўляльнай сферы і ацаніў выбачэнні Сашы Нэма.
— Мне падаецца,
што тут нельга казаць пра нейкую тэндэнцыю, бо і раней зачышчалі індустрыю
забаў і затрымлівалі, і прымушалі запісваць пакаяльныя відэа, — нагадаў
Аляксандр Чарнуха, каментуючы некалькі затрыманняў супрацоўнікаў event-агенцтваў і вядучых свят. — Тое самае
было і з блогерамі, калі памятаеце.
Яны цалкам зачышчаюць медыйную прастору, каб увогуле не было ніякіх іншадумцаў і свавольных меркаванняў, што было цалкам прадказальна.
Таму што артысты, вядучыя і іншыя нейкія медыйныя асобы — усё ж такі публічныя. Яны могуць штосьці не тое сказаць на якім мерапрыемстве, і іх пачуе шмат людзей.
Мне складана нешта сказаць пра тое, ці маюць нейкае дачыненне да апошніх затрыманняў даносы Бондаравай. Але гэта магло адбыцца і проста таму, што нехта пачуў, напрыклад, на карпаратыве, што вядучы сказаў нешта, перадаў другому, і так па ланцужку дайшло.
— То бок зараз нават на асабістае вяселле не пазавеш абы каго з вядучых?
— Пракантраляваць, што адбываецца на невялікіх сямейных святах, здаецца, будзе вельмі цяжка. Уявіце, колькі іх праходзіць па ўсёй краіне. Гаворка, у першую чаргу, ідзе пра карпаратывы прыватных кампаній.
Ёсць спецыяльны рэестр арганізатараў мерапрыемстваў, які зацверджаны на дзяржаўным узроўні. Любыя мерапрыемствы могуць ладзіць толькі тыя, хто там ёсць.
Ведаю, што пасля з'яўлення гэтага рэестру з’явіліся і «шэрыя» схемы, калі прыватнікі па-за рэестрам вымушаны былі ісці да афіцыйных арганізатараў, дзяржаўных ўстаноў, якія трапілі ў рэестр, з прапановай нешта арганізаваць «пад іх прыкрыццём».
Але я чуў і пра выпадкі, калі потым тыя дзяржаўныя ўстановы, так бы мовіць, кідалі сваіх партнёраў, бо такія стасункі заўжды трымаюцца толькі на словах, без ніякіх папер.
— А на раённых святах кшталту «Дажынак» гэтая татальная зачыстка не адаб’ецца?
— Не, яны і раней цалкам ідэалагічна фільтравалі свае праграмы. Да «Дажынак» ніякіх пытанняў ніколі і не было.
А вось прыватным кампаніям, паўтару, будзе значна цяжэй арганізаваць нейкае мерапрыемства, таму што і яны павінны будуць выбіраць усіх — і арганізатараў, і выканаўцаў — з таго ж спісу, што і на «Дажынкі», то-бок з дзяржаўнага рэестру.
Проста так артыста, які падабаецца, ніхто запрасіць не зможа, бо таму трэба атрымаць гастрольнае пасведчанне. Праз гэтыя пасведчанні таксама фільтруюць усіх, ад музыкаў да вядоўцаў мерапрыемстваў.
Зразумела, што пасведчанне атрымалі толькі людзі з акрэсленай дзяржаўнай пазіцыяй.
— Спявак Саша Нэма, які быццам бы сам прыйшоў у ГУБАЗіК, каб выбачыцца за свае дзеянні ў 2020 годзе, таксама хоча трапіць у той рэестр?
— Так, Саша Нэма, не ведаю сам ці не, але трапіў туды менавіта, каб проста выжыць у гэтых умовах. Таму што гэта артыст, які заўсёды збольшага сілкаваўся з дзяржаўных мерапрыемстваў, карпаратываў.
У яго не такая вялікая аўдыторыя, каб казаць пра нейкія там квітковыя канцэрты, з якіх можна жыць. Ён і так пратрымаўся даволі доўга, амаль чатыры гады. Так, ён ужо спрабаваў выбачацца, зрабіў дзіўны допіс у сацсетках «пра памылкі», але той быў такі абстрактны.
І вось некаму, відаць, падалося, што гэтага недастаткова, што Саша Нэма мусіць выбачацца канкрэтна. Так працуе рэпрэсіўная машына.
Справа ў тым, што дзяржава сама разумее маштаб папулярнасці гэтых сваіх артыстаў. Як такога ўплыву яны не маюць, таму зачысціць іх — другарадная задача. Але ж дабяруцца да ўсіх з неакрэсленай пазіцыяй. Асабліва тых, хто зарабляў і хоча далей зарабляць за кошт дзяржавы. Па прынцыпу — мы цябе кармілі, а ты з намі вось так?
Гэта проста яшчэ раз падкрэслівае небяспечнасць шляху, калі ты маеш нейкія стасункі з дзяржавай, нават калі гэта і забаўляльная сфера. Ты павінен мець адназначную пазіцыю. І дзеля гэтага павінен выбачацца, а некаму нават і выбачэнняў не хапае.
Той жа Віталь Карпанаў (гурт «Дразды»), які наогул ніяк не выказваўся ў 2020 годзе. Ён проста заўсёды хацеў зарабляць грошы, і дзеля гэтага мог і сказаць, і праспяваць што заўгодна. Але нават на яго распачалі паляванне ў праўладных тэлеграм-каналах, і зараз ён не мае магчымасці выступаць у Мінску, яго не запрашаюць на дзяржаўныя мерапрыемствы.
Але акрэслілі мяжу і пакінулі магчымасць выступаць на
перыферыі. І ён ладзіць там турнэ, і кожны раз са сцэны кажа пра прэзідэнта,
які той добры, што дзякуючы яму няма вайны, і г д.Гэта
кошт за тое, што ты маеш магчымасць зарабляць грошы.