Даша Андронава: Далучыць дзяцей да беларускай мовы можна толькі ўласным прыкладам

Выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Даша Андронава не захацела застацца выкладаць у Alma Mater або рабіць кар’еру ў дзяржаўных установах. Адпрацаваўшы па размеркаванні два гады, яна сышла ў прастору таго, што сапраўды любіць: дзяўчына выступае ў фаер-шоў і навучае дзяцей flow art’у — мастацтву, якое спалучае элементы харэаграфіі, акрабатыкі і працы з рэквізітам.

mova_16.jpg

Створаная ёй у Віцебску дзіцячая студыя flow art «CoolKids» — адзіная ў Беларусі, дзе гэтыя ўменні засвойваюць выхаванцы ва ўзросце ад 3-х да 14-ці гадоў. А яшчэ яны навучаюцца ад сваёй кіраўнічкі любіць родную мову — бо заняткі Даша Андронава вядзе па-беларуску.

mova_2_2.jpg

mova_3_1.jpg

У адрозненне ад чыноўнікаў раённага аддзелу культуры, якія адмаўляліся разумець родную мову і прымушалі дзяўчыну складаць дакументы на расейскай, дзеці адгукаюцца на беларускую гаворку амаль адразу. Не паўстае праблем і з іхнымі бацькамі, кажа Даша Андронава:
— Часам дзеці і іх бацькі, прычым бацькі куды часцей, ставяць перад сабой нейкі блок: «Не разумею, і не хачу разумець!» Але мне не цяжка патлумачыць або перакласці, калі нехта не разумее. І бацькі пачынаюць ставіцца да гэтага адэкватна. А дзеці проста пачынаюць мяне любіць, а праз гэта — і любіць родную мову. Яны вучаць беларускія словы, у іх паляпшаюцца адзнакі па беларускай мове і літаратуры. І некаторыя нават спрабуюць перайсці на беларускую мову ў школе. Але скардзяцца, што з іх пачынаюць насміхацца, прычым не столькі аднакласнікі, колькі настаўнікі. І мне проста вусцішна слухаць пра такое!

mova_4_1.jpg

mova_5_1.jpg

Даша Андронава пераканана, што школа мала спрыяе таму, каб родную мову любілі. І што сучасных дзяцей можна далучыць да яе ніяк не прымусам, а толькі ўласным аўтарытэтам і прыкладам. Таму задача дарослых — стварыць умовы, каб беларуская мова ўспрымалася як звычайны, паўсядзённы сродак зносінаў, а не была падставай для абразаў і непаразуменняў.
Паводле Радыё Рацыя