Місія ААН зафіксавала новыя ваенныя злачынствы Расіі ва Украіне
Расійскія вайскоўцы ўсё часцей выкарыстоўваюць FPV-дроны для прыцэльных удараў па цывільным насельніцтве ва Украіне, —а гэта ёсць ваенным злачынствам, кажа ААН. Паўночная Карэя рыхтуе новы кантынгент на вайну, і ён можа быць выкарыстаны непасрэдна ва Украіне, лічаць адмыслоўцы. Ідзе 1220-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 187 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 27 чэрвеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы УКраіны спынілі 56 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Палтаўкі, Малінаўкі, Шаўчэнка Першага, Мірнага, Міралюбаўкі, Катляроўкі, Удалага, Аляксееўкі і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія воіны адбілі 28 атак арміі РФ.
На Новапаўлаўскім кірунку расіяне здзейснілі 25 атак паблізу Ялты, Запарожжа, Багатіру, Фёдараўкі, Атраднага, Мірнага і іншых.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 23 атакі непадалёк Тарэцка, Дачнага, Шчарбінаўкі, Аляксандра-Калінавага, Дыліеўкі, Раманаўкі, Яблонаўкі і Русінага Яра.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 18 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу населеных Грэкаўкі, Рэдкадубу, і ў напрамках Альгоўкі, Калодзежаў, Зялёнай даліны, Торскага і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку расіяне 13 разоў штурмавалі пазіцыі УСУ паблізу Глыбокага, Зыбіна, Ваўчанску, Краснага, Каменкі, Кандрашоўкі.
* * *
Паводле звестак аналітычнага праекта DeepState расійскія войскі значна прасунуліся ў раёне населеных пунктаў Шаўчэнка, Бурлацкае і Вольнае Поле на Новапаўлаўскім кірунку Данецкай вобласці.
Паводле паведамлення аналітыкаў, праціўнік вядзе інтэнсіўныя штурмавыя дзеянні па лініі Аляксееўка — Зялёнае Поле, ужываючы вялікую колькасць пяхоты. Таксама расійцы ціснуць з боку Запарожжа ў напрамку Зоркі.
Акрамя гэтага, праціўнік актыўна заводзіць пяхоту ў сяло Камар, спрабуючы цалкам яго захапіць. Пастаянныя штурмы адбываюцца на ўчастку Шаўчэнка — Вольнае Поле — Навасёлка.
* * *
У ноч на 27 чэрвеня Расія атакавала Украіну 371 сродкам паветранага нападу:
- 363 ударнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў;
- 2 аэрабалістычнымі ракетамі Х-47 М2 «Кінжал»;
- 6 крылатымі ракетамі «Калібр».
Супрацьпаветранай абаронай абясшкоджана 365 сродкаў паветранага нападу праціўніка: 217 збіта агнявымі сродкамі, 148 — лакацыйна страчаныя:
- 211 БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў збіта, 148 — лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ;
- 6 крылатых ракет «Калібр» збіта.
Расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар па горадзе Самар Днепрапятроўскай вобласці. На месцы траплення ўзнік пажар, ёсць загінулыя і параненыя. Раненні атрымалі 14 чалавек, загінулі трое, даныя ўдакладняюцца.
Расійскія войскі нанеслі ўдар па Кіеўскай вобласці дронамі і ракетамі, у выніку чаго пацярпеў адзін чалавек.
* * *

* * *
Расійскія вайскоўцы ўсё часцей выкарыстоўваюць FPV-дроны для прыцэльных удараў па цывільным насельніцтве ва Украіне. Гэта можа быць ваеннымі злачынствамі, гаворыцца ў справаздачы Маніторынгавай місіі ААН па правах чалавека ва Украіне.
У справаздачы адзначаецца, што беспілотнікі сталі адной з галоўных прычын гібелі і раненняў грамадзянскіх асоб ва Украіне, а ў некаторыя месяцы нават апярэдзілі па гэтым паказчыку больш магутную зброю, такую як ракеты, артылерыя і авіяцыйныя бомбы.
Паводле аналізу ААН, расійскія вайскоўцы наўмысна атакавалі цывільных асоб, якія не праяўлялі ніякіх прыкмет непасрэднага ўдзелу ў баявых дзеяннях. Сярод зафіксаваных місіяй ахвяр — мірныя жыхары, якія перасоўваліся на роварах, у асабістым транспарце, эвакуацыйных аўтобусах, карэтах хуткай дапамогі, падчас гуманітарных місій, прагулак або знаходзячыся каля ўласных дамоў.
«Місія ААН... прыйшла да высновы, што нацэльванне аператарамі дронаў на практыцы парушыла асноўныя прынцыпы міжнароднага гуманітарнага права ў дачыненні да размежавання і асцярожнасці. Некаторыя інцыдэнты могуць быць прыроўненыя да наўмыснага нацэльвання на грамадзянскіх асоб, што з'яўляецца ваенным злачынствам», — гаворыцца ў справаздачы місіі ААН.
