Альгерд Бахарэвіч: Пачвара, якая заўжды з табой
Калі журналісту не хапае словаў, іх заўжды можна пазычыць у сусветнай літаратуры. Але яна – тая яшчэ старая працэнтшчыца. І Дастаеўскі тут ні пры чым.
У першай палове трыццатых гадоў мінулага стагоддзя — здаецца, у Нідэрландах — выйшла адна займальная кніга пад назвай “Дон Кіхот Мюнхенскі”. Абсалютны бэстсэлер. А прысвечаная яна была нікому іншаму, як Адольфу Гітлеру. Яе герой уяўляўся аўтару такім сабе апошнім рамантыкам, смешнаватым ідэалістам, дзіваком, які вядзе ўпартую барацьбу са сваімі ветракамі. Хацелася б патрымаць тую кніжку ў руках, хацелася б даведацца, хто ж у такім разе, на думку аўтара, Санча Панса… Мо Гёрынг? І каго аўтар бачыў у ролі Дульсінеі Табоскай? Напэўна, саму Нямеччыну.
А зусім нядаўна ў той самай Нямеччыне з’явіўся раман (таксама бэстсэлер), назву якога можна перакласці як “Ён вярнуўся” ці “Ён зноў тут”. Народная сцяжына да Дона Гітлера не зарастае.
На першы погляд гэты тэкст Тымура Вермеса, “Er ist wieder da”, — несур’ёзны аповед пра сур’ёзныя рэчы. А можа, наадварот, сур’ёзная кніга пра аднаго з самых несур’ёзных палітыкаў у гісторыі. Вось жа, Берлін, нашы дні. Навокал мульці-кульці, кебабы і камп’ютары. Ну, і мы, ахвяры кібернетыкі і закладнікі свабоды слова. Адным цудоўным летнім днём сярод гэтага раю раптам прыходзіць у сябе пан Адольф Гітлер — які, як высвятляецца, зусім не скончыў жыццё самагубствам у 1945-м (гэта нам усё камунякі і амерыканцы нахлусілі), а проста… Ну, няважна, што з ім здарылася. Галоўнае, ён зноў жывы і поўны сілаў, ён зноў у Берліне; ён крыху агаломшаны і думае, што яму рабіць далей.
З памяццю ў героя ўсё нібыта ў парадку. Напрыклад, ён добра памятае, што такое татальная вайна. І як гэта важна для Перамогі, каб нічога не дасталася ў рукі ворагу.
“…Усё — я падкрэсліваю гэта! — усё дарэшты мусіць быць знішчана, усе каштоўнасці. Нейкі просты салдат можа запытацца: “А вось, напрыклад, гэты кіёск — яго таксама трэба знішчыць? Сапраўды: так ужо неабходна падпаліць яго? Але ці так ужо гэта кепска, калі нейкі там кіёск трапіць у рукі ворага?” Вядома ж, гэта кепска! Вораг таксама чытае газеты! Захапіўшы кіёск, ён можа павярнуць яго супраць нас! Мусіць быць знішчана ўсё! Усё! Не толькі дамы, але і дзверы! І ручкі дзвярэй! А таксама шрубы ў гэтых ручках, і не толькі вялікія шрубы, але ўсе, усе да аднаго! Шрубы трэба выкруціць і бязлітасна сагнуць, каб немагчыма было закруціць іх наноў. А дзверы — сцерці іх у парашок, ператварыць у пілавінне! І затым спаліць. Бо іначай вораг будзе бесклапотна хадзіць праз дзверы туды-сюды. Але з паламанай ручкай, сагнутымі шрубамі і кучай попелу — хаха, я зычу пану Чэрчылю ўдосталь нацешыцца з гэтым майном!..”
Паводле сюжэта, у 2011-м Гітлер робіць сабе новую кар’еру — на нямецкім тэлебачанні. Хоць ён і праспаў Берлінскі мур — дзесяцігоддзі дэмакратыі насамрэч нічога не змянілі. Краіна зноў бяссільная перад наступам дэмагогіі і прагай рэваншу. А як жа свабода?.. “Размарожаны адмарозак” Гітлер умомант прымушае немцаў на яе забыцца. Цяпер ён нарэшце займеў “Vergeltungswaffe”, зброю адплаты. Яе. Тэлевізію. З дапамогай якой можна валадарыць Еўропай — і табе нічога за гэта не будзе.
Дарэчы, чытаючы гэтую кнігу, так і хочацца прыкласці яе сюжэт да беларускіх ранаў. У тым ліку да розных літаратурных гнайнічкоў. І неяк не выходзіць. У беларускай гісторыі, на шчасце для яе і на гора для чытачоў, няма настолькі фанатычных асобаў такога маштабу — як няма і тых, хто здолеў бы стварыць і выпесціць іншую ідэалогію, апрача сціплага тутэйшага нацыяналізму. Захочаш доктара Зло — а талончыкі скончыліся…
Не, можна, вядома, скарыстаць якога-небудзь цанаву. Мінск, нашы дні. Лаўрэнці Фаміч Цанава прачынаецца каля “Макдональдса”… Ну і што? Куды яму ісці? З такімі дадзенымі. На тэлебачанне яму шлях закрыты. Толькі не кажыце, што ў палітыку. Ён — выканаўца, кат, садыст, але не ідэолаг Зла, і нікому не прыйдзе ў галаву назваць яго Дон-Кіхотам Мінскім. Працу дык ён знойдзе, тут сумневу няма, але кніжкі — не, добрай кніжкі з яго не атрымаецца… Тым больш бэстсэлера. Хіба што артыкул да юбілею ў газеце “Во славу Родіны”. Ганаровая пенсія — вось што яго чакае. Не той размах у гэтага ветрака.
А вось Гітлер…
Калі не хапае словаў, іх можна пазычыць у сусветнай літаратуры. Іх там шмат, на ўсіх хопіць. Як ні дзіўна, Дон Кіхот Мюнхенскі (“літаратар”, як ён часам пазначаў сваю прафесію ў маладыя гады ў розных дакументах) таксама можа іх нам пазычыць. Адтуль, проста з пекла. У 2009 годзе выйшла першая кніга нашумелага рамана нарвежскага празаіка Карла Увэ Кнаўсгарда, які аўтар так і назваў: “Майн кампф” (“Min kamp” па-нарвежску). Нічога агульнага раман з кніжкай Гітлера не мае — апрача назвы. Карл Увэ Кнаўсгард яе проста пазычыў — бо ўсе мы ведаем: нешта такое ёсць у гэтых словах… Тое, што заўжды будзе прыцягваць увагу. Трэба сказаць, што ў нямецкім перакладзе раман так называць не сталі. І вось жа цуд: бэстсэлерам у Нямеччыне ён не зрабіўся.
…Неяк давялося паглядзець на Гітлера ў кіно: гаворка, вядома, пра “Узыходжанне д’ябла” з Робертам Карлайлам у галоўнай ролі і — у гнюсным расійскім перакладзе. А як яшчэ назваць пераклад фільма, дзе нямецкія і аўстрыйскія жаўнеры адказваюць начальству: “Есть, сэр!” Дзе сам Д’ябал звяртаецца да паплечнікаў-нацыстаў: “Я собрал вас здесь, джентльмены…” Дзе гарадок Пазэвальк становіцца нейкім Пэйсуокам. Дзе фельдмаршал Гіндэнбург робіцца ні стуль ні ссюль Хіндэнбергам. І, што ўжо не так весела: дзе Дахаў ператвараецца ў невядомую нікому Даку. Вядома, пераклад рабілі з амерыканскага арыгіналу, там, напэўна, і гучаць усе гэтыя “джэнтльмены” ды “хіндэнбергі”. Але маглі б неяк адаптаваць — для расійцаў Нямеччына часоў нацызму не такая ўжо загадкавая краіна, гісторыю ў школе ўсе вучылі. Хаця і ў Нямеччыне 30-х таксама вучылі…
Але яму б спадабалася. Памятаюць. Робяць выгляд, што смяюцца, але памятаюць — значыць, баяцца. Баяцца і паважаюць.
Інтарэс да асобы Гітлера не згасаў фактычна ніколі. Кніжкі пра яго — адны з самых запатрабаваных на любым рынку. Тым, хто не адчувае сябе гатовым прадрацца скрозь тысячу старонак грунтоўнай працы Ёахіма Фэста, прапануецца больш лёгкая “Гітлерыяна”. Ад даследавання фон Гілебрэхта, які называе Гітлера тыповым эйдэтыкам (чалавекам, які меў эйдэтычную памяць — запамінаў старонкамі друкаваны тэкст, не надта разумеючы, што ён чытае), да такога сабе пошлага “гітлерашансону”: Гітлер, які вырас з Вагнера, Гітлер і Ева, Гітлер і Сталін, нудныя застольныя размовы, Гітлер, Гітлер, Гітлер…
Гітлер — апошні значны і адмоўны герой маскульту, які мае рэальнага прататыпа. Мабыць, адзіны, хто застаўся з таго стагоддзя. Пачвара, якая заўжды з табой: з маленства да смерці. Пра яго немагчыма н е в е д а ц ь.
Відаць, чытачу хочацца пабачыць у монстры чалавечае, а заадно і самому прайсці тэст на пачварнасць. Наколькі адгукнецца зло ў нас саміх? А можа, мы з салодкім заміраннем сэрца адчуем блізкасць з галоўным героем? Накормім яго, напоім, спаць пакладзем і ні з кім не будзем дзяліцца тым, што аднойчы адчулі недзе на ўнутраным баку падсвядомасці, бліжэй да самага дна?
Асаблівасць літаратуры пра Гітлера ў тым, што гэта таксама літаратура. Кнігі. І калі ты чытаеш пра кагосьці тыднямі, месяцамі — ён міжволі робіцца нечым сваім. Бо засынаць і прачынацца з Гітлерам — гэта выпрабаванне для псіхікі і праверка звычкі на маральнасць і ўстойлівасць. Калі ў забароне на кнігі пра Гітлера можа быць сэнс — дык толькі такі. Месяц з Гітлерам вытрымае не кожны.
Але гэты тэст, як правіла, заканчваецца расчараваннем. Высвятляецца, што мы не такія. Урэшце адзінае, што мы адчуваем да “Дон Кіхота Мюнхенскага”, — гэта стома і нейкая гідлівасць. Чагосьці нам усё ж бракуе. Можа быць, проста тэлевізара на покуці і бэстсэлераў на паліцы?
Найлепшыя тэксты, напісаныя пра яго, — гэта набокаўскае “Вынішчэнне тыранаў” і адзін файны верш Шымборскай. А астатняе цалкам можна не чытаць. Але як жа той стары ля Макдональдса? А ніяк. Будзем лічыць, што мы абазналіся.
Альгерд Бахарэвіч, budzma.by