NATO: Пуцін думае, што перамагае, але толькі знясільвае армію РФ «мяснымі штурмамі»

Украіне абяцаюць «складанае лета», але ўсе ўпэўненыя, што Расія не здолее дасягнуць сваіх мэтаў у гэтай ваеннай кампаніі. Тым часам Еўропа канстатуе расійскія пагрозы і працягвае падтрымліваць Украіну. Ідзе 1217-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 151 баявое сутыкненне, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 25 чэрвеня.

Траціна з іх адбылася на Пакроўскім кірунку, —там зафіксавана 65 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Срэбнага, Багданаўкі, Новасергіеўкі, Елізаветаўкі, Малінаўкі, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Катляроўкі, Аляксееўкі і іншых

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 18 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Студні, Торскага, у напрамках Новага Свету, Зялёнай Даліны, Грэкаўкі і іншых.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 15 атак непадалёк Тарэцка, Неліпаўкі, у напрамках Русінага Яра і Яблонаўкі.

На Новапаўлаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 14 атак паблізу Багатіру, Зялёнага Поля, Навасёлкі, Шаўчэнка, Вольнага Поля і іншых.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім), Купянскім і Северскім кірунках адбылося па пяць атак на кожным. Па восем атак расіян зафіксавана на На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) і Краматорскім кірунках.

* * *

Армія РФ працягвае ціснуць Сілы абароны Украіны на некалькіх кірунках фронту. Аднак УСУ трымаюць абарону і контратакуюць, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя запісы сведчаць, што расійскія войскі нядаўна нязначна прасунуліся на паўночны захад ад Андрэеўкі ў Сумскай вобласці. Расійскія крыніцы сцвярджаюць, што ўкраінскія войскі контратакавалі ў неўстаноўленых раёнах на Сумскім кірунку.

Расійскія сілы маглі нязначна прасунуцца да ўсходняй ускраіны Серабранкі на Северскім кірунку. Таксама геалакацыйныя кадры сведчаць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўднёвы захад Часавага Яру.

Паводле геалакацыйных звестак, украінскія войскі нядаўна прасунуліся ў заходняй частцы Яблонаўкі на Тарэцкім кірунку.

У ISW лічаць, што расійскія войскі нядаўна захапілі Малінаўку на Пакроўскім кірунку. Таксама, паводле звестак аналітыкаў ISW, расійцы маглі захапіць Новасергіеўку. Расійскія войскі ў апошнія дні наступалі на Новапаўлаўку, Новасергіеўку і Новамікалаеўку, а таксама паблізу гэтых населеных пунктаў.

Паводле геалакацыйных запісаў, украінскія войскі нядаўна прасунуліся на поўнач ад Алешак паблізу Антонаўскага аўтамабільнага моста ў Херсонскай вобласці.

* * *

Разведданыя Паўночнаатлантычнага альянсу пацвярджаюць пастаяннае прасоўванне войска РФ, у тым ліку ў Сумскай вобласці, аднак Расія нясе вельмі высокія страты, заявіў журналістам на саміце NATO высокапастаўлены прадстаўнік Альянсу, які меў зносіны на ўмовах ананімнасці, паведамляе «Еўрапейская праўда».

Грунтуючыся на даных разведкі саюзнікаў, ён пацвердзіў падлікі УСУ адносна расійскіх баявых страт. «Мы перасеклі ўзровень страт з расійскага боку ў 1 млн чалавек, колькасць загінулых ацэньваецца ў 250 тысяч», — заявіў ён.

У апошні час, паводле яго слоў, узровень расійскіх страт вельмі высокі, у сярэднім каля 1300 чалавек на дзень, і гэта звязана з тактыкай РФ, якая грунтуецца на штурмах са значным адсоткам загінулых, у тым ліку ў Сумскай вобласці.

«У Сумскай вобласці Расія імкнецца стварыць буферную зону пасля Курскай аперацыі. Але хоць яна мае тактычныя прасоўванні, гэтыя атакі для яе вельмі знясільваючыя», — заявіў прадстаўнік Альянсу. Ён таксама падкрэсліў, што «атачэнне [горада Сумы] найбліжэйшым часам не ўяўляецца верагодным і магчымым».

