Сацыяльны нерат: ці магчымая ў беларусі фэйсбук-рэвалюцыя?

Фрустрацыя беларускага грамадства, выкліканая жорсткім прыдушэннем мітынгу 19 снежня 2010 года, перайшла ў калектыўную дэпрэсію вясной, калі пачаліся суды над палітвязнямі і зацяжны валютны крызіс. Своеасаблівы выхад з гэтай дэпрэсіі быў прапанаваны ў пачатку чэрвеня маладымі карыстальнікамі сацыяльнай сеткі «ВКонтакте».



b3746c4a274181d2bcc315ab1f7aa87d.jpg

Фрустрацыя беларускага грамадства, выкліканая жорсткім прыдушэннем мітынгу 19 снежня 2010 года, перайшла ў калектыўную дэпрэсію вясной, калі пачаліся суды над палітвязнямі і зацяжны валютны крызіс. Своеасаблівы выхад з гэтай дэпрэсіі быў прапанаваны ў пачатку чэрвеня маладымі карыстальнікамі сацыяльнай сеткі «ВКонтакте».
Беларускія настроі нязгоды займелі свой графік і месца («кожную сераду на цэнтральнай плошчы твайго гораду»), канцэпцыю («маўклівы пратэст і непраціўленне злому») і ўпершыню за апошнія 20 гадоў страцілі мінскую прапіску, стаўшы агульнананацыянальнымі. Журналісты ў захапленні — сацыяльныя сеткі за лічаныя тыдні здзейснілі тое, чаго не змаглі дамагчыся некалькі пакаленняў апазіцыйных палітыкаў і іх тэхнолагаў... Ці мела б Беларусь (а да яе — Туніс, Егіпет, Лівія) такі цывілізацыйны шанец, калі б у не такім ужо ў далёкім 2003-м годзе аднаго здольнага студэнта Гарварда не пакрыўдзіла дзяўчына?
Мы селі на прыгарадны аўтобус, каб ехаць у Корал-Рыдж мол. Нас — чатыры дзяўчыны, і мы з розных кантынентаў. Пола — аргенцінка, Гада — егіпцянка, Аня (нягледзячы на імя) — немка, ну і я. Амерыканскія гарадскія аўтобусы — гэта такія домікі з казкі Шарля Пяро: таргані за вяровачку — дзверы і адчыняцца: па ўсім салоне працягнутыя драты, спалучаныя з кабінай кіроўцы. Прыкладна праз паўгадзіны язды і нам трэба, не праміргаўшы патрэбны прыпынак, прарабіць гэтую аперацыю. А праміргаць нескладана: універсітэцкі гарадок хутка заканчваецца, і паабапал дарогі відаць нізкія ангары загарадных крамаў, рэстарацый і сэрвісаў. Самы вялікі ангар — наш: гандлёва-забаўляльны цэнтр для адпачынку і шопінгу аяванскіх фермераў, іх жонак і дзетак. Аня торгае за вяровачку.
Зусім не шопінг — прычына нашай сюды вылазкі. Мы не супадаем у густах — а некаторыя з нас і ў памерах з жонкамі аяванскіх фермераў, вопратка тут пераважна спартовая, каб купіць нешта «гэткае» тутэйшыя дзяўчаты з прэтэнзіямі выпраўляюцца ў «Шыкага» — гэта ўсяго тры гадзіны язды па хайвэі, калі, канешне, гнаць 100 міляў (130 кіламетраў) на гадзіну — а яны так і ганяюць, нават рэйсавыя аўтобусы: («Мэм, толькі дазволеная хуткасць, мы — рэспектабельны перавозчык!»). Мы выбраліся ў мультыкінатэатр на прэм’еру «Сацыяльнай сеткі» Дэвіда Фінчара. Хоць, здаецца, і тут мы ў густах не супадаем: гледачоў у залі не больш за дзясятак. Мы ўладкоўваемся з напоямі ў крэслах-гайдалках, глядзім і гайдаемся.
Ад Гутэнберга да Цукерберга
Знаёмы публіцыст даў усяму працэсу развіцця сусветнага кнігадруку ёмкае азначэнне: ад Гутэнберга да Цукерберга. І ўшанаваны шэрагам узнагародаў фільм Фінчара толькі пацвярджае правамернасць згадваць другое прозвішча побач з першым. Мастацкі фільм «Сацыяльная сетка» заснаваны на рэальных падзеях — а менавіта вынаходніцтве 20-гадовым студэнтам Гарварду Маркам Цукербергам першай сацыяльнай сеткі facebook.com.
