«Броўка пайшоў са мной да Машэрава: «Павінен даць яму кватэру»»
Акадэмік Іосіф Хаўратовіч — пра тое, як у Інстытуце гісторыі партыі смяяліся з савецкай улады, чаму прымусіў Машэрава памяняць дату нараджэння і што бывае, калі раб пачынае кіраваць.
У пакоі спадара Хаўратовіча развешаныя карціны, падарункі ад розных дзеячаў і невялікая, але змястоўная бібліятэка, у якой сабраная беларуская класіка і арыгіналы выданняў нашаніўскага перыяду. Іосіф Пятровіч запрашае сесці і гасцінна частуе, прыгаворваючы “ешце, дзетачкі”. Пачынаем размову.
«Сярод студэнтаў у сталінскія часы было шмат стукачоў»
– Як вашае здароўе?
– Добра, дзетачкі, жыву адзін, стары ўжо, але не маю асабліва на што наракаць.
– Бачу карціны на сценах. Хто іх пісаў?
– Я! Маляваць пачаў рана, класе ў трэцім. Убачыў на невялікім каляндарыку выяву Сталіна. Узяў аркуш у клетачку і намаляваў яго. Паказаў маме.
– Усё сам зрабіў?
– Сам.
– Маладзец, дзетачка, а давай мы гэта ціхонька спалім.
Я крычаў, плакаў – мне ж шкада было малюнка. Але маці сказала: «Раптам што не так, вус не туды павернуты, тое-сёе».
А так ужо добра маляваць мяне вучыў падчас Вялікай Айчыннай наш палонны зямляк Герылюк Міхал Афанасьевіч. Немцы яго, як і астатніх, выпускалі на волю – толькі прыходзь, адзначайся раз на тыдзень. Ён быў мастак, раней працаваў дэкаратарам у Вялікім Оперным у Маскве. Харошы, мілы, дасведчаны чалавек. Але жыццё ў яго з-за палону скончылася неважнецкі. Ані ў які саюз не бралі, на выставы не пускалі. Так – малюй для суседа.
Настаўнікі мяне любілі. Неяк па чарчэнні трэба было ключ намаляваць. Спачатку настаўнік выклікаў аднакласніка Хаменку: «Вось, гэта ж не аднолькава, няправільна – 4». А я зусім заданне не зрабіў. Сказаў Хаменку: «Дай мне, я твой пакажу». Выклікалі мяне, настаўнік гучна так гаворыць: «Адразу бачна, што сапраўдны мастак – цвёрдая пяцёрка!» Рабілі мне такім чынам зніжку, бо я маляваў карціны для школы. Да прыкладу копію выявы Пушкіна.
З 1947 года я ў Мінску. Але вось што да гэтага часу ўзгадваецца, бо я ж з сялян выйшаў: галадалі за савецкім часам усе, але нідзе, як у вёсцы. Елі бульбу гнілую, мёрзлую, сырую. Вясной, бывала, зусім не было нам чаго есці. Цяпер уявіць гэта цяжка.
– Ці былі вы ў партыі тады?
– Так, я ж яшчэ у Талачыне ў партыю ўступіў. А ўжо на партыйнай працы, ва ўніверсітэце, я свядома адчуў сябе беларусам, між іншым.
Я не хацеў паступаць, бо дужа цяжка было жыць. Скончыў Менскую мастацкую вучэльню і пайшоў працаваць, быў дырэктарам раённага дому соцкультуры. Пасля ў райвыканкаме працаваў. А пасля мяне ўжо намовілі паступаць ва ўніверсітэт.
І пра таго ж Адама Мальдзіса казалі, што ён вось туды хадзіў, там прымаў удзел у святкаванні, тое і тое сказаў. А я ж член парткому, а я ж член партбюро. І хоць ананімка тады лічылася амаль што доказам, заступаўся за людзей, рабіў са свайго боку што мог.
– А шмат ананімак пісалі?
