Небясьпечныя ідэі Ніцшэ, якімі натхняліся злачынцы: да гадавіны сьмерці мысьляра
Філёзаф, які паўплываў на незьлічоную колькасьць людзей, паводле зьвестак сяброў і лекараў немца, «з маладосьці меў шызоіднае расстройства асобы з гістэрычнымі рысамі, якое пасьля перайшло ў параноідную шызафрэнію з зыходам у прыдуркаватасьць». Што ж так уразіла людзей і чым апраўдваліся пазьнейшыя злачынствы?
Канцэпцыі волі да ўлады і звышчалавека
Гэтыя канцэпцыі зьяўляюцца аднымі зь яго самых правакацыйных і, магчыма, самых небясьпечных ідэяў. Воля да ўлады — гэта вельмі радыкальны адыход Ніцшэ ад дарвінаўскай ідэі аб тым, што галоўным рухам у жыцьці зьяўляецца выжываньне. Для Ніцшэ жыцьцё — гэта не проста выжываньне ці нават росквіт у абмежаваньнях навакольнага асяродзьдзя. У немца гаворка ідзе пра тое, каб пераадолець гэтыя абмежаваньні, праявіць сваю волю і фармаваць сьвет у адпаведнасьці са сваім бачаньнем.
Воля да ўлады ўяўляе сабой моц, якая прымушае людзей расьці, дамінаваць і адстойваць свой уплыў. З пазытыўнага гледзішча гэта можна разглядаць як услаўленьне чалавечага патэнцыялу і заклік адмовіцца ад пасіўнасьці. Аднак небясьпека гэтай ідэі заключаецца ў тым, што яна можа апраўдваць эксплюатацыю. І зусім ня ў тых сэнсах, якія закладвалі камуністы, калі казалі пра эксплюатацыю працоўных панамі.
У руках дыктатара канцэпцыя Волі да ўлады можа пераўтварыцца ў дактрыну заваёвы і падпарадкаваньня. Гэта менавіта тое, што адбылося, калі ідэі Ніцшэ былі выкарастаныя нацыстамі, каб падтрымаць іх ідэалёгію перавагі арыйцаў і тэрытарыяльнай экспансіі. Нягледзячы на тое, што сам Ніцшэ нібы быў крытыкам антысэмітызму. Зрэшты ён памёр у 1900 годзе, задоўга да зьяўленьня НСДАП.
Разам з тым неаспрэчным фактам ёсьць тое, што філёзаф сябраваў з іншым неадназначным немцам свайго пакаленьня – кампазытарам Рыхардам Вагнэрам, а той быў шалёным антысэмітам і таксама ўвайшоў у кампанію так званых бацькоў-заснавальнікаў ідэяў Гітлера і яго прыхільнікаў.
Ніцшэ задумаў Звышчалавека як асобу, якая імкнецца ўзьняцца па-над пасрэднасьцю і стварыць новыя, жыцьцясцьвярджальныя каштоўнасьці. У пагоні за тым, каб стаць Звышчалавекам, можна адкінуць спачуваньне, ці справядлівасьць як простыя слабасьці, і замест гэтага прыняць халоднае імкненьне да ўлады і самасцьвярджэньня.
Гэта выдатна было выкарастана нацыстамі, якія пераасэнсавалі гэтую канцэпцыю як апраўданьне бачаньня расавай перавагі. Звышчалавек з лёгкасьцю не заўважыць габрэяў, цыганаў і любых іншых не звышлюдзей.
Сьмерць Бога
Абвяшчэньне Ніцшэ аб тым, што «Бог памёр», зьяўляецца адным з самых вядомых і (магчыма) няправільна зразуметых выказваньняў у гісторыі філязофіі. Ніцшэ лічыў, што заняпад рэлігійнай веры ў сучасным сьвеце прывядзе да краху маральных і мэтафізычных асноваў, якімі кіравалася чалавецтва на працягу стагодзьдзяў. Гэты калапс прывядзе да нігілізму — стану, калі жыцьцё разглядаецца як бессэнсоўнае.
