Стэфан Баторый і Іван Грозны: інтэлектуальны двубой

Маскоўскі цар Іван Грозны знайшоў у асобе караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя дастойнага саперніка не толькі на поле бітвы, але і ў інтэлектуальнай спрэчцы. Яна знакавая для сваёй эпохі.



ivan_grozny.jpg

Маскоўскі тыран вядомы сваімі “пространными” пісьмовымі адказамі і пасланнямі самым розным асобам — ад ігуменаў далёкіх манастыроў да самой англійскай каралевы Лізаветы. Найбольш знакамітыя, канечне, тры яго пасланні да збеглага ў Літву князя Андрэя Курбскага. Аднак менавіта Стэфан Баторый стаў адзіным чалавекам, які прымусіў змоўкнуць свайго суразмоўцу, вядомага па падступных хітраспляценнях самых розных фактаў і аргументаў, падмацаваных да таго ж красамоўнымі і “неабвержнымі” адсылкамі і цытатамі з Бібліі.

Спрэчка паміж манаршымі асобамі ўзнікла восенню 1581 г. Яшчэ раней, перад выправай на Полацк у 1579 г., Стэфан Баторый актыўна будаваў сваю прапагандысцкую стратэгію супраць маскоўцаў, у аснове якой ляжала ідэя вызвалення ад тыраніі няправеднага цара і высокай каштоўнасці грамадзянскай свабоды. Маскоўскія жаўнеры і насельніцтва засталіся глухія да гэтых заклікаў — надта адрознай была іх ментальнасць і ўяўленні аб узаемадзеяннях з уладай, каб такія рэчы маглі дайсці да іх вушэй…

Прайграючы на ваенным полі, Іван Грозны, пэўна, паспрабаваў разбіць непрыяцеля на полі ідэйным, даказаўшы справядлівасць і рацыю сваёй палітыкі, яе боскае абгрунтаванне і натхнёнасць. Вобраз ворага, увасоблены ў Баторыю, зразумела, насіў д’ябальскія рысы — Іван Грозны паклаў нямала сіл, каб патлумачыць і даказаць гэта з дапамогай слоўных фігур са Святога Пісьма.

Грозны накідваецца на паходжанне Баторыя і яго абранне каралём шляхтай Рэчы Паспалітай. Манарх можа быць прызначаны толькі Богам, кажа Іван IV, намякаючы на сябе, а не “по многомятежному хотенью” звычайных людзей. Праз гэты нехрысціянскі звычай польскі кароль горшы за басурманскіх гаспадароў і параўноўваецца з найгоршымі біблейскімі царамі — Амалікам, Сінахерыбам, Хаздроем і Максенцыем. Не абышлося і проста без непрыстойных знявагаў, як гэта часта можна сустрэць у пасланнях маскоўскага цара.

budzma.by__wp_content_uplo_9778d79a7071638f7d8675a3f5a1574c.jpeg

Адказ Баторыя не прымусіў сябе доўга чакаць. Выклікае захапленне тая вытрымка ў ацэнцы царскіх закідаў і яснае разуменне хваравітасці і слабасці аргументацыі Івана IV. Абраны тон і стыль у пісьме Баторыя, здаецца, проста дабіў маскоўскага гаспадара, які прывык да іншага кшталту інтэлектуальных сапернікаў. Усе яны паходзілі з Маскоўскай дзяржавы, і таму іх светапогляд былі даволі абмежаваны ў параўнанні з багаццем еўрапейскай тэалогіі і палітычнай думкі.

А Беларусь тады належала да гэтага свету. І ў адказе Стэфана Баторыя ўвасобіліся ўсе вобразы і ідэі, на падставе якіх існавала Рэч Паспалітая і славутая “шляхецкая дэмакратыя”. Спярша кароль указаў на нелагічнасць і нагрувашчанасць неадпаведнымі фактамі ліста Івана Грознага: “Лист твой так долгий, яко ест полон вшетеченства и попудливости, так в собе никакого порадку не мает». Баторый робіць з гэтага выразную выснову пра звар’яцелась цара: «Все в ним помешано ест, чим ся показует, же подобно разум твой велми ся помешал!»

Баторый адкідвае ліставанне як форму асабістай спрэчкі манархаў, для яго гэта канфлікт светапоглядаў цэлых грамадстваў Рэчы Паспалітай і Масковіі. Гэта было неспадзяванкай для іншага боку. Іван Грозны — “паганскі”, язычніцкі валадар, якога трэба выратоўваць ад граху і невуцтва. У якасці метафары Баторый выкарыстоўвае вобраз асла, да якога вельмі падобны Іван Грозны з паводзінаў. Польскі кароль па-майстэрску разбівае аргументы Грознага пра Боскае заступніцтва і абарону, паказваючы адваротнае як на прыкладах з Бібліі, так і на гістарычных фактах. Ён звяртае ўвагу маскоўца, намякаючы на беднасць яго ведаў, што варта не выдумляць, а вучыцца сапраўднай гісторыі: “Чтеши правдивых летописцев, а не тверди басен бахоров твоих». Пасмяяўся Баторый і з патугаў маскоўскага цара паказаць сваё радавітае паходжанне: ён не болей чым сын “нашай здрадніцы” Алены Глінскай. Гэтак жа абышоўся наш гаспадар з пыхлівымі тытуламі маскоўскага цара, да якіх той асабліва прывязваўся: “Тытулы твои долгие, незличоные, которыми болшей до смеху тебе”.

Іван Грозны спачатку падрыхтаваў адказ, але пасля звестак пра заключэнне ў Ям-Запольі доўгачаканага перамір’я загадаў знішчыць ліст. Мы так і не даведаемся, што там было. Але сам факт, што Грозны дазволіў сабе замаўчаць і не адказваць на балючыя выпады Стэфана Баторыя, сведчыць, што ён прайграў гэтую інтэлектуальную бітву.

budzma.by__wp_content_uplo_5f4e5ee537a3132c9f8c935d29d2fa31.jpeg

Дыскусія двух манархаў, якія ваявалі, была выключнай справай. Здзіўляе, дарэчы, той факт, што ёй так мала надаецца ўвагі нават даследчыкамі (а ў Расіі ж так шмат носяцца з Іванам Грозным!) — пэўна, грае сваю ролю непрывабнасць спрэчкі для вобраза моцнай і мудрай Маскоўскай дзяржавы. Важна таксама, што адпор крываваму і хітраму Івану Грознаму даў чалавек, які ведаў ваенную справу і ўмеў перамагаць у войнах.

Незаўважна для сябе наша старажытная дзяржава атрымала тут вельмі важную перамогу, перамогу ў барацьбе светапоглядаў і духоўных каштоўнасцяў.

Андрэй Янушкевіч, budzma.by