Пазней, апісваючы чаканні ад найбліжэйшых месяцаў, чыноўнік заявіў, што Расія будзе спрабаваць абысці Сумы: «Мы чакаем спробаў пашырыць лінію фронту на поўначы і паўночным усходзе ад Сум, бо Расія паспрабуе ўсталяваць тэатр баявых дзеянняў для наступу на Сумы».

У NATO таксама ёсць пацверджанне таго, што паралельна з расійскім прасоўваннем Украіна прасоўваецца ў Курскай вобласці ў раёне Цёткіна, што стрымлівае наступ расіян і сведчыць, што «абодва бакі маюць тактычныя поспехі».

* * *

Расійскі ўдар па Дняпры 24 чэрвеня забраў жыцці 18 чалавек, яшчэ 2 чалавекі загінулі ў вобласці. Кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак абвясціў жалобу ў вобласці.

Пяцёра мужчын атрымалі раненні ў выніку расійскіх ракетных абстрэлаў і атакі дронамі горада Запарожжа, Васільеўскага і Полагаўскага раёнаў Запарожскай вобласці.

У ноч на 25 чэрвеня ў Харкаве прагрымелі выбухі, расійцы атакавалі горад ударнымі дронамі, у прыватнасці пашкоджана грамадзянскае прадпрыемства, пацярпеў мужчына.

* * *

510907459_1075592598087151_3673387019153467446_n.jpg

* * *

NATO лічыць, што расійскі лідар Уладзімір Пуцін верыць у здольнасць свайго войска дасягнуць прарыву, і таму будзе ўзмацняць атакі ва Украіне, нягледзячы на страты, заявіў журналістам на саміце NATO высокапастаўлены прадстаўнік Альянсу, які пажадаў застацца ананімным.

У Альянсе адзначаюць, што Расія нясе значныя страты, аднак мае намер у цэлым захоўваць тактыку «мясных штурмаў». На гэтай падставе ў Альянсе чакаюць «цяжкага лета» для Украіны. Прадстаўнік NATO некалькі разоў паўтарыў гэтую фразу.

«Мы чакаем руху ў Сумскай вобласці. У Запарожскай вобласці мы таксама чакаем інтэнсіфікацыі, але ў асноўным гэта будуць абмежаваныя штурмы для паляпшэння тактычных пазіцый», — заявіў ён.

У Альянсе мяркуюць, што Пуцін, прымаючы стратэгію дзеянняў, кіруецца хлуслівай інфармацыяй, і таму ягоныя чаканні ад летняй кампаніі значна больш маштабныя. «Ён сапраўды думае, што ён перамагае, але гэта заснавана на хлуслівай інфармацыі, якую ён атрымлівае. Зыходзячы з гэтага, украінцам варта чакаць цяжкага лета», — падкрэсліў чыноўнік NATO. «Будзе ціск па ўсёй лініі фронту і падобна, што ён будзе расці, таму я кажу пра складанае лета для Украіны», — дадаў ён.

Зрэшты, у NATO не лічаць, што Расія зможа дасягнуць пастаўленых мэтаў. «У цэлым, галоўным стрымліваючым фактарам для Расіі з'яўляецца тое, што яна не мае дастатковых рэзерваў, неабходных для таго, каб дасягнуць нейкага прарыву», — растлумачыў прадстаўнік Альянсу.

* * *

Генерал-лейтэнант Алексус Грынкевіч, якога ЗША намінавалі на камандаванне сіламі NATO ў Еўропе, мяркуе, што Украіна можа перамагчы ў вайне з Расіяй. Пра гэта ён заявіў падчас слуханняў у Сенаце ЗША.

Адказваючы на пытанне пра перспектывы вайны Расіі супраць Украіны і пра тое, ці можа апошняя перамагчы, ён заявіў: «Я мяркую, што Украіна можа перамагчы». «Я лічу, што калі ваша радзіма знаходзіцца пад пагрозай, вы змагаецеся з такой упартасцю, якую нам цяжка ўявіць, паколькі мы ніколі не аказваліся ў такой сітуацыі», – абгрунтаваў сваё меркаванне Грынкевіч.

