Туркменія. Як пісаць ліст прэзідэнту
Калі верыць туркменскай палітычнай эміграцыі, у Туркменістане актыўна фармуецца новая прафесія — знаўцы напісання лістоў да прэзідэнта Гурбангулы Бердымухамедаву. Аказваецца, напісаць такі ліст — амаль навука.
Напрыклад, саму сутнасць праблемы аўтар павінен вызначыць толькі ў трэцім абзацы. Першыя два павінны апісваць квітнеючы пад кіраўніцтвам гаранта Туркменістан. Вось прыклад такога тэксту: «У шчаслівую эпоху суверэннай дзяржавы, у выніку Вашага клопату аб сваім народзе, туркменскі народ жыве ў міры і спакоі, у дабрабыце. Як і ў іншых кутках нашай краіны, і ў нашым раёне, паважаны наш Заступнік, вядзецца вялікая работа па павышэнні ўзроўню жыцця і дабрабыту народа. Натхнёныя Вашым лозунгам «Дзяржава для чалавека», адказваючы на Ваш нястомны клопат пра свой народ, мы, ***, любім сваю прафесію і кругласутачна служым свайму народу».
Пасля пачынаецца апісанне сутнасці праблемы. Аднак у тэксце яшчэ не раз павінны сустракацца дыфірамбы. Напрыклад, кожны абзац павінен абавязкова пачынацца са звароту да лідара.
Юрыст з Ашхабада, які пажадаў застацца неназваным, кажа, што без прадмовы ў такім ключы ніхто ліст кіраўніку дзяржавы не стане нават разглядаць. Паводле яго слоў, у час крызісу такіх лістоў становіцца ўсё больш. Так што на рынку назіраецца вялікі запыт на складальнікаў лістоў да прэзідэнта.
Паводле туркменскай прэсы