5 песень на словы Міхала Анемпадыстава, якія варта паслухаць у яго дзень народзінаў
Сёння магло б споўніцца 58 гадоў Міхалу Анемпадыставу, але Міхала няма з намі з 2018 года. Міхал пакінуў пасля сябе значны след у беларускай культуры, часткай якога з’яўляюцца тэксты песень. Некаторыя з іх, вы, напэўна, чулі, але некаторыя, мажліва, і не — прыемнага праслухоўвання!
1. Кася Камоцкая — «Мая краіна»
Песня «Мая краіна» ў выкананні Касі Камоцкай стала гімнам для цэлага пакалення беларусаў, а напісана яна была менавіта Міхалам Анемпадыставым. Праз такую песню, як гэтая, людзі прыходзілі і прыходзяць у беларушчыну. Адной такой песні дастаткова, каб увайсці ў гісторыю беларускай музыкі, але Міхал стварыў значна больш.
2. Народны альбом — «Простыя словы»
Песня, якая ўвайшла ў легендарны «Народны альбом», пэўна, з’яўляецца самай папулярнай на словы Міхала Анемпадыстава. Словы песні можна пачуць як на беларускім тэлебачанні ў рэкламе, так і ў выкананні самых розных беларускіх выканаўцаў — для беларусаў яна стала сапраўды народнай. Хіба вы не чулі гэтых радкоў з песні?
3. Крамбамбуля — «Марскі чалавек»
Адзіная песня з альбому «Каралі раёну» гурта «Крамбамбуля», якую цалкам выканаў Аляксандр Кулінковіч, і ў яго гэта цудоўна атрымалася. Яшчэ адна асаблівасць Міхала — што ён мог складаць файныя песні для розных выканаўцаў, пры гэтым ён добра адчуваў, каму гэтая песня падыдзе, то-бок пісаў для канкрэтнага выканаўцы.
4. IQ48 — «Святло ў цемры»
Гурт «IQ48» мае ў сваёй скарбонцы некалькі песень на словы Міхала, але ў гэтай падборцы выбар спыніўся на песні «Святло ў цемры». Песня, якая дае надзею і веру, абуджае да жыцця і годных спраў.
5. Народны альбом — «Кантрабандыст»
Адным з самых значных праектаў Міхала Анемпадыстава з’яўляецца «Народны альбом». У гэтым музычным праекце ў Міхала атрымалася стварыць міфічны рамантычны свет, альтэрнатыўны савецкаму. Адной з галоўных песень гэтага праекта з’яўляецца «Кантрабандыст» у выкананні Касі Камоцкай.