– Магу сцвярджаць – вельмі нават шмат пісалі, Бо быў жа я ў той кагорце, куды пісалі. Гэта ж было сталінскае пакаленне. Сталін жа правіў 28 гадоў – дык гэта ж амаль колькі Лукашэнка намі правіць.
– Ці сапраўды людзі перажывалі, калі памёр Сталін?
– Не праўда, каб перажывалі. Каб нехта асабіста гэта перажываў – я не надта веру. Але памятаю, як ў актавай залі выкладчыкі, прафесура казалі, што памёр вялікі правадыр нашага народу: глядзіш – у таго слёзка, у таго. І думаеш: “Не дай бог усміхнешся”. Бо гэта ж адразу данос. Але слёзка ў выкладчыка пацякла? Пацякла. Залік. Яшчэ крыху баяліся, бо не ведалі, што далей.
– Вы пачыналі свой працоўны шлях у Інстытуце гісторыі партыі ў 1955 годзе. Якая там была атмасфера ў той час?
– Я туды прыйшоў малады, дык пабойваўся. Бо там такія анекдоты расказвалі антысавецкія, што, можа, не кожны селянін так мацюгаў савецкую ўладу. Вы думаеце, што раз пры ЦК, то рот завязаны? Пасля смерці Сталіна языкі развязаліся крыху. У нас многія прыйшлі з франтоў, бачылі Вену, пілі там гарачы шакалад у кубачках. І многія бачылі, што мы не туды ідзем. Прадукцыйнасць працы ў нас была меншая, чым у капіталістычных краінах, а гэта ж аснова! Узровень жыцця ў нас быў горшы…
У інстытуце было толькі некалькі прахвостаў. Вось, наша дырэктарша Фаіна Архіпаўна. Як толькі прачыталі хрушчоўскі даклад пра культ асобы, то яе знялі з усіх пасадаў. А яна ж была і членам ЦК, і ўзначальвала Саюз Жанчынаў.
– А чаму яе знялі?
– Бо пісала даносы, і па іх садзілі людзей. Пісаў шмат хто, але яна пісала так актыўна, што ёй прад’явілі. Яна калі была аспіранткай, то напісала і на свайго кіраўніка навуковага, і на рэктарат – усіх знялі ці пасадзілі. І з яе спыталіся за гэта, бо пры Хрушчове пачалася рэабілітацыя.
– Чаму, на ваш погляд, людзі ў СССР жылі горш за жыхароў капіталістычных краін?
– Ёсць шмат прычын, адна з якіх – адукацыйны ўзровень савецкай ўлады. Ленін хоць быў адукаваны, і тое браў за каўнер Зіноўева: “Зачем вы сдерживаете революционный порыв пролетариата?”. А пасля такія ўжо прыйшлі... Не ведалі, што рабіць, куды весці.
Узгадайце рэвалюцыі ў старажытным Егіпце, калі да ўлады прыходзілі рабы. Дык народ пры іх пішчэў, каб вярнулі назад фараона. Калі раб прыходзіць да ўлады, ён ведае, як прыціснуць болей, чым той патрыцый які-небудзь. Таму раб – дрэнны кіраўнік.
З іншага боку тое засілле чыноўніцка-памешчыцкага апарату, якое было скрозь у Расейскай Імперыі, – таксама няправільна. Тая ж вайна – ідзе селянін паміраць, а гэтыя самі сабе балююць, пануюць. Таму рэвалюцыі і ўзнікаюць.
«Броўка пайшоў са мной да Машэрава: “Павінен даць яму кватэру”»
– Пасля Інстытута гісторыі партыі вы пайшлі працаваць у выдавецтва. А чым гэта было для вас – рабіць першую беларускую энцыклапедыю?
