Раздарожжа беларускага кіно
VII Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў, які прымаў Брэст, падвёў вынікі трохгадовага існавання беларускай кінаіндустрыі і выявіў дзве характэрныя тэндэнцыі ў сучасным беларускім мастацтве кіно: арыентацыя на савецкія ідэалагічныя здабыткі тут спалучаюцца са спробамі выпрацаваць нацыянальную кінаэстэтыку. (На выяве: Андрэй Панін у фільме “Ваўкі)
VII Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў, які прымаў Брэст, падвёў вынікі трохгадовага існавання беларускай кінаіндустрыі і выявіў дзве характэрныя тэндэнцыі ў сучасным беларускім мастацтве кіно: арыентацыя на савецкія ідэалагічныя здабыткі тут спалучаюцца са спробамі выпрацаваць нацыянальную кінаэстэтыку.
(На выяве: Андрэй Панін у фільме “Ваўкі)
Апошні ўздых савецкага кінематографа
Матывы савецкага кіно найбольш яскрава адбіваюцца ў стужках расійскіх кінарэжысёраў, якія па розных прычынах вымушаны працаваць на беларускай кінастудыі.
Паказальнай у гэтым плане і самай гучнай падзеяй сёлетняга кінафестывалю стала сусветная прэм’ера беларуска-расійскага блакбастэру «Брэсцкая крэпасць». Прэзентацыя фільма
адбылася ў мурах гераічнай крэпасці ў ноч з 21 на 22 чэрвеня: на гэты напаўзакрыты паказ трапіла каля 500 гледачоў — астатнія мусяць чакаць лістапада, калі кінастужка выйдзе ў шырокі
пракат.
Стваральнікі фільма рэпрэзентуюць яго як кінарэканструкцыю: сюжэт фільма пабудаваны на сапраўдных падзеях абароны Брэсцкай крэпасці і лёсах рэальных удзельнікаў баявых дзеянняў. Адзіным выключэннем
з’яўляецца вобраз чатырнаццацігадовага хлопчыка Сашы Акімава, які ў лепшых традыцыях савецкага дзіцячага кіно здзяйсняе гераічныя ўчынкі: дастаўляе ваду пакутуючым ад смагі абаронцам,
наладжвае сувязь паміж ачагамі супраціўлення, выратоўвае ад смерці сяброўку, — і застаецца жывым.
Падкрэсленая арыентацыя фільма на сярэдні школьны ўзрост падаецца непрымальнай. Стральба, выбухі, забойствы, кроў, адарваныя часткі цела робяць фільм цяжкім для дзіцячага ўспрымання і патрабуюць
узроставага абмежавання для гледачоў.
Рэжысёр фільма Аляксандр Кот напярэдадні прэм’еры казаў, што марыў зняць савецкае кіно, што цалкам атрымалася ў ідэалагічным плане, па форме ж фільм нагадвае хутчэй галівудскі
блакбастэр.
Канкурэнцыю «Брэсцкай крэпасці» ў барацьбе за савецкую кінаспадчыну склаў другі пазаконкурсны фільм беларуска-расійскай вытворчасці «Вока за вока» Генадзя Палокі.
Выканаўца адной з галоўных роляў Уладзімір Гасцюхін адзначыў, што гэтая кінакарціна — «апошні ўздых, апошні вялікі шэдэўр савецкага кінематографа».
Савецкі мастацка-ідэалагічны ўхіл праявіўся яшчэ ў некалькіх конкурсных фільмах, асабліва ў «Дняпроўскім рубяжы», дзе ён злучыўся з аўтарскім дылетантызмам. Фільм, прысвечаны
абароне Магілёва ў 1941 годзе, стаўся адным з самых няўдалых у гісторыі беларускага кінематографа ў фінансавым плане: пры выдаткаваннях у больш чым 6 мільярдаў рублёў, яго прыбыткі не перавысілі 100
мільёнаў.
Уладзімір Гасцюхін у фільме “Ваўкі
Нацыянальны твар беларускага кіно
Кіраўнік Мінкульту Павел Латушка ў студзені адзначыў, што ніводны зроблены за апошні час беларускі фільм не адпавядаў характарыстыцы «нацыянальны», а менавіта на гэта трэба рабіць
ухіл у далейшым. Сказанае не датычыць беларускай кінадакументалістыкі і анімацыі, якія, у адрозненні ад мастацкага кіно, маюць пад сабой трывалы нацыянальны падмурак.
Праграма дакументальнага кіно вызначалася вялікай колькасцю нацыянальна арыентаваных твораў. За адсутнасцю лепшай беларускай дакументальнай стужкі трохгоддзя, пераможцы шматлікіх фестываляў
«Ва ўсе дні» М. Жданоўскага, галоўнай узнагародай быў адзначаны фільм «Сэрца перамогі» М. Князева. Праўда, цікавасць у брэсцкай публікі да конкурсу дакументальнага
кіно адсутнічала: на праглядзе фільма-пераможцы, прысвечанага жыццю беларускага партызана Міная Шмырова, акрамя аўтара гэтых радкоў, прысутнічалі тры чальцы журы і кінамеханік.
На захаванне беларускай духоўнай спадчыны працуе і анімацыйная студыя кінафабрыкі. Больш за палову беларускіх мультыплікацыйных стужак выходзіць на беларускай мове і прысвечана нацыянальным
культурным здабыткам. Актыўна выкарыстоўваецца практыка стварэння шматсерыйных фільмаў, якія прысвечаны гісторыі паходжання беларускіх гербаў («Аповесць мінулых гадоў»), народнай
песеннай культуры («Музычная скарбонка»), стварэнню нацыянальнага анімацыйнага героя («Несцерка»). Сярод індывідуальных работ вылучаецца анімацыя М. Тумелі ў
стылістыцы выцінанкі і фільм Ленкіна «Птаха», дзе ствараецца лірычны вобраз вясковага старога самотніка.
У беларускім мастацкім кіно ўжо чвэрць стагоддзя доўжыцца змена пакаленняў, і на сённяшні дзень відавочна станоўчая тэндэнцыя: на кінастудыі працуюць яскравыя рэжысёры (А. Колбышаў, А. Кудзіненка, Р.
Грыцкова), пашыраецца жанравая складаючая айчыннага кіно (ад псіхалагічнай драмы да трымценніка) і адбываецца зварот да нацыянальнай тэматыкі. Старшыня журы кінафестывалю эстонскі рэжысёр Пеэтер Сім
адзначыў, што «беларускае кіно вельмі рознабаковае і пры гэтым мае свой нацыянальны твар», і перадаў Гран-пры найбольш «цэласнаму сярод беларускіх фільмаў»
— кінакарціне «Ваўкі» Аляксандра Колбышава.
Алесь Лапо