Мова і нацыянальная свядомасць
Ідзе перапіс насельніцтва, у той жа час на розных беларускаарыентаваных прасторах праводзіцца кампанія з заклікам да насельніцтва абраць у графе «родная мова» беларускую.
Не ведаю, наколькі гэта з’яўляецца індыкатарам грамадскай думкі, але я шмат бачу розных каментараў у сацсетках, інтэрнэт-парталах на гэтую тэму. Найбольш рэзанансныя меркаванні: «белорусского языка нет», «это смесь польского, русского, и украинского», «какая разница, на каком языке разговаривать».
На маю думку, развіццё чалавецтва трымаецца на яго разнастайнасці. Перш за ўсё маецца на ўвазе рознасць моваў, культур, тэрытарыяльных асаблівасцяў, гісторыі. З гэтага складаецца працэс стварэння асобнай нацыі, дзяржавы, асэнсавання кожнага чалавека як яго часткі. Мова ж выступае як падмурак, глеба, з якой фарміруецца нацыянальная свядомасць чалавека, яго ідэнтыфікацыя сярод іншых этнасаў, культур, адрозненне ад іншых людзей.
Узнікае пытанне: ці сапраўды мова вызначае свядомасць чалавека, ці, наадварот, свядомасць пад уплывам навакольных умоваў уплывае на фарміраванне мовы? Чаму тыя ці іншыя народы і дзяржавы страчвалі ўласную мову, або, наадварот, «адраджалі» яе? Якія прычыны і працэсы стаялі за гэтым?
Патлумачыць уплыў мовы на нацыянальную свядомасць можна, звярнуўшыся да сацыяльнай псіхалогіі: мова дае магчымасць ідэнтыфікаваць сябе з пэўнай групай, якая гэтую самую мову і выкарыстоўвае. Спачатку гэты працэс адбываецца ў малой групе, то-бок, сям’і, дзе ты не толькі вучышся авалодваць ёю, але і надаваць пэўны сэнс таму, што ты гаворыш, як гаворыш і чаму. Адначасова чалавек уключаецца ў вялізную моўную групу, якая ахоплівае цэлыя рэгіёны.
Калі адбываецца моўная ідэнтыфікацыя чалавека, ён пачынае супрацьстаўляць сваю мову іншым, асабліва калі знаходзіцца ў сітуацыі шматмоўнага асяроддзя.
Вядомы савецкі псіхолаг Леў Выгоцкі паказвае суадносіны мовы і мыслення так: па-першае, яны маюць рознае генетычнае развіццё, і таму ідуць рознымі шляхамі адзін ад аднаго. Да двух гадоў дзіця выкарыстоўвае засвоеныя ім гукі і словы ці як пэўныя сігналы, якія выказваюць яго стан, ці як назвы прадметаў.
З цягам часу мысленне «афармляецца» словамі, а мова набывае асэнсаванне, адбываецца яе інтэлектуалізацыя. Пры гэтым, на думку Выгоцкага і яго паслядоўнікаў, крыніцай моўнага развіцця з’яўляецца не прыроджаны характар, а дзейнасць і правілы дзейнасці. Такім чынам, мова — паказчык, які адлюстроўвае аб’ектыўную рэчаіснасць. На ўплыў зместу словаў уплывае асяроддзе.
Яшчэ адна навуковая спроба даказаць уплыў мовы на нашу свядомасць — гіпотэза лінгвістычнай адноснасці. Згодна з ёй, мова вызначае мысленне і пазнанне рэчаіснасці, уплывае на светапогляды. Іншымі словамі, людзі, якія размаўляюць на розных мовах, маюць рознае светаўспрыманне, мысленне.
Адзін з аўтараў гэтай гіпотэзы, Эдуард Сепір, кажа: у мове ўтрымліваюцца ключы для разумення розных нацыянальных светапоглядаў. У граматычных сістэмах у свеце няма дзвюх моваў, якія былі б падобныя адна на адну дастаткова, каб забяспечыць ідэальны пераклад. Мова па-рознаму адлюстроўвае рэальнасць, а з гэтага вынікае, што носьбіты розных моваў будуць і ўспрымаць яе па-рознаму.