– Я любіў маю краіну, таму і заняўся энцыклапедыяй. Упершыню сабраць усю інфармацыю пра Беларусь – гэта ўжо адкрыццё. Энцыклапедыя і аб’ядноўвае, і яднае нацыю, і павышае яе ўзровень. Бо тая нацыя, якае не мае энцыклапедыі – яна, мякка кажучы, крыху адстае. На сёння вы самі ведаеце, што інфармацыя стала даступней, і кніжкі і часопісы не так цэняцца. А ў наш час гэта было на вагу золата!
Я проста рады, што спрычыніўся да гэтай справы, больш за тое, выпрацаваў метадычны прынцып па стварэнні энцыклапедыяў.
Спачатку нам дазволілі выдаць толькі Беларускую Энцыклапедыю, якая ў 18 тамах. А пасля выпусцілі на волю, так бы мовіць, і мы пачалі выпускаць і мастацкую літаратуру, і галіновыя энцыклапедыі. Адна з самых цікавых кніг, на мой погляд, якую мы выдалі, – Біблія Францішка Скарыны. Тады яе ў Беларусі не было аніводнай. Толькі ў Маскве адзін асобнік, вывезены з бібліятэкі Радзівілаў. Але яе немагчыма было нармальна адзняць і там! Мы шукалі, дзе б яе ўзяць, і знайшлі асобнічак у Даніі. Нам, як галадранцам, дазволілі перазняць факсімільныя копіі бясплатна. І гэта бібілія стала даступнай любому даследчыку. Тады яшчэ спрачаліся, ці ёсць у Скарыны вершы, ці няма. А мы выдалі – і тут сам ужо глядзі, дзе вершы, а дзе проза.
Былі ў нас нават і адкрыцці гістарычныя! Скажам, раней лічылася, што Андрэй Полацкі, Андрэй Гарбаты і Андрэй Альгердавіч – гэта тры розныя чалавекі, ва ўсіх даведніках так было. А выявілася, як супаставілі даты, што гэта адзін чалавек! А бывала і наадварот: выявілася, што адна кампазітарка, што збегла ад савецкай улады, гэта насамрэч не адна асоба, а маці і дачка.
Мастацкую літаратуру таксама выдавалі, але, даруйце, рабілі гэта для падтрымкі штаноў, як перабудова пачалася. Выдавалі нешта актуальнае, яно добра разыходзілася, і праз тры гады мы сталі самаакупным прадпрыемствам, сталі больш самастойнымі ад дзяржавы.
Але самае важнае, канешне, што мы заклалі справу выдання энцыклапедыяў. Выдавалі і медыцынскія, і гістарычныя, і мастацкія, і нават сексалогію! На той час гэта было адкрыццё, яе за лічаныя тыдні раскупілі!
Сумарна мы выдалі ажно 400 найменняў кніг!
– А якім быў Пятрусь Броўка? Бо вы ж працавалі поплеч з ім вельмі доўгі час.
– Пятрусь Броўка быў прыстойным чалавекам, але калі па шчырасці, то, як тады здавалася, што і трусаватым трошку. Ён знаў, чаго нельга, і дужа баяўся. І тут не ўсё так проста, бо калі я быў малады, дык я думаў, што Броўка быў занадта хітры і надта баязлівы. А зараз дык разумею, што ён шмат перажыў і проста больш ведаў за нас, маладых.
Бо адразу рубануць у Энцыклапедыі тое, што мы сёння ведаем (а мы ж і тады ведалі) – нас адразу зачынілі б, ды ўсё. Таму мы нешта не дагаворвалі. Вось, скажам, асоба Кастуся Каліноўскага. Канешне, паўстанне было антырасейскае, канешне, за ўзнаўленне Рэчы Паспалітай. Але як так напішаш? Таму мы казалі, што ён дужа хацеў сацыяльных змен, а не нацыянальна-вызваленчых.
Броўка мне вельмі дапамагаў па жыцці. У нас ужо было трое дзетак, а мы жылі ў камуналцы. Броўка мне сказаў: «Хаўратовіч, я табе дам кватэру». Я кажу: «Дык, па метражы нам быццам і не выходзіць». Ён сам напісаў просьбу да Машэрава. І пайшоў да яго ў кабінет са мной. Сказаў: “Вось мая апора, я павінен яму даць кватэру добрую”.
