Жыхару Гальшанаў далі 8 год за «тэрарызм»

Суд Смаргонскага раёна прысудзіў гальшанцу Івану Вярбіцкаму 8 год і 1 месяц узмоцненага рэжыма.

photo_2021_03_15_17_24_55_696x458.jpg

Вярбіцкага абвінавачвалі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. У тым ліку і ў акце тэрарызму. У кастрычніку 2020 года ён пакінуў у тэлеграм-чатах некалькі паведамленняў, у якіх нібыта заклікаў спаліць ашмянскую пракуратуру і аўтамабілі астравецкіх міліцыянераў.
Згодна з абвінавачаннем, 14 кастрычніка 2020 года Іван Вярбіцкі пад нікам «Dimon D» размясціў у двух тэлеграм-каналах Ашмянаў і Астраўца каментары, у якіх застрашваў насельніцтва і дэстабілізаваў абстаноўку ў краіне. У тэлеграм-канале «Ашмяны» заклікаў закідаць пракуратуру Ашмянскага раёна кактэйлямі Молатава, а ў тэлеграм-канале «Астравец для жыцця» заклікаў пашкодзіць маёмасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іх сямей. Абвінавачванне трактуе размяшчэнне каментароў у публічных тэлеграм-каналах як падбухторванне да здзяйснення акту тэрарызму. Вярбіцкага абвінавачваюць яшчэ і ў тым, што 21 кастрычніка ён разарваў пратакол аб ператрусе, а таксама ў незаконным набыцці і захоўванні боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.
У апошнім слове Вярбіцкі зачытаў урывак з «Архіпелага ГУЛАГа» Салжаніцына. Таксама ён падзякаваў родным, валанцёрам, адвакату, журналістам за падтрымку і асвятленне працэсу. Вярбіцкі сказаў, што прызнае сябе вінаватым толькі па знішчэнні пастановы аб ператрусе, папрасіў суддзю залічыць час у СІЗА ў прысуд (там ён правёў амаль 5 месяцаў) і вызваліць у зале суда, а па астатніх артыкулах апраўдаць. Вярбіцкага апраўдалі толькі па артыкуле за захоўванне выбуховых рэчываў і патронаў.
Паводле rh.by