Сябры Слуцкага ТБМ заклікалі гараджан падтрымаць беларускую мову падчас перапісу
Актывісты Слуцкага ТБМ раздалі жыхарам больш за 200 самаробных паштовак з заклікам падтрымаць беларускую мову.
Пытанні пра мову ў перапісным лісце (№№ 12 і 13) гучаць так: «Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве)?» і «На якой мове вы звычайна размаўляеце дома?».
— Мяне гэтыя пытанні ўстрывожылі, — дзеліцца старшыня Слуцкага ТБМ Зінаіда Цімошак. — Паняцце «родная мова» і «першая засвоеная мова» не зусім адно і тое ж, і гэта можа перашкаджаць назваць любому чалавеку роднай мовай беларускую. Дзякуючы антыбеларускай адукацыйнай палітыцы ўладаў Слуцк ужо даўно русіфікаваны. Ва ўмовах адсутнасці беларускамоўнай адукацыі вырасла пакаленне моладзі, якую бацькі вучылі чытаць па рускамоўных букварах. Узнікае пагроза, што многія маладзёны могуць назваць сваёй роднай мовай рускую, не разумеючы прыхаванай пасткі для будучыні краіны. Таму 4 кастрычніка сябры ТБМ нагадалі случчанам аб іхняй адказнасці за мову і краіну Беларусь.
Па словах сябра ТБМ Мікалая Зыкава, большасць мінакоў ахвотна бралі самаробныя паштоўкі і дзякавалі за патрыятызм.
А Галіна і Алена распавялі, што яны ўжо паўдзельнічалі ў перапісе і пазначылі родную мову ў якасці засвоенай, нягледзячы на тое, што не ўмеюць на ёй размаўляюць.— Мы ж таксама патрыёты, — пахваліліся жанчыны.
Аксана Курловіч, ветэрынар з Слуцкага раёна, з радасцю ўзяла некалькі паштовак і паабяцала перадаць іх суседзям.
— Я вельмі люблю беларускую мову, нягледзячы на тое, што вырасла ва Узбекістане ў рускамоўнай сям’і, — гаворыць Аксана. — Люблю фальклор, беларускія народныя традыцыі, песні.
Па словах жанчыны, падчас пражывання ў Сярэдняй Азіі яна не адчувала псіхалагічнага камфорту. Ён пасяліўся ў яе душы пасля пераезду ў Беларусь. Будучы студэнткай Віцебскага ветэрынарнага інстытута захапілася беларускай культурай і да гэтага часу з’яўляецца яе фанаткай. Трое яе дзяцей скончылі сельскую беларускамоўную школу, двое ўжо маюць вышэйшую адукацыю. Яны таксама з вялікай павагай ставяцца да беларускай культуры і мовы. Дачка выдатна грае на цымбалах.
— Гэта няпраўда, што школьнае беларускамоўнае навучанне перашкаджае далейшай вучобе і развіццю кар’еры, — выказала сваю думку жанчына.
Па словах Аксаны, яна зацікаўлена ў тым, каб беларусы зразумелі, якой каштоўнасцю (мовай) яны валодаюць, і спадзяецца, што вынікі перапісу пасадзейнічаюць развіццю і ўкараненню беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця беларускага грамадства.