Іх клікалі «два Пятры», яны дружныя былі з Машэравым. І Машэраў напісаў старшыні гарсавету: «Прашу вырашыць пытанне». І дадаў: «станоўча». І два клічнікі паставіў. Падумаўшы, дапісаў: «І дакласці».
Пасля цэлы месяц не я хадзіў па кабінетах, а да мяне прыбягалі з гарсавету. У выніку атрымаў я чатырохпакаёвую ў самым цэнтры, каля вакзалу.
– А вы ведалі тады пра БНР, пра нацыяналістаў?
– Канешне, ведалі! Але гэта была забароненая тэма. Было сямнаццаць пунктаў у Глаўліце, якіх нельга было датыкацца. Нам пяцярым у Энцыклапедыі, якія стваралі метадычку, далі з імі азнаёміцца. Мы давалі падпіску, што ніколі нікому не агалосім гэтыя сямнаццаць пунктаў.
– А што было ў тым спісе?
– БНР, Слуцкае паўстанне… Вось, між іншым, зараз смешна, але нельга было называць прозвішча Аркадзя Смоліча. Бо ён вельмі актыўна сябе паводзіў на судовым працэсе. Так ён ім насаліў, што ягонае прозвішча было ўнесенае асобна ў спіс. Прычым гэта не толькі пра яго асобна нельга было пісаць, а нават у кантэксце, нават пра ягоныя падручнікі.
Былі ў тым спісе і браты Луцкевічы. Я пры сведках здрадзіў савецкай уладзе, выходзіць, о як! Смех, цяпер гэта вартае смеху ўсё.
«Брэжнеў вынуў партсігар, пачаў узгадваць: “А, так, Коханава, Коханава”»
– З кім цягам працы даводзілася вам сустракацца?
– Ну, хоць бы і з Машэравым! Так, і ў мяне з ім звязаная цэлая гісторыя. Пётр Міронавіч нарадзіўся 13 лютага 1918 года – так было раней напісана. А такой даты ў прыродзе не было! Бо Ленін 28 студзеня 1918 года уласнаручна выдаў дэкрэт пра ўвядзенне новага годазлічэння. І дакладна было напісана, што наступным днём пасля 31 студзеня 1918 года лічыць 14 лютага 1918 года!
Мы двойчы хадзілі да Машэрава і казалі, што ён нарадзіўся не 13 лютага, а ён два разы нас адсылаў. У Галоўліце два разы разварочвалі з артыкулам пра яго – прыйшлося распісацца нават за вымову.
Трэцім разам пайшоў да Машэрава, узброены ленінскім дэкрэтам. Ён ускіпяціўся, крычаў: “У вас што, мазгі разжыжэлі, вось у пашпарце напісана!”. А я яму на стол гэты дэкрэт. Ён чытаў, чытаў – махнуў рукой, сказаў: рабіце як трэба. І адступіў. Зрабілі мы яму 26 лютага.
Там дзе жоўтым – можна так сказ перапісаць:
Але я ж быў і ў Брэжнева з падобнай сітуацыяй – мы адказвалі за ўсе факты, што падавалі ў энцыклапедыю (а якая ж энцыклапедыя без Брэжнева?). Чатыры разы з памочнікам Голікавым размаўлялі – толку аніякага. Бо былі ж тры розныя даты. Брэжнеў калісьці працаваў у Коханаўскім раёне, ля Воршы і абраўся там дэлегатам канферэнцыі, і сваёй рукой напісаў дату. І гэта захавалася ў архівах. Пасля вайны, як ён быў у Малдавіі – другая дата. І яшчэ выдавалі такія каляндарыкі з ім – там трэцяя дата. Гэта зараз дакладна вядома, калі ён нарадзіўся, а тады ж ён не прайшоў нідзе з энцыклапедыяў.
