6 беларускіх піяністаў выдалі сумесны альбом у Баўгарыі
На баўгарскім сеціўным лэйбле Mahorka апублікаваны новы альбом мінскага авант-джазавага ансамблю «Фантастычныя плыўцы».
Дзеля запісу «Фартэпіяннага канцэрту #1» фармацыя набыла выгляд суполкі з шасці незалежных піяністаў. Віктар Сямашка, Мішэль Дайліда, Максім Субач, Дар`я Багаслова, Ільля Сіўцоў і Максім Іўкін па чарзе сыгралі спантанныя мініятуры, зрабіўшы такім чынам два колы. Адзіным абмежаваннем было пажаданне працягнуць думку папярэдніка, каб кампазіцыі сэнсава злучаліся між сабой.
«Ашаламляльны матэрыял, які камбінуе ўмелыя, натхнёныя і па-сапраўднаму кранальныя імправізацыі з вельмі цікавымі і прыгожымі мелодыямі, гармоніямі і рытмічнымі структурамі», ‒ дзеліцца сваімі ўражаннямі кіраўнік лэйблу Mahorka Іва Петраў. ‒ Запіс па-добраму рэзкі, здольны выцягнуць свядомасць і зрабіць слухача ачмурэлым. І ў той жа час музыка пазітыўна наладжвае ды прымушае ўсміхацца. Люблю гэту працу. Яна добра на мяне ўплывае».
Запіс «Фартэпіяннага канцэрту #1» адбыўся напрыканцы 2018 года ў музеі-майстэрні Заіра Азгура. Выхаду альбома папярэднічаў EP «Over Beet», сыграны тым жа складам. Цягам свайго існавання з 2005 года «Фантастычныя плыўцы» выдалі шэраг студыйных і канцэртных альбомаў, у тым ліку серыю Concerto Grosso, пры ўдзеле беларускіх, польскіх і брытанскіх музыкаў.