Прэзентацыя кнігі Ірыны Шумскай «Шэдэўры нашай даўніны»
2 ліпеня ў Мінску, у Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі адбылася творчая вечарына «Дарогамі князёў, магнатаў і паэтаў».
Вядомы беларускі культуролаг Ірына Шумская пазнаёміла ўдзельнікаў імпрэзы з дзейнасцю Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава
Ластоўскага (ТАБГ), заснаванага на пачатку мінулага году. Як сакратар таварыства, навукоўца звярнула ўвагу на тое, што адным з напрамкаў дзейнасці ТАБГ з’яўляецца папуляразацыя айчыннай
мінуўшчыны праз распаўсюд ведаў аб нацыянальнай культурнай спадчыне дзеля выхавання ў сучаснікаў пачуцця любові да роднай зямлі.
Выданне сведчыць пра тое, што ў Беларусі вельмі шмат цікавых помнікаў дойлідства, звязаных з паданнямі і легендамі, жыццём знакамітых людзей. Гэтыя архітэктурныя каштоўнасці ўражваюць сваёй
гарманічнасцю, шматабліччам і самабытнасцю, аспрэчваюць распаўсюджанае абывацельскае меркаванне пра тое, што на Бацькаўшчыне нібыта “няма чаго глядзець”, сведчаць пра арганічную
сувязь айчыннага дойлідства з еўрапейскай культурай, засмучаюць абыякавымі адносінамі да сябе з боку чынавенства і мясцовых жыхароў. Менавіта нерухомыя помнікі матэрыяльнай культуры беларусаў
з’яўляюцца рэальным носьбітам гістарычнай памяці нацыі і квінтэсэнцыяй яе мінулага, без якога немажліва выбудаваць паспяховы праект будучага.
Аўтарка выдання, якое можна прыдбаць у кніжных крамах, выказала надзею, што кніжка падштурхне беларусаў да вывучэння айчынных архітэктурных скарбаў, іх абароны і вандровак па роднаму краю.
Дарэчы, запланаваны пераклад кніжкі на ангельскую мову.
Заснавальнік серыі “Невядомая гісторыя”, рэдактар выдання прафесар Анатоль Тарас паведаміў, што ў серыі. заснаванай у 2009 годзе, пабачыла свет
ужо больш за 40 кніжак. Паводле ягоных слоў. зараз у гэтай серыі рыхтуецца кніга вядомага літаратара беларускай эміграцыі Юркі Віцьбіча “Нашая спадчына прамаўляе”, што выходзіла
асобнымі артыкуламі ў часопісе “Спадчына”.
Анатоль Тарас нагадаў, што з ініцыятывы ТАБГ выходзіць і другая цікавая серыя кніжак кішэннага фармату “100 выбітных дзеячоў беларускай культуры” – ужо пабачыла свет
20 выданняў, рыхтуецца пяць новых, у тым ліку пра сусветна вядомага мастака Казіміра Малевіча.
На прыканцы вечарыны мінчанка, аднакласніца Ірыны Шумскай, выпускніца Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Пятра Чайкоўскага, лаўрэатка міжнародных конкурсаў
вакалістаў Наталля Грышчэня (сапрана) разам з Аленай Урублеўскай (фартэпіяна) выканала беларускія і рускія народныя песні, а таксама
арыю Кармэн з аднайменнай оперы Жоржа Бізэ.