Што лепш і больш экалагічна: натуральная ялінка ці штучная

Да Новага года ў Мінску плануюць прадаць 27 тысяч натуральных ялінак на 215 адмысловых кірмашах. Такі кірмаш будзе ў кожным раёне горада. 

elka.jpg

Кошты на святочныя дрэўцы: ад 8 да 25 рублёў у залежнасці ад памеру. За год кошты выраслі на 1 рубель. Штучная ялінка ў сталічных крамах каштуе даражэй, у сярэднім ― ад 9 рублёў.

У сацсетках не сціхаюць спрэчкі, што лепш "шматразовая" штучная ялінка ці "аднаразовая", але натуральная? А ў мінчан усё ў большай пашане штучныя дрэўцы, што пацвярджаюць ва ўпраўленні гандлю і паслуг Мінгарвыканкама.

«Гэта індывідуальна ўсё, але па аб’емах у гэтым годзе натуральных ялінак на 10% менш, чым было летась», — адказваюць ва ўпраўленні.

Што ж лепш, разбіраемся разам з эколагамі.

«Лепш, як ні дзіўна, натуральная. З пункту гледжання ўплыву на навакольнае асяроддзе. Але толькі, калі яе набываць у адмысловых для гэтага месцах, калі яе расцілі адмыслова для Новага года. Штучную таксама можна, але пры ўмове, што яна праслужыць больш за 20 гадоў. Пры ўмове, што праз пяць гадоў вы яе не памяняеце. Бо шкода ад штучнай большая. У яе складзе кампазітны пластык, які нельга перапрацаваць», — расказвае Дар’я Чумакова з Цэнтра экалагічных рашэнняў.

Яшчэ адзін з варыянтаў — натуральная ялінка ў гаршку, якую пасля можна перасадзіць. Але шанцаў, што такое дрэўца прыжывецца, мала.

«Калі вы хочаце ялінку ў гаршчку, то трэба за ёй сачыць, яе трэба абпрыскваць і глядзець, каб карані былі вільготныя. Пасля святаў яе трэба паставіць у больш халоднае памяшканне, напрыклад, на балкон. А пасля, як толькі пацяплее, яе трэба перасадзіць», — дадае Дар’я Чумакова.

Некалькі гадоў яна збірала ялінку з таго, што трапіцца пад руку дома. Летась гэта былі упрыгожаныя драбіны. Але сёлета Дар’я хоча ставіць натуральную ялінку.


Мапа калядных кірмашоў у Мінску

Замест ялінкі хатнія расліны ўпрыгожвае кіраўнік праграмы «Гарадскі ляснічы» таварыства «Зялёная сетка» Ігар Корзун.

«У мяне шмат хатніх раслін, дастаткова высокія, цэлы зялёны кут. І навагоднія ўпрыгожванні я размяркоўваю там. Можна кактус ці фікус упрыгожыць, догмы тут няма. Я лічу, што штучная ялінка — гэта ўсё адно смецце, гэта хімічнае забруджванне. Ялінка, якую вырасцілі ў гадавальніку — гэта прамысловая вытворчасць, якая нічога не забруджвае», — разважае Ігар Корзун.

Такім чынам, найлепш, па версіі эколагаў, для святкавання Новага года падыходзяць натуральныя ялінкі ці ялінкі ў гаршчках. А яшчэ лепш — хатнія расліны.

Паводле Еўрарадыё