Фільм зацікавіў нас кожную па-свойму. Аня ў інтэрнэце амаль адсутнічае. Яна перакананая, што скайп і электронная пошта дастаткова звязваюць яе з рэштай свету. Яна прыйшла на фільм, бо хоча ведаць у твар ворага сваёй прыватнасці. Гада — егіпецкая Фэйсбук-актывістка, ёй цікава зірнуць на тое, як ствараўся механізм любімай лялькі. Пола прыйшла на фільм як падшыты алкаголік на экскурсію па піўзаводзе: напярэдадні яна выдаліла свой акаўнт у ФБ, бо палічыла, што віртуальнае сумоўе забірае зашмат яе часу. Я зарэгістраваная ў Фэйсбуку, і тут, у ЗША, усё актыўней зазіраю на сваю старонку: у сацыяльнай сетцы прасцей падтрымліваць сувязь як з пакінутай на час радзімай, так і з новымі англамоўнымі сябрамі. Я прыйшла на фільм пад уражаннем ад «Байцоўскага клубу» — самай вядомай карціны таго ж рэжысёра, у чаканні чарговага дыягназу свайму пакаленню.
Фільм Фінчара цікавы ўжо тым, што распавядае пра падзеі, якія адбыліся ўсяго сем гадоў таму, і ўдзельнікі якіх — маладыя людзі, якім цяпер па 26–27 гадоў, у жанры канала «Дыскаверы» — як пра знакавую гістарычную падзею мінуўшчыны. Некалькі студэнтаў Гарварда запусцілі сайт, на якім людзі маглі змяшчаць інфармацыю пра сябе і камунікаваць. Наватарства сайту было ў тым, што людзі на ім прадстаўленыя не паасобку, а праз свае сацыяльныя сувязі: школу, сям’ю, сяброў... Тут можна было лёгка знайсці людзей, якіх, здавалася, страціў назаўсёды (праграмісты былога Савецкага Саюза потым акцэнтавалі гэтую магчымасць сацсетак у нашумелым праекце «Аднакласнікі»). У 2006 годзе Фэйсбук перастаў быць рэсурсам амерыканскіх універсітэтаў і пашырыўся на ўвесь свет. У сакавіку 2011 года колькасць зарэгістраваных карыстальнікаў перавысіла 700 мільёнаў...
Як толькі праект «Фэйсбук» стаў паспяховым, яго галоўныя стваральнікі — фінансіст Эдуарда Северын і праграміст Марк Цукерберг рассварыліся, вынікам чаго стаў судовы працэс. Апроч таго, з Цукербергам судзіліся іншыя студэнты Гарварда — браты Уінклвасы, якія сцвярджалі, што юны геній скраў іх ідэю віртуальнага клуба для абраных студэнтаў Гарварда.
Цукерберг — герой?
У аснову фільма «Сацыяльная сетка» лягла кніга Бена Мездрыча «Мільярдэры мімаволі» — дакументальная толькі напалову. Гісторыя судовых працэсаў супраць Цукерберга ў ёй містыфікуецца. Паводле аўтара, Марк Цукерберг — герой новага часу, чалавек, які зарабіў вялізарныя грошы ўласным інтэлектам, але абсалютна не карыстаецца выгодамі мільярдэрства. У фільме «Сацыяльная сетка» рэжысёр зрабіў акцэнт менавіта на самім феномене новых камунікацый: слоган фільма — «Немагчыма завесці паўмільярды сяброў, не нажыўшы ніводнага ворага».
Здаецца, што тут глядзець? Але Фінчар ператварае начныя няспанні маладога праграміста і будні ІТ-спецыялістаў у расцягнутых спартовых швэдрах, якія яўна спадабаліся б жонкам аяванскіх фермераў, у вострасюжэтную моладзевую драму.
Чырвонай ніткай праз фільм праходзіць думка, што Фэйсбук, як і ўсё вялікае ў гэтым свеце, быў створаны «из-за девчонки». Шэршэ ля фам — яшчэ падчас уступных тытраў галоўнага героя кідае дзяўчына. Перад фінальнымі тытрамі самы малады мільярдэр планеты сядзіць перад экранам кампутара і ярастна абнаўляе старонку: ужо стаўшы сусветнай знакамітасцю, ён — звычайны юзер сваёй сеткі — дасылае ёй запыт на даданне ў сябры. Дзеля ейнага адзінага «Запыт прыняты», маўляў, і быў задуманы самы неверагодны сацыяльны праект пачатку тысячагоддзя. Амаль ванегутаўская філасофія.
 «Я лічу, Цукерберг — герой!» — запярэчыла Пола ў адказ на маю заяву, што Марк Цукерберг — злы геній, Фэйсбук — новая антыўтопія, а «Сацыяльная сетка» — фільм-папярэджанне. Пола — маладая вучоная, яна схіляецца перад прагрэсам, а новы туп камунікацыі — гэта, безумоўна, прагрэс. Я, гуманітарый, магу думаць пра гэта што заўгодна. У Гады наша дыскусія выклікае іншыя пытанні: «Як можна стаць мільярдэрам, калі ўсё, што адбываецца ў Фэйсбуку, — бясплатна?» — задае яна лагічнае пытанне. Хто-хто, а яна ведае цану сацыяльным сеткам: за ўвесь час сваёй Фэйсбук-актыўнасці, яна плаціла хіба што егіпецкаму правайдэру за падключэнне да інтэрнэту.
