Даследчыкі з Венгрыі вывучаюць прычыны смерці Стэфана Баторыя ў Гродне

Таямніца смерці караля Рэчы Паспалітай і яго повязі з Гродна цікавяць як венгерскіх навукоўцаў, так і іх беларускіх калег.

Стэфан Баторый

Стэфан Баторый


Як піша рэсурс Hrodna.life, венгерскія навукоўцы з Печскага ўніверсітэта (гісторык і прафесар Тамас Молнар, гісторык і медык, дацэнт Золт Молнар), а таксама Першы сакратар Пасольства Венгрыі ў Рэспубліцы Беларусь Петэр Чомар прыехалі ў Гродна, каб абмеркаваць жыццё і дзейнасць кіраўніка Рэчы Паспалітай – караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя ў беларускім горадзе.
Браты Тамас і Золт Молнар займаюцца вывучэннем прычын смерці Стэфана Баторыя і завяршаюць падрыхтоўку кнігі з вынікамі сваіх даследаванняў. Венгерскія даследчыкі спецыяльна прыехалі ў Гродна, каб убачыць горад, дзе манарх правёў свае апошнія дні, дзе яго цела было анатамавана (дарэчы, упершыню ў гісторыі Рэчы Паспалітай) і пахавана.

Фота са старонкі Гродзенскага Дзяржаўнага універсітэта

Фота са старонкі Гродзенскага Дзяржаўнага універсітэта

– Стэфан Баторый любіў Гродна, лічыў яго наімілейшым горадам «і для часовага пражывання, і для вечнага спачынку», завяшчаў сябе тут пахаваць. Пазней труну з целам караля перавезлі ў Кракаў і пахавалі ў Кафедральным касцёле на Вавелі, дзе пахаваныя амаль усе польскія каралі, – адзначыла падчас сустрэчы з гасцямі гісторык купалаўскага ўніверсітэта, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Святлана Марозава. У яе даследчым актыве ёсць сюжэт пра абставіны хваробы, версіі прычын смерці Стэфана Баторыя і навуковыя спробы раскрыць гэтую таямніцу гісторыі.

Існуе некалькі версій смерці караля. Асноўныя: натуральная смерць і атручэнне. З аднаго боку, вядома, што Стэфан Баторый меў хваробы, пра якія ведалі толькі яго лекары, хоць ён і ствараў уражанне моцнага і здаровага мужчыны. Тым не менш навукоўцы не выключаюць і таго факта, што ўплывовы князь мог быць атручаны адным з набліжаных.

Госці з Венгрыі таксама наведалі так званую Баторыеўку, цяпер – адзін з карпусоў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, дзе знаходзіцца анатамічная экспазіцыя «Гродзенская кунсткамера». Існуе легенда, нібыта менавіта ў сценах гэтага будынка 15 снежня 1585 года было зроблена анатамаванне цела Баторыя для высвятлення прычыны яго смерці (насамрэч гэта адбылося ў іншым будынку, які не захаваўся – HL).

«Гродзенская кунсткамера». Фота Гродзенскага Дзяржаўнага Медыцынскага Універсітэта.

«Гродзенская кунсткамера». Фота Гродзенскага Дзяржаўнага Медыцынскага Універсітэта.


– Хочам сказаць, што ў апошнія гады ў Еўропе ўзрастае цікавасць да Беларусі, прычым не толькі турыстычная, але і навуковая. Бо на беларускіх землях адбываліся вельмі важныя падзеі, якія паўплывалі на геапалітычны стан Еўропы. Да таго ж у нас агульная гісторыя, якая аб’ядноўвае Венгрыю і Беларусь, Венгрыю і Гродна. І Гродна сапраўды цікавы горад, зразумела, чаму Стэфан Баторый так яго любіў, – падзяліліся браты Тамас і Золт Манар.
Гістарычная атмасфера Гродна, новыя цікавыя факты і удакладненыя дэталі загадкі смерці караля знойдуць адлюстраванне ў кнізе венгерскіх вучоных, якая выйдзе на рускай і англійскай мовах і стане грунтоўным даследаваннем гэтай праблемы.
Паводле матэрыялаў Hrodna.life і сайту Гродзенскага Дзяржаўнага Універсітэта