* * *

У абноўленай стратэгіі нацыянальнай бяспекі ўрада Вялікабрытаніі заклікана рыхтавацца да магчымасці нападу на тэрыторыю краіны, піша The Guardian.

У дакуменце выкладзены спектр пагроз, з якімі, са слоў брытанскіх службаў, цяпер сутыкаецца краіна. «Некаторыя праціўнікі закладаюць аснову для будучых канфліктаў, займаючы пазіцыі, якія дазваляюць ім хутка дзейнічаць, каб выклікаць сур'ёзныя збоі ў нашых энергетычных і/або ланцужках паставак, з мэтай утрымаць нас ад супрацьстаяння іх агрэсіі. Упершыню за шмат гадоў мы павінны актыўна рыхтавацца да магчымасці прамой пагрозы для тэрыторыі Вялікабрытаніі, патэнцыйна з ваенным сцэнаром», — сказана ў дакуменце.

«Расійская агрэсія пагражае нашаму кантыненту. Стратэгічнае суперніцтва ўзмацняецца. Экстрэмісцкія ідэалогіі на ўздыме. Тэхналогіі трансфармуюць прыроду як вайны, так і ўнутранай бяспекі. На брытанскай зямлі вядзецца варожая для дзяржавы дзейнасць», — напісаў у прадмове да гэтага агляду прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер.

У аглядзе падрабязна разглядаюцца пагрозы, з якімі сутыкаецца Брытанія як унутры краіны, так і за мяжой. Галоўнай з пагроз указана Расія, «улічваючы яе кібератакі і спробы сабатажу».

* * *

Кіраўнік урада Вялікабрытаніі Кір Стармер паведаміў пра новы пакет вайсковай дапамогі Украіне, які прафінансавалі за кошт адсоткаў, атрыманых ад замарожаных расійскіх актываў.

У пакеце будуць сучасныя ракеты для СПА, вырабленыя ў Вялікабрытаніі і адаптаваныя для наземнага запуску. Ракеты будуць ужываць з дапамогай сістэм Raven, пастаўленых Брытаніяй. Пяць з іх ужо на шляху ва Украіну. Агульная колькасць перададзеных Кіеву сістэм складзе 13.

Выступаючы перад штогадовым самітам NATO ў Гаазе Стармер сказаў, што «Расія, а не Украіна, павінна заплаціць кошт за варварскую і незаконную вайну Пуціна». «Мы маем права выкарыстоўваць канфіскаваныя расійскія актывы для ўмацавання паветранай абароны Украіны. Бяспека Украіны з'яўляецца жыццёва важнай для нас», — заявіў кіраўнік брытанскага ўрада.

Новы пакет дапамогі з'яўляецца часткай найбуйнейшай штогадовай дапамогі Украіне з боку Вялікабрытаніі ў памеры 4,5 млрд фунтаў стэрлінгаў. Ён з'яўляецца працягам дамоўленасці на суму 1,6 млрд фунтаў стэрлінгаў, заключанай у сакавіку, аб пастаўках больш за 5000 ракет супрацьпаветранай абароны і асобнай інвестыцыі ў памеры 350 млн фунтаў стэрлінгаў для дзесяціразовага павелічэння паставак дронаў.

* * *

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон асудзіў удары расійцаў па Украіне, якія адбыліся ў апошнія дні, і адзначыў, што Масква сваімі дзеяннямі парушае міжнароднае права. «Я рашуча асудзіў масіраваны напад Расіі на Днепр і напады на ўкраінскія гарады ў апошнія тыдні», — адзначыў Макрон у сацсетцы Х.

Ён таксама падкрэсліў, што Украіна ўжо больш за тры месяцы згаджаецца на спыненне агню, прапанаванае прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, але Расія ўпарта адмаўляецца ад міру. «Яна бамбіць, забівае, парушае міжнароднае права, ніколі не несучы адказнасці за свае дзеянні. Расія не можа працягваць забіваць беспакарана», — дадаў прэзідэнт Францыі.