«Вельмі проста. Кожны профіль у Фэйсбуку каштуе мінімум адзін долар» — тлумачыць Пола. Вось ты, Марыя, маеш у профілі карцінку ў чырвоным швэдры. «У маім любімым!» — шырока пасьміхаюся я. «Для Фэйсбука гэта вельмі каштоўная інфармацыя, якую можна дорага прадаць стваральнікам кантэкстнай рэкламы! — урачыста абвяшчае сяброўка. — Гэта значыць, табе можна паказваць чырвоныя машыны, чырвоныя сукенкі... А табе, Гада — бірузовыя, як твая хустка!»
А мы ж яшчэ дадаём туды свае фота, відэа, тэксты... У рэсурсу, які залучыў у сябе ўжо шостую частку жыхароў планеты, — вялізныя перспектывы, у яго вераць інвестары. На сёння Фэйсбук каштуе каля 60 мільярдаў даляраў,  чвэрць з якіх належыць 27-гадоваму Марку.
Фэйсбук — рэвалюцыя
Магчыма, Фінчар і мае рацыю, і 20-гадовым Цукербергам на парозе яго вынаходніцтва рухала піва і злосць на жаночы пол. Але, як і ў Егіпце, у Беларусі Фэйсбук — і яе кірылічны аналаг «ВКонтакте» — рухаюцца зусім іншым тыпам лібіда. У краінах аўтарытарнага тыпу сацыяльныя сеткі сталі важнай платформай, якая забяспечвае свабоду слова. Прынамсі, у інтэрнэце.
У ЗША я была перакананая, што мая ўцягнутасць у Фэйсбук — уплыў мясцовасці: як-ніяк, Амерыка — радзіма гэтай з’явы. Але вяртанне ў Беларусь дало зразумець: Фэйсбук змяніў характар стасункаў між сацыяльна актыўнай часткай грамадства. У беларускамоўным Фэйсбуку нават была створаная віртуальная дзяржава — Вялікае княства Фацабукі... У дадатак, падчас падзеяў 19 снежня і пасля іх Фэйсбук быў адзінай стужкай навінаў, якая аператыўна акумулявала 100% інфармацыі — смскі з Плошчы, аматарскія відэаролікі, навіны замежных агенцый... У 2006 годзе такую ролю выконваў рэсурс livejournal, які сёлета адышоў на другі план, бо ён не такі аператыўны, як сацыяльная сетка. З таго часу, здаецца, маіх сяброў і калег як прыклеіла да Фэйсбуку... Калі адзін беларускі літаратар пры сустрэчы строга звёў бровы і спытаўся, чаму я не «лайкаю» яго кнігу ў Фэйсбуку, я зразумела: пачалося. Па-першае, я вывучыла новы беларускі дзеяслоў «лайкаць» — (адзначаць упадабаную старонку інтэрнэту цэтлікам «Мне падабаецца»). Па-другое, дазналася, што такія «лайкі» падымаюць інфармацыю ўверх, прыцягваюць увагу да яе большай колькасці людзей. Гэты літаратар паспяхова прадаў свой новы раман дзякуючы сацыяльным сеткам...
Сацыяльную сетку «ВКонтакте» ў народзе празвалі студэнцкай. Тут камунікуе пераважна моладзь. Тут выкладчыкі ўніверсітэтаў ладзяць віртуальныя семінары, мэнэ­джэры начных клубаў залучаюць наведнікаў на свае імпрэзы... Тут, нечакана для «дарослых», і ўспыхнуў маўклівы супраціў уладзе. Але...
Фэйсбук-рэвалюцыя?
Хутчэй не, чым так. Калі ў Беларусі адбудуцца палітычныя змены — то яўна не праз папулярныя ў моладзі сацыяльныя сеткі, а проста таму, што наспелі цывілізацыйныя ўмовы для гэтых зменаў. Сацыяльныя сеткі самі па сабе — вялікі пераварот у камунікацыях. Гэта тэхналогія, якая дазваляе маладому музыку сабраць залу на канцэрт, а сарамліваму хлопцу ўпаляваць момант, калі дзяўчына яго мары мяняе свой статус стасункаў на «ўсё складана» і ідзе на гэты канцэрт развеяцца. Але ўсё гэта — адно інструмент для ажыццяўлення афлайнавых мараў і памкненняў. Пратэст пачынаецца ўнутры чалавека, з яго асабістай нязгоды з існым ладам. У Беларусі, як і ў іншых краінах, яго выклікаў эканамічны крызіс (ну і ўвогуле — дастала...) А флэшмоб — сацыяльная з’ява, спароджаная новымі магчымасцямі інфармавання — усяго толькі інструмент данесці свае пратэстныя настроі urbi et orbi. Ці ў спрытных руках апынуўся гэты інструмент — пакажа час і практыка. У любым выпадку, моладзевы імпульс мусіў бы быць падхоплены дысідэнцкім лідарам старэйшага пакалення — такім, якім стаў Вацлаў Гавэл для чэшскіх студэнтаў у 1989-м.