* * *
Паводле звестак паўднёвакарэйскай выведкі (NIS), Расія можа рыхтавацца да вялікага летняга наступу ва Украіне і прыцягнуць да баявых дзеянняў блізу 6 тысяч жаўнераў войска КНДР, паведамляе Sky News.
Чалец парламента Паўднёвай Карэі Лі Сон Квен заявіў, што Паўночная Карэя пачала вербаваць жаўнераў для адпраўкі ў Расію, і, імаверна, адправіць у Расію 6 тысяч дадатковых вайскоўцаў у ліпені або жніўні. Менавіта з гэтай прычыны, імаверна, дыктатар Кім Чэн Ын на мінулым тыдні прымаў у Пхеньяне Сяргея Шайгу. Лічыцца, што на гэтай сустрэчы ён пагадзіўся накіраваць тысячу сапёраў і 5 тысяч ваенных будаўнікоў для дапамогі ў аднаўленні расійскага Курска.
У амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што паўночнакарэйскі персанал з вялікай верагоднасцю будзе дзейнічаць непасрэдна на тэрыторыі Украіны, паколькі ўкраінская прысутнасць у памежных раёнах Расіі (у прыватнасці ў Курскай вобласці) абмежаваная.
Аналітыкі адзначаюць, што згода з боку паўночнакарэйскага і расійскага вайсковага камандавання на разгортванне войскаў КНДР на тэрыторыі Украіны можа стаць істотным момантам у вайне. Такі крок здольны значна ўзмацніць здольнасць расійскіх войскаў весці адначасовыя наступальныя дзеянні на некалькіх кірунках, чаго раней ім не ўдавалася.
«ISW раней ацэньвала, што расійскія сілы кампенсавалі гэта правядзеннем імпульсных, больш абмежаваных наступальных аперацый уздоўж розных сектараў фронту, але апошнія паведамленні паказваюць, што расійскія сілы, падобна, паступова рухаюцца наперад у прынамсі трох адначасовых маштабных наступальных аперацыях у напрамках Баравая — Ліман, Канстанцінаўка і Новапаўлаўка», — паказваюць аналітыкі.
У той жа час ацаніць рэальны ўплыў удзелу паўночнакарэйскіх вайскоўцаў пакуль складана — праз адсутнасць дакладных звестак аб іх колькасці, узроўні падрыхтоўкі і здольнасці ўзаемадзейнічаць з расійскімі падраздзяленнямі.
* * *
Краіны Еўрапейскага Саюзу не змаглі прыняць 18-ты пакет санкцый супраць Расіі, але працягнулі іншы важны санкцыйны пакет супраць агрэсара.
Лідары ЕС ў чацвер не змаглі прыйсці да згоды датычна 18-га пакета санкцый супраць Расіі. Прычынай стала пазіцыя Славакіі, якая ўсё яшчэ не дае «зялёнага святла» на гэтае рашэнне. Абмеркаванне пакета, верагодна, адновіцца сярод паслоў краін-членаў ЕС у бліжэйшыя дні.
Але лідары краін ЕС дамовіліся падоўжыць яшчэ на шэсць месяцаў існыя санкцыі супраць Расіі за агрэсіўную вайну супраць Украіны.
* * *
Пасля завяршэння перамоў з Расіяй па гуманітарных пытаннях Украіна плануе перайсці да абмеркавання сустрэчы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна, паведаміў журналістам кіраўнік Міністэрства абароны Украіны і лідар украінскай перамоўнай групы Рустэм Умераў падчас размовы з журналістамі.
«Пасля завяршэння абмеркаванняў па гуманітарных пытаннях Украіна плануе перайсці да тэмы сустрэчы лідараў для прадметнага дыялогу», — заявіў міністр.
Са слоў Умерава, Украіна ад пачатку дыялогу падтрымлівала ідэю кіраўніка Белага дома Дональда Трампа аб спыненні агню, а Расія на гэта не згаджалася і вылучала ўльтыматумы.
«Украіна заўсёды заставалася паслядоўнай у імкненні да міру. Мы падтрымалі ініцыятыву ЗША па поўным спыненні агню ад самага пачатку і даказалі гэта шматлікімі раўндамі перамоваў. Але любы дыялог магчымы толькі без ультыматумаў і з павагай да суверэнітэту нашай дзяржавы», — заявіў Умераў.
* * *
Украіна выканала сваю частку працы для пачатку перамоваў аб уступленні ў ЕС. Цяпер чарга за Еўрапейскім Саюзам, заявіла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
Яна адзначыла, што Еўракамісія падтрымлівае пачатак перамоў па ўступленні Украіны ў Еўрасаюз: «Пад бесперапынным агнём Украіна праводзіць рэформу за рэформай. Менавіта таму Камісія выступае за адкрыццё першага блока перамоваў. Украіна выканала свае абавязацельствы — цяпер павінны выканаць і мы».
Фон дэр Ляен падкрэсліла, што працэс уступлення грунтуецца на заслугах, а Украіна заслугоўвае таго, каб рухацца наперад. Таксама яна пацвердзіла рашучую падтрымку Украіны як у ваенным, так і ў палітычным кірунках.