«Дома — беларускае паветра»
«Дома — беларускае паветра», — менавіта гэта фраза прагучала з вуснаў аднаго з вучняў у адказ на просьбу вядомага пісьменніка Уладзіміра Арлова назваць пяць рэчаў у доме, якія дапамагаюць адчуваць сябе беларусамі. І яна даволі красамоўна адлюстроўвае тое, што цягам апошняга часу адбывалася ў межах агульнанацыянальнай грамадскай культурніцкая кампаніі «Будзьма беларусамі!»
«Дома — беларускае паветра», — менавіта гэта фраза прагучала з вуснаў аднаго з вучняў у адказ на просьбу вядомага пісьменніка Уладзіміра Арлова назваць
пяць рэчаў у доме, якія дапамагаюць адчуваць сябе беларусамі. І яна даволі красамоўна адлюстроўвае тое, што цягам апошняга часу адбывалася ў межах агульнанацыянальнай грамадскай культурніцкая
кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Нагадаем, створана «Будзьма!» была 1 кастрычніка 2008 года. А заснавальнікамі сталі 10 вядомых у нашай краіне (і не толькі) арганізацый. Не жадаю нікога пакрыўдзіць, але, думаю, яны
цалкам пагодзяцца з тым, што самым актыўным лакаматывам усёй справы стала Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Таму слова кіраўніку гэтай структуры і адной каардынатараў кампаніі «Будзьма!» Алене Макоўскай: «Наша першасная задача была ў тым, каб аб’яднаць беларусацэнтрычных
людзей для супольнага дзеяння — правядзення разнастайных культурных мерапрыемстваў: канцэртаў, літаратурных імпрэзаў, мастацкіх выставаў. Наступны этап, на які мы выходзім, —
пашырэнне. Мяркую, у нас гэта атрымліваецца — значная колькасць людзей, якая знаходзілася па-за межамі беларускай культурнай прасторы, стала яе часткай».
Не вельмі люблю нешта пералічваць, бо гэта заўсёды падобна да нейкай бюракратыі, але цытаты з афіцыйнага прэс-рэлізу тут цалкам абгрунтаваныя. Дык вось: «За паўтара года ў межах кампаніі
«Будзьма!» адбылося 1138 разнастайных мерапрыемстваў, у якіх бралі ўдзел 91 360 чалавек у 188 розных населеных пунктах (гарады, пасёлкі, вёскі). 86 працэнтаў мерапрыемстваў
адбывалася на дзяржаўных пляцоўках: бібліятэках, музеях, навучальных установах, дамах культуры і інш.»
Назваць кожнага ўдзельніка гэтых імпрэзаў, зразумела, немагчыма, таму яшчэ раз цытую: «У іх узялі ўдзел такія вядомыя выканаўцы, як Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, «Drum
Ecstasy», «Neuro Dubel» і інш. Пабачылі свет спецыяльныя і супольныя праекты: «Тузін. Перазагрузка», «Budzma the best folk»,
«Budzma the best rock», дыск Алеся Камоцкага «З бацькоўскай кружэлкі», «Дрыгула» гурту «Стары Ольса», альбом «Мой
сябра анёлак», дыск «Rock’n’Troll» гурту «Litvintroll», праект Глеба Лабадзенкі «Галасы», праект Лявона Вольскага
«Белая яблыня грому» ды інш.»
Асобна хацелася сказаць пра сайт www.budzma.org, які завецца «Будзьма разам!». І тут зноў цытата: «У сярэднім сайт мае 15–17 тысяч унікальных наведванняў цягам
месяца. Згодна з даследаваннем кампаніі «gemiusAudience», аўдыторыя сайта www.budzma.org выглядае наступным чынам: 45% — мужчыны, 55% — жанчыны. Палова наведнікаў
маюць узрост 15–24 гады, чвэрць — 25–34, 15% — 45–54 гады, рэшта — іншыя ўзросты. Геаграфія наведнікаў: у сярэднім 80% з Беларусі, з іх крыху
больш за палову з Мінска, з рэгіёнаў на першым месцы Віцебская вобласць — кожны пяты наведнік».
Але ўсё гэта, як кажуць, справы мінулых дзён, бо пачынаючы з сённяшняга ў «Будзьмы» шмат новага. І не толькі афіцыйны лагатып, які сведчыць пра рост папуляцыі
«будзьмістаў», бо побач з фігуркамі мужчыны і жанчыны з’явілася фігурка дзіцяці. Амаль цалкам змяняюцца падыходы да працы, метады вядзення кампаніі і фармавання партнёрскіх
дачыненняў. Будзе зроблены акцэнт не на колькасці, а на якасці мерапрыемстваў. Перавага аддаецца тым праектам, якія маюць патэнцыял стаць папулярнымі сярод значнай колькасці нашых суграмадзян.
Яшчэ адна з каардынатараў кампаніі «Будзьма!» Ніна Шыдлоўская адзначыла іх так: «У 2010 годзе ўдзельнікі кампаніі будуць не толькі рэалізоўваць ідэі іншых, але і актыўна
ініцыяваць і здзяйсняць уласныя. Для нас самае галоўнае — распаўсюд ідэй («Будзьма адметнымі!», «Будзьма беларусамі! 100% якасная культура!»,
«Будзьма беларусамі! Мода, якая застанецца!», «Будзьма беларусамі! Бярэм з мінулага лепшае!» і інш.), якія выклікаюць у чалавека жаданне праявіць
ініцыятыву».
І апошняе. Каб вытрымаць «гендэрны баланс» і абвергнуць тое, што «ўсім там кіруюць жанчыны», назавем яшчэ двух вядомых каардынатараў кампаніі
«Будзьма!» — Ігар Лялькоў і Севярын Квяткоўскі.
Дадаць да гэтай пачэснай кампаніі можна яшчэ шмат каго, але галоўнае —не ў гучных прозвішчах, а ў тым, што дзеці пачалі адчуваць у сваіх дамах «беларускае паветра».