Напэўна, першы прыклад, які можа прыйсці адразу, — моўнае пытанне ў суседняй Украіне. Украіна ў моўным плане падзяляецца на ўкраінамоўныя Заходнюю і Цэнтральную вобласці, і на рускамоўны Паўднёвы Усход. Роднай украінскую мову ва Украіне называюць каля 55–65% насельніцтва, рускую — 30–35%, пры гэтым рэальная мова камунікацыі адзначаецца на ўзроўні, адпаведна, 45% і 35%, астатнія размаўляюць на абедзвюх мовах.
Аднак толькі моўнымі прыкметамі падзел Украіны не абмяжоўваецца. Захад і Цэнтр маюць традыцыйна больш праеўрапейскую, праўкраінскую арыентаванасць, як у культурным жыцці, так і палітыцы. У адрозненне ад Паўднёвага Усходу, дзе людзі ў большасці накіраваныя на прарасійскія пазіцыі. Гэта адлюстроўваецца, напрыклад, у перакананнях выбаршчыкаў падчас прэзідэнцкіх ці парламенцкіх выбараў у краіне, у галасаванні за тых кандыдатаў, якія прадстаўляюць светапогляд Захаду ці Усходу.
Моўна-ментальны падзел таксама можна заўважыць і ў тых рэгіёнах, якія зараз з’яўляюцца анексаванымі Расіяй (Крым), альбо там, дзе адбываецца вайсковы канфлікт паміж Украінай і падтрыманымі Расіяй сепаратыстамі (Данецкая і Луганская вобласць).
Дастаткова суаднесці карту канфліктных дзеянняў з картай роднай мовы для гэтага рэгіёну: у ім былі моцныя сепаратысцкія настроі ў 2014 годзе, застаюцца і цяпер.
Казаць, што моўны фактар з’яўляецца вядучым у палітычных перавагах украінскага насельніцтва, нельга. Аднак ён з’яўляўся аб’ектам вострых спекуляцый сярод палітычных апанентаў у 2004 і 2014 гадах. Адной з асноўных тэмаў расійскай прапаганды ў 2014 годзе стала нібыта парушэнне правоў рускамоўнага насельніцтва, і гэтая прапагандысцкая кампанія знайшла водгук.
Тым не менш, з часам моўнае пытанне ў нашых паўднёвых суседзяў адыходзіць на трэці план, тым больш, калі відавочна, як ім палітыкі прыкрываюць немагчымасць вырашаць актуальныя праблемы карупцыі, беднасці. Як паказваюць тры апошнія ўкраінскія прэзідэнцкія кампаніі, пераможцам з’яўляецца той, хто будуе праграму на вырашэнні першарадных праблем і прапануе баланс у вырашэнні пытанняў моўнага плану.
Яшчэ адзін, не такі вядомы як украінскі, але таксама відавочны прыклад — канфлікт паміж часткамі Бельгіі: Фландрыі і Валоніі. Ён таксама мае моўны падмурак — Фландрыя на поўначы размаўляе на нідэрландскай мове, Валонія на поўдні — на французскай. Адпаведна, жыхары гэтых рэгіёнаў абіраюць сваіх прадстаўнікоў у парламент, што з’яўляецца прычынай палітычнага крызісу, які час ад часу ахоплівае Бельгію. Ад Украіны Бельгію адрознівае тое, што яе насельніцтва — фламандцы і валонцы, прадстаўнікі двух этнасаў, якія выкарыстоўваюць розныя мовы камунікацыі.
Разнароднасць у моўным плане ў тым ліку стала і прычынай канфлікту ў Малдове: у рэгіёнах, дзе большая частка насельніцтва размаўляе і лічыць роднай рускую мову (Гагаузія і Прыднястроўе), меў месца ваенны канфлікт. І гэта пры тым, што ў Прыднястроўі і Гагаузіі большую частку насельніцтва складае карэннае насельніцтва — малдаване і гагаузы. Як вынік, Прыднястроўе стала асобнай, нікім не прызнанай рэспублікай, а Гагаузія час ад часу намагаецца рэалізаваць свае сепаратысцкія тэндэнцыі, у тым ліку падтрымліваючы прарасійскія сілы ў Малдове.