І мне Броўка даў копіі ўсіх трох дакументаў і сказаў, што “толькі подпіс самога!”. І вось нарэшце са згоды Голікава прыехалі ў Крэмль. Пасядзелі хвіліны тры, заходзім. А Брэжнеў крычыць:
– Чым тыя журналісты не задаволеныя?
– Усім задаволеныя, вы толькі падпішыце хоць якую дату, вось вам тры на выбар, бо мяне назад у Беларусь не пусцяць, – кажу я і перадаю ўласнаручна запоўненыя ім дакументы.
– Ай, якія старажытнасці паднялі, і захаваліся? – пачаў ён лямантаваць.
– Захаваліся.
– Дык вайна ж спаліла ў вас усе архівы!
– Не, частку вывезлі.
Брэжнеў вынуў партсігар, пачаў узгадваць: “А, так, Коханава, Коханава”. Дык ён пакінуў тую, што з Коханава – на два гады памаладзіўся.
Як прыехаў дадому, дык мы з Броўкай на радасцях нават выпілі па чарцы.
– З кім з пісьменнікаў вы былі асабіста добра знаёмыя?
– Караткевіч шмат разоў у нас бываў, і на абарону дысертацыі да мяне прыходзіў. А як ажаніўся Лявон Баразна, разам ездзілі на рыбалку на радзіму ягонай жонкі ў вёску Ляды Лідскага павету. Так былі дружныя з ім, што ён нават меў ключы ад маёй кватэры. Караткевіч быў сапраўдным беларусам, моцным, але вельмі далікатным.
Вось гісторыя, звязаная з ім узгадалася. У мяне дзень народзінаў па пашпарце 24-га, але насамрэч 25-га снежня. Дык мы з жонкай пайшлі ў тэатр 24-га. А яны – Лёнька Баразна, Адам Мальдзіс і Уладзь Караткевіч – не ведалі пра гэта, ды прывалакліся. У прыхожай стол паставілі, распілі. Без нас! Мы ўжо пад канец іх застолля вярнуліся.
Таксама ўзгадалася, як Уладзь, калі пісаў словы для паланэзу Агінскага («Развітанне з Радзімай»), прыходзіў да нас у кватэру і без нас працаваў. Мы тады на дачы былі. І ён уласнаручна зрабіў канверт і пазначыў такі зваротны адрас: “Краіна Дэльфінія, Горад Кенгуру, вуліца Трох Гіпапатамаў, віля “Альбатрос”, Караткевіч У.С.”. Гляньце, і захавалася!
Увогуле Валодзя любіў розныя рэчы прыдумляць, і на гэта быў вялікі мастак.
І так нечакана для нас ён памёр... Мог бы жыць яшчэ мінімум гадоў дваццаць, мы ж з ім амаль равеснікі. Кажуць, памёр ён не зусім сваёй смерцю. Быццам бы КДБісты выпівох спецыяльных падстаўлялі.
– Барадуліна вы добра ведалі? А Лявона Баразну?
– З Барадуліным дружылі, але не так цесна, як з Валодзем. У студэнцтве больш. Я працаваў рэдактарам газеты “За сталінскія кадры”, надрукаваў ягоны верш, ён быў вельмі ўдзячны. А пасля мы трошку разышліся. Вось тут адзін з апошніх лістоў (дастае) Ён раззлаваўся, хоць я і не вінаваты. Не хачу гаварыць, даруйце.
Спецыфічны чалавек. Зацяты, апантаны такі, трошку нервова ўзвінчаны.
А Лявон – мой зямляк Талачынскі, таму ведаў яго даўно. Лёнька – гэта такая постаць разбітная, зайшоў у хату і тлум пачаўся! Гэта была такая магутная фігура. Ну, карацей кажучы, гэта быў тады мой сябра, найлепшы сябра тады. Мы з ім разам і паступалі ў вучылішча. І не паспеў ён скласціся ў сапраўднага мастака, каб можна было і музей. Трошкі ён раскідаўся на свае штукі. І так – прац на адну выставу толькі набралося.
