Зняволены ў Расіі Кірыла Сілівончык вярнуўся ў Беларусь: «Мне пісалі з усёй Еўропы»
Грамадзянін Беларусі Кірыла Сілівончык, які адседзеў два гады ў Расійскай Федэрацыі па абвінавачванні ў публічных закліках да тэрарызму за пасты ў сацыяльных сетках, вярнуўся ў Беларусь.
Уезд у Расію яму забаронены на 5 гадоў.
Сілівончык прыляцеў у Мінск позна ўвечары 21 снежня з Масквы. Яго сустракалі журналісты і сястра Кацярына.
Сілівончык распавёў, што з ізалятара для замежнікаў яго везлі 9 гадзін у наручніках.
«Нармальна сябе адчуваю, даехалі без затораў. Ехалі недзе 9 гадзінаў без ежы, без нічога, адзін прыпынак быў. Наручнікі, усё баліць. Такія ўмовы», — сказаў ён адразу пасля прылёту.
Кірыла Сілівончык кажа, што стаўленне да яго з боку расійскіх праваахоўных органаў і супрацоўнікаў калоніі было «паважлівым».
«Стаўленне да мяне было паважлівае, ніякіх катаванняў у дачыненні да мяне ці пагроз у мой бок не было», — кажа ён.
Каментаваць сутнасць сваёй справы і прысуд Сілівончык адмаўляецца, але кажа, што ніколі не думаў, што такое можа адбыцца. «Шмат хто казаў пасля суду, што гэта было заказное, што я пісаў дзеля грошай, — тлумачыць Кірыл. — Але нічога такога не было. Тым не менш я не думаў, што за такое могуць пасадзіць і даць канкрэтны тэрмін».
«Трэба было быць больш разумным і сачыць, што ты сабе выстаўляеш на старонку», — кажа Сілівончык.
Ён адбываў пакаранне ў расійскай калоніі «Сухабязводнае», якая мае сярод праваабаронцаў рэпутацыю адной з самых жорсткіх. Аднак, па словах Кірыла, цяпер сітуацыя там памянялася.
«Гэта была адна з самых жорсткіх, сур’ёзных калоній у Ніжагародскай вобласці, было шмат катаванняў у свой час. Але ў той час, калі я прыехаў, стала трохі лягчэй, і з часам усё лягчэй. Нікога не збівалі, ставіліся паважліва», — распавядае Кірыл.
«Я хачу проста адпачыць», — кажа Кірыла пра свае планы ў Беларусі. — Мне здаецца, што мяне чакае сустрэча з нашымі спецслужбамі, не ведаю, як гэта ўсё абыдзецца, але буду спадзявацца на лепшае».
Беларуская амбасада і консульства, паводле Сілівончыка, не аказвала яму дапамогі: «Консул прыходзіў за дзень да этапу адпраўкі ў калоніі, пацікавіўся, як у мяне справы, і дзе я збіраюся адбываць пакаранне. Канечне, яны курыравалі пытанне, калі я з’еду, дзе я знаходжуся, калі ўжо быў у ізалятары для замежнікаў».
Кірыла Сілівончык падзякаваў усім за падтрымку. Ён лічыць, што распаўсюд інфармацыі пра ягоную справу ў прэсе дапамог яму пазбегнуць перабыванне ў міграцыйнай турме, якое магло зацягнуцца на некалькі месяцаў.
Таксама Сілівончык кажа, што яго моцна падтрымлівалі падчас адбыванне тэрміну пакарання ў калоніі
«У першы час было вельмі шмат лістоў у мой адрас. З любой кропкі Еўропы — Нарвегія, Нямеччына, Літва, Ліхтэнштэйн, Украіна, Беларусь. Я ўсім вельмі ўдзячны, што падтрымлівалі мяне. Было вельмі прыемна», — кажа Сілівончык.
***
Падставай для крымінальнага пераследу Сілівончыка сталі карцінкі, апублікаваныя ім на старонцы ў сацсетцы «УКантакце». На адной з іх быў намаляваны ўкраінскі вайсковец, які завязвае вузлом шыю двухгаловай курыцы, да хваста якога прывязаная ануча з палос белага, сіняга і чырвонага колераў. Сілівончыку інкрымінавалі таксама заклік «Забівай маскалёў». Аднак пазней беларускі праваабаронца Павел Юхневіч сьцьвярджаў, што гэтыя словы не знаходзяцца нават у кэшы старонкі асуджанага.
У верасні 2016 году Сілівончыку было адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні. Акрамя таго, паведамлялася, што ён знаходзіцца на прафілактычным уліку як чалавек, «які вывучае, прапагандуе і вызнае экстрэмісцкую ідэалёгію».
Паводле Радыё Свабода