Як было раней зразумела, Бог заклаў аснову для праўды, маральнасьці і мэты. З эпохай Асьветніцтва і ўздымам навукі гэтая аснова пачала размывацца ў галовах людзей. Ніцшэ бачыў у гэтым непазьбежнае наступства сучаснасьці — сьвету, у якім навука, розум і сэкулярызм паступова падарвалі аўтарытэт рэлігіі.
Небясьпека гэтага сцьвярджэньня заключаецца ў яе наступствах. Калі Бог мёртвы, пісаў Ніцшэ, тады ўсё, што калісьці было заснавана па-Боску — мараль, мэта, сэнс — губляе сваю аснову. Наступае вакуўм, у якім старыя каштоўнасьці больш не ўтрымліваюцца, а новыя яшчэ не створаныя.
Нігілізм, на думку Ніцшэ, зьяўляецца самай актуальнай экзістэнцыйнай пагрозай, зь якой сутыкаецца сучаснае чалавецтва. Гэта ўяўляе сабой прызнаньне таго, што ў адсутнасьць Бога няма аб'ектыўнай праўды, няма ўнутранага сэнсу жыцьця і няма агульнага маральнага закону. Для Ніцшэ гэта ўсьведамленьне магло прывесьці да адчаю, апатыі і паўсюднага пачуццья бессэнсоўнасьці — стану, які ён апісваў як погляд у «бездань».
Некалі папулярнай была показка аб тым, як на сьцяне аднаго дома вялікімі літарамі напісалі цытату: «Бог памёр» і подпіс – Ніцшэ. А праз нейкі час на той жа сьцяне зьявіўся яшчэ адзін надпіс: «Ніцшэ памёр» і подпіс – Бог.
Мараль гаспадара і раба
У Ніцшэ мараль гаспадара і мараль раба прадстаўляюць два прынцыпова розныя падыходы да этыкі. Мараль гаспадара, якую Ніцшэ зьвязвае з моцным, высакародным і магутным, характарызуецца такімі каштоўнасьцямі, як гонар, сіла, высакароднасьць і пачуцьцё гонару. Гаспадары ствараюць свае ўласныя каштоўнасьці, грунтуючыся на сваім досьведзе і жаданьнях, не абмяжоўваючыся меркаваньнямі іншых.
Наадварот, мараль раба, якую Ніцшэ асацыюе са слабымі, прыгнечанымі і пакрыўджанымі, характарызуецца такімі каштоўнасьцямі, як пакора, суперажываньне, дабрыня і пачуцьцё роўнасьці. Гэтая мараль народжаная з крыўды да моцных.
Небясьпека ідэі Ніцшэ пра маралі гаспадара і раба палягае ў яе магчымасьці інтэрпрэтацыі як абароны элітарнасьці і падпарадкаваньня слабых. Вы бачыце, як сапраўды нібы нод у масла гэта кладзецца на тое, ува што ўклалі душу (загадзя прададзеную д’яблу) прыхільнікі Адольфа Гітлера.
Гэта можа разглядацца як апраўданьне грамадзтва, дзе моцныя дамінуюць над слабымі, і гэта натуральны і нават пажаданы стан рэчаў. Некаторыя людзі па сваёй сутнасьці вышэйшыя за іншых і гэтыя «гаспадары» маюць права ці нават абавязак навязваць сваю волю «рабам».
Нам, у 2024 годзе, застаецца толькі з халоднай галавою сядаць за прачытаньне і асэнсаваньне падобных філязофскіх трактатаў, бо лягічныя ланцужкі, якія выводзяцца тымі ці іншымі аўтарамі, могуць з лёгкасьцю захапіць новыя галовы, і здавацца нават нечым непазьбежна слушным.
Ніцшэ памёр 124 гады таму. Подпіс: Бог.