«У нашых сем’ях, на жаль, не было такога, каб абыходзілася без рэпрэсаваных»
– У вас у сям’і былі рэпрэсаваныя. Ці ведаеце, як скончылася іх жыццё?
– Рэпрэсаваных у нас шмат сярод родных. І бацька мой, і дзед па бацьку. Пра бацьку ведаю, што падчас вайны як зняволены пайшоў у штрафбат і там загінуў. А што з дзедам было – не ведаю.
Між іншым былі ў нас і рэвалюцыянеры ў сям’і. Вось мой стрыечны дзед – Залуцкі Пётр Антонавіч. Вядомы рэвалюцыянер, адзін з арганізатараў бальшавісцкіх выданняў, газет “Праўда”, “Звязда”. Расстраляны па Трацкісцка-Зіноўеўскім спісе.
У нашых сем’ях, на жаль, не было такога, каб абыходзілася без рэпрэсаваных. Ішлі ў 1937 як польскія шпіёны. Тады бралі шмат. У дзеда па маці было чатыры сястры і ва ўсіх мужоў забралі.
Майго дзядзьку Адама у 1937 годзе паставілі загадчыкам кафедры мостабудаўніцтва ў інжынернай вучэльні ў Піцеры замест грэка, якога пасадзілі. А ў таго грэка там жа сын вучыўся. І прыйшоў загад, што дзеці ворагаў народу мусяць пакінуць вучэльню. Дык дзядзька яго паклікаў і сказаў: напішы адрачэнне ад бацькі. Той напісаў.
Прайшла вайна, мы да дзядзькі з будучай жонкай заехалі. І ён перад намі пакаяўся. Сказаў: балда я, стары балда, як мог хлопцу параіць напісаць адрачэнне ад бацькі, не магу сабе гэта прабачыць.
– Як вы думаеце, чаму вы сталі такім, які вы ёсць?
– У мяне былі харошыя сябры, з харошымі людзьмі я вадзіўся, таму і быў прытхнуты да ўсяго беларускага і разумнага. Сягоння Лукашэнка ўсё прыціснуў, і ў грамадстве нейкая пасіўнасць. А што старым на плошчу ісці? Адсядзіш у каталажцы, нічога не дакажаш. А моладзь не ідзе, бо лідараў няма – Лукашэнка іх ўмела знішчае. Незалежнасць шмат на каго з беларусаў як з неба звалілася. А што дарма даецца – тое меней цэніцца. І вось гэтая рыса мне ў беларусаў не падабаецца. Але незалежнасць ёсць, а што з ёй далей зробяць – пакажа час.
Даведка:
Іосіф Хаўратовіч нарадзіўся 24 студзеня 1929 году ў вёсцы Варгуцёва Круглянскага раёна. У 1948 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. З 1949 г. працаваў бібліятэкарам, дырэктарам Талачынскага раённага Дома культуры, інспектарам аддзела культасветустаноў Талачынскага райвыканкама. У 1955 г. скончыў БДУ. З 1955 г. – навуковы супрацоўнік, загадчык сектара, вучоны сакратар Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. З 1967 г. – кандыдат гістарычных навук, загадчык рэдакцый гісторыі СССР і БССР, 1973 г. – адказны сакратар, з 1975 г. – намеснік галоўнага рэдактара Беларускай Энцыклапедыі імя Пятруся Броўкі і адзін з ініцыятараў стварэння энцыклапедыі. У 1976 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі. У 1983 г. прысвоена званне заслужанага работніка культуры Беларусі. З 1995 г. – акадэмік Беларускай Акадэміі сацыяльных навук і член яе прэзідыума. Выйшаў на пенсію ў 2008 годзе, ува ўзросце 77 гадоў.
Паводле gazetaby.com