Слуцк: заклікам ТБМ падтрымаць беларускую мову зацікавілася міліцыя

Праз тыдзень пасля пачатку перапісу старшыня Слуцкага ТБМ Зінаіда Цімошак вымушана тлумачыць міліцыі заклік да случчан пазначыць сваёй роднай мовай беларускую.

apytali_u_raus_001_logo.jpg


11 кастрычніка яе выклікаў у Слуцкі РАУС намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку Мікалай Васіленка. Ён паказаў фотаздымкі, на якіх Зінаіда Цімошак 4 кастрычніка размаўляе з людзьмі на вуліцах горада. Міліцыянта цікавіла, ці не парушала гэтае мерапрыемства заканадаўства.
Па словах старшыні таварыства, прыдумляць ёй нічога не прыйшлося.
      — Я распавяла міліцыянту пра сур’ёзныя праблемы з роднай мовай у краіне і пра сваю прапанову да случчан як зусім натуральную з’яву падчас перапісу насельніцтва, — кажа грамадская актывістка. — Да таго ж асноўнай мэтай дзейнасці ТБМ як раз і з’яўляецца аднаўленне ў грамадстве стаўлення да роднай мовы як да нацыянальнай святыні, пашырэнне яе ўжытку ва ўсіх сферах жыцця, садзейнічанне забеспячэнню ёй рэальнага статуса дзяржаўнай мовы. На ўсялякі выпадак, пазнаёміла маёра Васіленку з адпаведнымі раздзеламі Статута ТБМ, а таксама са словамі міністра замежных спраў Макея аб неабходнасці папулярызацыі беларускай мовы.
Паскардзілася і на паўлегальны стан Слуцкага таварыства, адсутнасць памяшкання для папулярызацыі беларускай мовы.
      — На штотыднёвых занятках мы не размаўляем пра палітыку, толькі пра беларускую прыроду, пісьменнікаў і жыццё ў розных з’явах, — распавяла супрацоўніку РАУС Зінаіда Цімошак. — Інсцэніруем гісторыі з штодзённага жыцця беларусаў, але не маем магчымасці паказаць свае інсцэніроўкі людзям. Толькі і застаюцца вулічныя імпрэзы, за якія міліцыянты пасля выклікаюць у РАУС.
Напрыканцы жанчына пазнаёміла маёра Васіленку і з кнігай пра часы рымскага імператара Калігулу. Ужо нашто той меў шалёны нораў, але ж дазваляў вулічным артыстам свабодна выступаць на розных плошчах.У тое, што артыстам не патрабавалася асаблівага дазволу, маёр не паверыў.
З вынікамі правядзення праверкі «крамольнай акцыі» 4 кастрычніка Зінаіда Цімошак будзе азнаёмлена пазней.
— Думаю, што калі міліцыянты палічаць невялічкую і кароткую акцыю мясцовага ТБМ у абарону беларускай мовы за несанкцыянаваны пікет, які караецца па заканадаўству, то павагі ім ад насельніцтва за гэта не дадасца, — лічыць Зінаіда Цімошак. — Бо гэта надта хвалюючая і далікатная тэма, якая прыцягвае ўвагу незалежнай прэсы.
Па словах неабыякавай случчанкі, ніякіх акцый можна было і не ладзіць, бо паступае трывожная інфармацыя пра тое, што многіх людзей нават не апытваюць наконт выбару мовы. Да прыкладу, сёння яна атрымала такую інфармацыю ад некалькіх супрацоўніц слуцкай бальніцы.