Узгадваючы моўныя сітуацыі ў розных краінах, узнікае разуменне — у першую чаргу патрэбна было пазначыць нашу краіну. Ніжэй мы пакажам моўную тэндэнцыю за апошнія дваццаць гадоў — працэнт людзей, якія размаўляюць беларускай мовай, у параўнанні з рускай:
Абсалютнае дамінаванне рускай мовы ва ўсіх сферах жыцця беларускага грамадства адбіваецца ва ўсіх грамадска-палітычных працэсах нашай краіны, пачынаючы ад вынікаў рэферэндуму 1995 года, дзе па пунктам інтэграцыі з Расіяй, надання рускай мове статусу другой дзяржаўнай, фактычнага вяртання савецкай сімволікі «за» прагаласавала, адпаведна, 83% і 75% насельніцтва. І зараз беларускае насельніцтва, зыходзячы з вынікаў сацапытанняў, у большасці падтрымлівае саюз з Расіяй у параўнанні з еўрапейскім кірункам.
Здавалася б, усе гэтыя «палітычныя» прыклады пацвярджаюць нашае моўнае правіла. Тым не менш, тут ёсць свае выключэнні. Першае, якое прыходзіць на думку, — Ірландыя. У гэтай краіне толькі 20% насельніцтва валодаюць ірландскай мовай, якую вывучаюць самастойна ў дарослым узросце, астатнія выкарыстоўваюць англійскую.
Ірландская мова была асноўнай мовай камунікацыі ў Ірландыі да пачатку паступовай англійскай заваёвы вострава. З гэтага моманту пачынае скарачацца колькасць карыстальнікаў ірландскай мовы, асабліва ў ХІХ стагоддзі, пасля моцных сацыяльных узрушэнняў у краіне. Тым не менш, гэта не стала перашкодай для народу, пасля доўгай барацьбы за незалежнасць, аднавіць сваю мову ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Самі ірландцы — і гэта відавочна, — даволі выразна пазіцыянуюць сябе менавіта як ірландцы (асобнае выключэнне толькі ў Паўночнай Ірландыі, але там ключавы фактар — рэлігійны). Чаму тады, па сутнасці, страта сваёй мовы не зашкодзіла захаваць ірландскую самаідэнтыфікацыю?
Цікавае тлумачэнне гэтаму дае гісторык Бабарэка: самасвядомасць ірландскага народа фарміравалася як вынік працяглай барацьбы мясцовага насельніцтва супраць пранікнення англічанаў, як адказ на спробы англійскіх уладаў англізаваць ірландцаў. Гэта прывяло да афармлення «межаў» паміж нацыянальнасцямі. Такім чынам, разыходжанне сістэмы каштоўнасцяў, культурнай арыентаванасці прывяло да фарміравання супрацьстаўлення, самаідэнтыфікацыі ірландцаў як асобнага этнасу. Нават нягледзячы на нізкі ўзровень валодання мовай сярод насельніцтва.
Вяртаючыся да беларускай праблемы, трэба ўзгадаць: у першай палове 1990-х гадоў у Беларусі адзінай дзяржаўнай мовай была беларуская, адбывалася беларусізацыя адукацыі, войска. Аднак вынікам гэтага стаў беларускі выбар 1995 года перайсці на дзвюхмоўе, тым самым адмаўляючыся ад адной мовы. Чаму так сталася? Мы — не Ірландыя, мы маем зусім іншы шлях развіцця. Паступовае знікненне старабеларускай мовы з ужытку яшчэ пры Рэчы Паспалітай (!) зрабіла з беларускай мовы «сялянскую», малаўжывальную, што ў далейшым таксама стала элементам маніпуляцыі тых, хто прасоўваў ідэі станаўлення чужой мовы на беларускіх землях. Такім чынам, беларуская мова ў апошнія некалькі стагоддзяў была ў становішчы мовы меншасці, якая не мае пэўнага афіцыйнага літаратурна-граматычнага ўладкавання.
Усё гэта паказвае, наколькі важнай з’яўляецца камунікацыя на мове той краіны, у якой ты жывеш. Магчыма, тэма мовы часта з’яўляецца прадметам правакацый, канфліктаў паміж людзьмі, этнічнымі групамі, тым не менш, мова — адзін з галоўных паказчыкаў, ідэнтыфікатараў народа, нацыі, тое, што дазваляе захаваць як суверэнітэт краіны, так і яе культурную разнастайнасць.