«100 выдатных дзеячаў беларускай культуры»
10 студзеня ў Мінску адбылася прэзентацыя першых трох кніг серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры», якія выйшлі ў грамадскім Інстытуце беларускай гісторыі і культуры і сталічным выдавецтве «Харвест» накладам па 1,5 тысячы паасобнікоў кожная.
Гэтыя добра ілюстраваныя 64-старонкавыя навукова-папулярныя выданні кішэннага фармату прысвечаны беларускаму мастаку з Вільні Міхалу Андрыёлі (аўтар Вітаўт Чаропка), творцу беларускага тэатра Фларыяну Ждановічу (аўтар Алесь Мінскі) і бацьку беларускай гістарыяграфіі Мітрафану Доўнар-Запольскаму (аўтар Анатоль Тарас).
Як адзначыў вучоны сакратар Інстытута беларускай гісторыі і культуры, заснавальнік, каардынатар і рэдактар серыі Анатоль Тарас, у спіс персаналіяў серыі ўвайшлі тыя постаці нацыянальнай культуры XIX–XX стагоддзяў, каторыя ўвасобілі беларускія погляды на гісторыю, літаратуру і мастацтва Бацькаўшчыны і працавалі дзеля яе на Беларусі ўсё жыццё ці яго большую частку. Прычым, мэта серыі не ў тым, каб прадставіць чытачу падрабязныя біяграфіі выбітных дзеячаў, а распавесці пра іх знакавыя здзяйсненні і выявіць тое, што яны ўнеслі ў скарбніцу нацыянальнай культуры.
Анатоль Тарас паведаміў, што першыя тры даволі танныя кніжкі коштам не больш за 15 тысяч рублёў ужо паступілі ў продаж. У бягучым годзе запланаваны выпуск першых дзесяці кніжак серы, прысвечаных, у тым ліку, мастаку і кампазітару Напалеону Орду, гісторыкам Вацлаву Ластоўскаму і Яўхіму Карскаму, паэту Максіму Багдановічу, мітрапаліту Мелхісэдэку (Міхаілу Паеўскаму), выдаўцу Аляксандру Уласаву і мастаку Язэпу Драздовічу.
«Вядзецца праца над кніжкамі пра славутых беларускіх паэтак Наталлю Арсенневу, Ларысу Геніюш, Канстанцыю Буйла і Зоську Верас. Паколькі ў спіс персаналіяў серыі ўвайшлі толькі 75 асоб, трэба вылучыць яшчэ 25», — сказаў Анатоль Тарас. Ён заклікаў айчынных аўтараў прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы кніг серыі.
Анатоль Тарас і Вітаўт Чаропка
Вітаўт Чаропка назваў выдавецкі праект «вельмі цікавым сваім фарматам, паколькі прапануе кнігі для народа» і «добрым будынкам у пантэон беларускай славы». «Асоба мастака ўпершыню прыцягнула мяне сваімі цудоўнейшымі ілюстрацыямі да кнігі Фенімора Купера «Апошні з магікан». Гэтыя ілюстрацыі пагружалі чытача ў свет прыгод Паўночнай Амерыкі. Я тады яшчэ не ведаў, што не нейкі італьянец Андрыёлі, а выхадзец з Вільні Міхал Андрыёлі так прыгожа змаляваў гэтыя паўночнаамерыканскія лясы з беларускіх пушчаў. На жаль, працы мастака захаваліся толькі ў кніжных выданнях, бо згарэў яго дом у Брэгах каля Мінска Мазавецкага і полымя знішчыла многія творы Андрыёлі. Аднак ўсе мае намаганні выдаць альбом з амаль сотняй кніжных гравюр мастака ў сталічным выдавецтве «Беларусь» закончыліся беспаспяхова», — сказаў Чаропка.
Ён назваў Андрыёлі «выдатным беларускім мастаком XIX стагоддзя», каторы маляваў краявіды Беларусі, адлюстроўваў падзеі паўстання 1863–1864 гадоў, у якім прымаў асабісты ўдзел, зрабіў шматлікія малюнкі да твораў Алама Міцкевіча і Уладзіслава Сыракомлі, іншых паэтаў і празаікаў, чые карані з беларускай зямлі. Чаропка збіраецца напісаць для серыі яшчэ адну кніжку, прысвечаную жыццю і дзейнасці выбітнага беларускага пейзажыста XIX стагоддзя Апалінарыя Гараўскага.
Мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін прапанаваў уключыць у серыю кнігі пра вядомых мастакоў Казіміра Малевіча (яго сям’я беларускай шляхты спрадвеку жыла ў Копылі, дзяды мастака ўдзельнічалі ў паўстанні Кастуся Каліноўскага, а сам Казімір называў сябе ліцвінам), Аляксея Пятрухну і Тодара Копшу, а таксама пра кампазітара Міхала-Клеафаса Агінскага.