«Сімвал пратэснага мастацтва». Выйшаў фільм пра Уладзіміра Цэслера

У ютубе цяпер можна паглядзець новы фільм пра легендарнага беларускага дызайнера Уладзіміра Цэслера, які пасля падзей 2020 года з’ехаў з краіны і цяпер жыве на Кіпры.

2024_06_01.png

Яго імя ведаюць і любяць ва ўсім свеце, яго працы выстаўляліся ў Луўры, а яго геніяльнасць не ставіцца пад сумнеў. Мастак, дызайнер і легенда беларускага мастацтва Уладзімір Цэслер — герой фільма, які знялі журналісты «Маланкі».

Уладзімір Цэслер — адзін з самых вядомых сучасных мастакоў і дызайнераў, беларус, імя якога ведаюць па ўсім свеце. На яго рахунку 40 міжнародных узнагарод, а яго працы вісяць у музеях Францыі, Германіі, Канады, Польшчы, Паўднёвай Карэі, Японіі. А галоўнае, яго па сапраўднаму любяць, бо Уладзімір стварае мастацтва з глыбокім сэнсам, цікавае і зразумелае кожнаму.


«Наша здымачная група адправілася на Кіпр, каб падрабязна даведацца пра жыццё беларускага дызайнера, чые працы вісяць у Луўры. Пагаворылі з легендай беларускага мастацтва аб дзяцінстве, маладосці, правальных спробах паступіць у Акадэмію мастацтваў і працах мастака, якія грымелі на ўвесь Савецкі Саюз», — гаворыцца ў рэлізе да фільма.

Падчас падзей 2020 года Уладзімір Цэслер не застаўся ў баку — яго працы сталі сімвалам пратэснага мастацтва, а сам дызайнер увайшоў у першы склад Каардынацыйнай Рады. Але, як і многія беларусы, Цэслер быў вымушаны з'ехаць з краіны. Больш за тры гады ён жыве на Кіпры, дзе працягвае тварыць на надзённыя тэмы.


Глядзіце таксама

Разам з Уладзімірам журналісты правялі шмат часу ў працоўных задачах і хатніх клопатах. Схадзілі на кіпрскі рынак і прыгатавалі самыя смачныя ў свеце галубцы. Зайшлі ў госці да іншых беларусаў, якія жывуць на Кіпры, і зляталі ў Ізраіль, каб наведаць сяброў.

Як заставацца простым і сціплым, калі цябе пры жыцці называюць геніем? Як быць актуальным і цікавым для моладзі, калі табе ідзе восьмы дзясятак гадоў? Як захоўваць прынцыпы і быць свабодным, што б ні адбывалася вакол? Адказы на гэтыя пытанні дает фільм разам з галоўным героем Уладзімірам Цэслерам.