На базе Гродзенскага ўніверсітэта паўстане Музей вуснай гісторыі
Гэты музей створаць у межах міжнароднай праграмы транспамежнага супрацоўніцтва “Латвія—Літва—Беларусь”.
Сяргей Піваварчык
Па словах кіраўніка праекта, загадчыка кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Сяргея Піваварчыка, у музеі будзе сабраная гісторыя другой паловы ХХ стагоддзя, якую збяруць студэнты і выкладчыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму разам з партнёрамі з Даўгаўпілскага ўніверсітэта і Латвійскага цэнтра прасоўвання інавацый і развіцця.
На віртуальнай пляцоўцы музея будзе прадстаўлена шмат рознай інфармацыі. Гэта будуць відэаінтэрв’ю, аўдыёзапісы, фатаграфіі відавочцаў падзей, тэкставыя матэрыялы і шмат іншай інфармацыі, што будзе сабраная ў Латгаліі, на тэрыторыі Гродзенскай і Віцебскай абласцей.
Пра стварэнне музея расказвае Сяргей Піваварчык:
— Сабраная значная колькасць адзінак вуснай гісторыі, ідзе тэхнічная апрацоўка, таму што ў лютым месяцы мусіць быць створаны электронны музей — платформа, дзе будуць старонкі двух партнёраў. І з лютага-сакавіка будзем размяшчаць канкрэтныя, сабраныя, апрацаваныя матэрыялы, якія будуць перакладацца яшчэ на тры мовы.
Апроч Музея вуснай гісторыі, у якім будзе змешчана каля 300 розных матэрыялаў, у Гродна з'явіцца музей Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які паўстаў яшчэ ў 1940 годзе, дзе будуць змешчаныя ўспаміны выкладчыкаў і супрацоўнікаў навучальнай установы.
Ігар Мікалаеў, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара