Беларусаў ратуе гістарычная памяць, родная мова і салідарнасць
Беларусаў ратуе памяць пра праўдзівую, а не сфальшаваную гісторыю Бацькаўшчыны, родная беларуская мова і людская салідарнасць. Так лічыць грамадска-палітычны дзяяч і вілейскі краязнаўца Аляксей Сюдак, з якім мы сустрэліся, каб пагутарыць пра вынікі выставы "Праўда пра Курапаты" ў Грамадскім цэнтры Вілейкі.
Аляксей Сюдак кажа, што за час працы выставу наведалі каля 60 чалавек — грамадскія актывісты, прадстаўнікі моладзі і мяцовай інтэлігенцыі. “Канешне, хацелася б каб прыйшло больш людзей, але мы вымушаныя працаваць у тых умовах, якія ёсць, бо праўду пра Курапацкую трагэдыю трэба распаўсюджваць усімі сродкамі”, — заўважыў спадар Аляксей.
Ён звярнуў увагу на асаблівасці, што найбольш уразілі яго на выставе: высокі прафесіяналізм самой экспазіцыі і адпаведны ўзровень падрыхтоўкі яе стваральнікаў. “Дзякуючы гэтаму, ад экскурсій наведнікі атрымалі вельмі дакладную і канкрэтную інфармацыю, а таксама адказы на свае пытанні”, — зазначыў спадар Аляксей.
Паводле яго, пра вялікае ўражанне ад выставы сведчыла і сама рэакцыя на яе наведнікаў. “Пасля выставы яны выходзілі з Грамадскага цэнтра з іншымі вачыма і ўсведамленнем таго, як шмат яны яшчэ не ведаюць пра чырвоны тэрор за саветамі і чаму ўвогуле такі страшэнны гвалт мог адбывацца над ні ў чым не вінаватымі людзьмі”, — падкрэсліў Аляксей Сюдак.
Ён выказаў падзяку арганізатарам экспазіцыі — актывістам грамадскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” і творцам суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў. “Галоўная думка пасля выставы пра тое, што трэба абавязкова і надалей займацца распаўсюдам інфармацыі пра чырвоны тэрор, пра нашых герояў і ахвяраў. Бо ў сённяшніх умовах гістарычная памяць, матчына мова і людская салідарнасць з’яўляюцца тымі каштоўнасцямі, што ратуюць нашую нацыю”.
Нагадаем, што з 3 лістапада вялейчане знаёміліся з дакументальна-мастацкай выставай “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”, у якую, між іншым, увайшлі творы Уладзіміра Анішчанкі, Лявона Грышука, Генадзя Драздова, Аляксея Марачкіна, Генадзя Мацура і Віктара Мікіты.
У адкрыцці выставы прынялі ўдзел мясцовыя актывісты Дзяніс Канецкі, Уладзімір Малярчук, Эдуард Мацюшонак, Павал Хаванскі і Зміцер Хаценчык.
Напярэдадні 100-годдзя Кастрычніцкага перавароту яны разам з гасцямі з Мінску ўшанавалі памяць ахвяраў чырвонага тэрору на Вілейшчыне — кіраўніка антыкамуністычнага маладзёвага падполля на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне Расціслава Лапіцкага — ахвярнага 22-хгадовага юнака, які адмовіўся ад прапановы прасіць памілаванне і быў расстраляны 28 кастрычніка 1950 году, а таксама больш за 190 мужчынаў і жанчынаў, забітых у Вілейскім астрозе энкавэдзістамі ў 1939-1941 гадах і перапахаваных на Лясных могілках гораду ў 1995 годзе. Апроч таго, валанцёры на чале з Аляксеем Сюдаком арганізавалі талаку на старадаўніх мясцовых габрэйскіх могілках.
Вандроўкі выставы па краіне і за яе межамі будуць працягвацца.